Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Ты падымешся са мной наверх? — спытала яна.

— Вядома.

Я завёў яе наверх, потым зноў спусціўся ўніз, каб разам з шафёрам занесці чамадан. Калі я вярнуўся, Пат стаяла яшчэ ў прыхожай. Яна размаўляла з падпалкоўнікам фон Хакэ і яго жонкай.

Мы пайшлі ў яе пакой. Быў светлы надвячорак. На стале стаяла ваза з чырвонымі ружамі. Пат падышла да акна і выглянула. Потым павярнулася.

— Колькі часу нас не было, Робі?

— Роўна васемнаццаць дзён.

— Васемнаццаць дзён. А мне здаецца, што шмат больш.

— І мне. Але так бывае заўжды, калі некуды едзеш.

Яна пахітала галавой.

— Не, я не пра гэта…

Яна адчыніла дзверы на балкон і выйшла. Там стаяў, прыхілены да сцяны, белы шэзлонг. Яна падцягнула яго да сябе і моўчкі паглядзела на яго.

Калі яна зноў вярнулася ў пакой, твар у яе змяніўся, вочы пацямнелі.

— Паглядзі на ружы, — сказаў я. — Кёстэр прыслаў. Вось і яго візітная картка.

Яна ўзяла картку, потым зноў паклала яе на стол. Яна зірнула на ружы, але я бачыў, што не заўважыла іх. У думках яна заставалася каля шэзлонга. Яна ўжо думала, што пазбавілася яго, а цяпер ён, магчыма, зноў стане часткай яе жыцця.

Я пакінуў яе з думкамі і не сказаў больш нічога. Спроба адцягнуць яе ўвагу не мела сэнсу. Ёй патрэбна было справіцца самой, і лепш было б, каб гэта адбылося цяпер, пакуль я тут. Нейкімі словамі часова можна было дапамагчы, але калісьці ўсё роўна гэта вернецца, і тады, магчыма, ёй будзе яшчэ цяжэй.

Яна хвілінку пастаяла каля стала, абапершыся на яго і апусціўшы галаву. Потым ускінула вочы і глянула на мяне. Я нічога не сказаў. Яна паволі абышла вакол стала і паклала мне рукі на плечы.

— Мой сябра, — сказаў я.

Яна прытулілася да мяне. Я абняў яе.

— А цяпер — за справу.

Яна згодна кіўнула. Потым рукой адкінула валасы назад.

— Проста нешта найшло… на хвілінку, Робі.

— Вядома.

Нехта пастукаў у дзверы. Служанка ўкаціла чайны столік.

— Гэта добра, — сказала Пат.

— Ты хочаш гарбаты? — спытаў я.

— Не, кавы, добрай, моцнай кавы.

Я прабыў з ёй яшчэ паўгадзіны. Яна замарылася. Я гэта бачыў па яе вачах.

— Табе трэба паспаць, — параіў я ёй.

— А ты?

— Я пайду дадому і таксама крыху пасплю. Потым, гадзіны праз дзве, я прыйду, і мы пойдзем есці.

— Ты замарыўся? — спытала яна недаверліва.

— Так, крыху. У цягніку было горача. А потым мне трэба заскочыць у майстэрню.

Яна больш нічога не пыталася. Была такая змораная, што амаль валілася з ног. Я палажыў яе ў пасцель і накрыў. Яна адразу заснула.

Я паставіў побач з ложкам ружы Кёстэра, а таксама паклаў яго картку, каб ёй, прачнуўшыся, было пра што думаць. Потым выйшаў.

Па дарозе я спыніўся каля тэлефона-аўтамата. Вырашыў адразу патэлефанаваць Жафэ. З дому тэлефанаваць не выпадала. Увесь дом пачуў бы.

Я зняў слухаўку і набраў нумар клінікі. Праз хвіліну Жафэ падышоў да тэлефона.

— Гэта Локамп, — сказаў я і кашлянуў. — Мы сёння вярнуліся, з гадзіну таму назад.

— Вы ехалі на машыне?

— Не, чыгункай.

— Зразумела. Як справы?

— Добра, — адказаў я.

Ён хвілінку падумаў.

— Я заўтра пагляджу фройляйн Хольман. Заўтра ў адзінаццаць раніцы. Вы скажаце ёй?

— Не, — сказаў я. — Не хачу, каб яна ведала, што я тэлефанаваў вам. Яна, напэўна, патэлефануе вам сама. Тады вы можаце ёй сказаць.

— Добра. Так і зробім. Я скажу ёй.

Я механічна адсунуў тоўсты зашмальцаваны тэлефонны даведнік. Ён ляжаў на маленькай палічцы. Над ёй былі алоўкам накрэмзаны нумары тэлефонаў.

— Можна мне заўтра пад вечар забегчы да вас? — спытаў я.

Жафэ не адказаў.

— Мне хочацца ведаць, як яе справы, — сказаў я.

— Заўтра я вам яшчэ не скажу, — адказаў Жафэ. — Мне трэба паназіраць хоць з тыдзень. А потым я вам паведамлю.

— Дзякую.

Я ўсё яшчэ разглядаў палічку. Нехта штосьці намаляваў на ёй. Я разгледзеў тоўстую дзяўчыну ў саламяным капелюшы. «Эла, козачка мая!» — было напісана пад малюнкам.

— Ёй патрэбны цяпер нейкія асаблівыя працэдуры? — спытаў я.

— Заўтра будзе відаць. Але мне здаецца, што дома ў яе добры догляд.

— Не ведаю. Я чуў, што яе суседзі некуды едуць на тым тыдні. Тады яна застанецца адна, толькі са служанкай.

— Праўда? Добра, тады я зайду заўтра і пагавару з ёй і пра гэта.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: