Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
— Божа, гэта ж Юп! — здзіўлена сказаў я.
— Уласнай персонай, пан Локамп, — з усмешкай пацвердзіў Юп.
— А касцюм! Што здарылася?
— Ты ж бачыш, — з задавальненнем заўважыў Ленц, паціскаючы мне руку. — Ён рыхтуецца стаць аўтагоншчыкам. Ужо восем дзён я займаюся з ім. Ён мяне ўпрасіў узяць сёння з сабой. Удалая магчымасць зрабіць першую самастойную дальнюю паездку.
— Усё будзе ў парадку, пан Локамп! — радасна пацвердзіў Юп.
— І яшчэ як! — Готфрыд усміхаўся. — У жыцці не бачыў такога апантанага гоншчыка. У першы ж дзень вучэбнай паездкі ён спрабаваў на нашым старым добрым таксі перагнаць «мерседэс». Закляты малы чорт!
Юп ад шчасця аж упацеў і, нібы молячыся, глядзеў на Ленца.
— Здалося, што я ўтру нос фарсуну, пан Ленц! Хацеў абысці на павароце, як пан Кёстэр.
Я не стрымаўся, каб не засмяяцца.
— Ты нядрэнна пачынаеш, Юп.
Готфрыд з бацькоўскім гонарам пазіраў на свайго вучня.
— А цяпер хапай чамаданы і вязі іх на вакзал.
— Адзін? — Юп як не ўзарваўся ад хвалявання. — Можна праехаць да вакзала зусім аднаму, пан Ленц?
Готфрыд кіўнуў, даючы згоду, і Юп рынуўся ў дом.
Мы здалі чамаданы. Потым забралі Пат і паехалі на вакзал. Мы прыехалі на чвэрць гадзінкі раней, перон быў пусты.
Стаяла толькі некалькі малочных бітонаў.
— Едзьце, — сказаў я, — а то позна даберацеся дадому.
Юп, які сядзеў за рулём, з крыўдай глянуў на мяне.
— Такія словы табе не падабаюцца, праўда, Юп? — спытаў яго Ленц.
Юп выпрастаўся.
— Пан Локамп, — сказаў ён з папрокам, — я ўсё разлічыў. У восем гадзін мы спакойна будзем у майстэрні.
— Правільна! — Ленц паляпаў яго па плячы. — Пайдзі з ім у заклад, Юп. На бутэльку сельтэрскай.
— На сельтэрскую — не, — адказаў Юп. — Але пачкам цыгарэт я рызыкну.
Ён з выклікам глянуў на мяне.
— Ты ведаеш, што дарога ў даволі дрэнным стане? — спытаў я.
— Усё разлічана, пан Локамп!
— Ты пра павароты падумаў?
— Павароты для мяне — нуль. У мяне няма нерваў!
— Добра, Юп, — сказаў я сур'ёзна. — Тады іду на заклад. Але пан Ленц машыну не вядзе.
Юп прыклаў руку да сэрца.
— Чэснае слова!
— Добра, добра. Але скажы, што ты так сутаргава заціскаеш у руцэ?
— Секундамер. Буду засякаць час. Хочацца пабачыць, на што здольная таратайка.
Ленц усміхнуўся.
— Так, дзеткі, Юп узброіўся выдатна. Думаю, што бравы дзед «сітраэн» задрыжыць перад ім усімі поршнямі.
Юп не звярнуў увагі на іронію.
— Тады паехалі, пан Ленц! Заклад ёсць заклад.
— Вядома, мой маленькі кампрэсар! Да пабачэння, Пат! Да сустрэчы, Робі! — Готфрыд уладкаваўся на сядзенні. — Ну, Юп, пакажы даме, як стартуе кавалер і будучы чэмпіён свету!
Юп апусціў акуляры на вочы, кіўнуў нам, як роўня, і на першай хуткасці паскакаў па бруку ў бок шашы.
Пат і я нейкі час яшчэ пасядзелі на лаўцы каля вакзала. Гарачае белае сонца прыпякала драўляную агароджу платформы. Пахла смалой і соллю. Пат адкінула галаву і заплюшчыла вочы. Яна сядзела ціха, падставіўшы твыр сонцу.
— Замарылася? — спытаў я.
Яна пахітала галавой.
— Не, Робі.
— Ідзе цягнік, — сказаў я.
Пыхкаючы, падкаціў паравоз — чорны, маленькі, амаль нябачны ў мігатлівай засмужанай прасторы. Мы селі ў вагон. Пасажыраў было мала. Цягнік, цяжка сапучы, зрушыў з месца. Дым паравоза вялікімі чорнымі клубамі павіс у паветры. Паволі праплывалі пейзажы, вёска з рудымі саламянымі дахамі, лугі з каровамі і коньмі, лес, а потым — домік фройляйн Мюлер у нізіне за дзюнамі — мірны, дрымотны.
Пат стаяла побач са мной каля акна і глядзела ў той бок. На павароце мы наблізіліся — можна было выразна бачыць вокны нашага пакоя. Яны былі адчынены, пасцельная бялізна звісала з асветленага сонцам падаконніка.
— Вунь фройляйн Мюлер, — сказала Пат.
— Сапраўды.
Яна стаяла каля парога і махала нам. Пат дастала сваю хусцінку, і яна залунала з акна.
— Яна не бачыць, — сказаў я. — Хусцінка замалая і затонкая. Вось, вазьмі маю.
Яна ўзяла і замахала. Фронляйн старанна махала ў адказ.
Цягнік паступова выйшаў на прастору. Домік знік, дзюны засталіся за гарызонтам. За чорнай рыскай лесу нейкі час яшчэ паблісквала мора. Яно міргала, як пільнае, заморанае вока. Потым з'явілася пяшчотная залацістая зеляніна садоў, і да самага гарызонту пад лёгкім ветрыкам захваляваліся каласы.
Пат аддала мне хусцінку і села ў куток.
Я закрыў акно.
«Скончылася! — падумаў я. — Дзякаваць богу, скончылася! Гэта быў толькі сон! Закляты, злы сон!»
Каля шасці мы прыбылі ў горад. Я ўзяў таксі і пагрузіў чамаданы. Мы паехалі да Пат.