Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я зноў закрыў даведнікам малюнак на палічцы.

— Вы думаеце, што яна… што такі прыступ можа паўтарыцца?

Жафэ секунду няўпэўнена памаўчаў.

— Вядома, гэта магчыма, — адказаў ён потым. — Але гэта неабавязкова. Я змагу адказаць вам толькі тады, калі добра абследую яе. Я вам патэлефаную.

— Добра, дзякую.

Я павесіў слухаўку. Потым хвілінку яшчэ пастаяў на вуліцы. У паветры віселі пыл і спякота. Я пайшоў дадому.

Каля дзвярэй я сутыкнуўся з фраў Залеўскі. Яна куляй вылецела з пакоя фраў Бэндэр. Убачыўшы мяне, яна затармазіла.

— Вы ўжо вярнуліся?

— Як бачыце. Што-небудзь здарылася за гэты час?

— У вас нічога. І пісем не было. А фраў Бэндэр выехала.

— Няўжо? А чаму?

Фраў Залеўскі стала рукі ў бокі.

— Таму што ўсюды нягоднікі. Яна пераехала ў хрысціянскі прытулак. Са сваёй кошкай і цэлым капіталам — дваццаццю шасцю маркамі.

Яна расказала, што дом дзіцяці, у якім фраў Бэндэр працавала сястрой, збанкрутаваў. Кіраўнік, святар, няўдала спекуляваў на біржы. Фраў Бэндэр звольнілі, ды яшчэ не разлічыліся за два месяцы.

— Яна знайшла сабе месца? — спытаў я, паглыблены ў свае думкі.

Фраў Залеўскі толькі зірнула на мяне.

— Ах, што я, канечне — не, — сказаў я.

— Я ёй сказала, што яна можа спакойна жыць тут. З платай я не падганяю. Але яна не захацела.

— Бедныя людзі ў большасці — сумленныя, — сказаў я. — А хто цяпер паселіцца на яе месца?

— Сям'я Хасэ. Гэты пакой абыдзецца ім дзешавей за гэны.

— А іхні?

Яна паціснула плячыма.

— Паглядзім. Вялікай надзеі, што нехта знойдзецца, няма.

— Калі вызваляецца пакой?

— Заўтра. Хасэ ўжо перабіраюцца.

— А колькі вы хочаце за іх пакой? — спытаў я.

У мяне раптам з'явілася ідэя.

— Семдзесят марак.

— Дарагавата, — сказаў я, разважыўшы.

— З кавай уранку, дзвюма булачкамі і маслам, колькі хочаш?

— Усё правільна. Каву, што гатуе Фрыда, можна не ўлічваць. Пяцьдзесят і ні пфеніга больш.

— Няўжо вы рашыліся здымаць? — спытала фраў Залеўскі.

— Магчыма.

Я пайшоў у сваю каморку і задумліва ўтаропіўся на дзверы ў пакой Хасэ. Пат у пансіёне фраў Залеўскі! Не, горш не прыдумаеш! І ўсё ж праз хвіліну я пастукаў у пакой да Хасэ.

Фраў Хасэ была дома. Яна сядзела пасярэдзіне апусцелага пакоя перад люстэркам, у капелюшы і пудрылася.

Я павітаўся і агледзеўся ў памяшканні. Пакой быў большы, чым я думаў. Гэта можна было заўважыць толькі цяпер, калі частка мэблі была вынесена. Шпалеры былі аднатонныя, светлыя і даволі новыя, дзверы і вокны свежапафарбаваныя, а балкон вельмі вялікі і прыгожы.

— Вы, пэўна, ужо чулі, як ён цяпер рашыў насаліць мне, — сказала фраў Хасэ. — Я мушу перасяліцца ў пакой той асобы! Якая ганьба!

— Ганьба? — спытаў я.

— Так, ганьба! — раздражнёна ўсклікнула яна. — Вы ж ведаеце, што мы не трывалі адна адной, а цяпер Хасэ прымушае мяне пераехаць у яе пакой без балкона і толькі з адным акном. Толькі дзеля таго, што там дзешавей! Уяўляеце сабе, як яна радуецца ў сваім царкоўным прытулку!

— Не думаю, што яна радуецца.

— Не, не — радуецца, гэтая ўяўная дзіцячая сястра, гэтая ціхоня, якая прайшла агні і воды! А тут яшчэ гэтая какотка, гэтая Эрна Бёніг. І кашэчы смурод!

Я здзіўлена падняў вочы. Ціхоня, што прайшла праз агні і воды? Дзіўна: чалавек, лаючыся, робіцца новым і вобразна выразным! Якімі вечна аднолькавымі былі выявы любові — і якая разнастайная палітра праклёнаў!

— Кошкі вельмі чыстыя і прыстойныя жывёліны, — сказаў я. — Я, дарэчы, толькі што з таго пакоя. Кошкамі і не пахне.

— Няўжо? — не паверыла фраў Хасэ з непрыязнасцю ў голасе і паправіла капялюш. — Гэта, відаць, як на які нос. Але я і не думаю ўмешвацца! Няхай сам цягае мэблю! Я пайду з дому! Хоць гэта дазволю сабе пры такім сабачым жыцці.

Яна ўстала. Яе азызлы твар так дрыжаў ад злосці, аж пудра сыпалася. Я заўважыў, што яе вусны вельмі ярка былі нашмінкаваны. Ад яе пахла як з парфумнай крамы, калі яна, шоргаючы сукенкай, прайшла міма мяне.

Я разгублена зірнуў ёй услед. Потым я яшчэ раз агледзеў пакой. Я раздумваў, як тут расставіць мэблю Пат. Але неўзабаве я прагнаў тыя думкі. Я не мог сабе ўявіць Пат — тут, заўсёды тут, са мной! Да гэтага я і не дадумаўся б, каб яна была здаровая. Але цяпер… я адчыніў дзверы і памераў балкон. І зноў пахітаў галавой і вярнуўся ў сваю каморку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: