Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Так, — сказала яна.

— Ну вось. А хіба каханне гэта тое? Каханне — гэта як старое чэмбала. Яго на гару не выкінеш, як непатрэбшчыну. Яго любяць нават праўнукі за тое, што яно грэла дзядоў.

Абняўшы яе, ён спытаў:

— Дык як?

— Не ведаю.

— Забіце мяне, але я не магу без вас.

Прынiкла галавою да яго грудзей:

— Я… не збіраюся вас забіваць. Прыходзьце да мяне сёння. У шэсць.

— Чакаць мне вас? Працаваць мне для вас?

— Чакайце, — выдыхнула яна. — Працуйце.

Прыціснуўшы яе да сябе, адчуваючы, як яна дрыжыць у яго руках, зусім як дзяўчынка, ён цалаваў на марозе яе халодныя вочы.

Р а з д з е л XX

Яны сядзелі ў адным глыбокім-глыбокім крэсле… У прыцемку пакоя лямпа ледзь прабівала праменні праз глухі абажур; са сцен, як праз цёмную ваду, глядзелі на іх размытыя твары. А за акном, за яго замарожанымі шыбамі, стаяў халодны поўны месяц і таксама глядзеў на іх праз зарасці алмазных пальм, зор, кветак дзівоснай чаканкі па срэбру.

— Ну што, мой родны, што, мой хлопчык?

Такой пяшчоты ў яе голасе ён яшчэ ніколі не чуў. І яго рукі, што дагэтуль падтрымлівалі цяжкі вузел яе валасоў, цяпер слізганулі ўніз і абнялі тонкія плечы. Яны былі такія жаданыя і маленькія і тонкія, гэтыя плечы, такія тонкія і маленькія і жаданыя былі яны…

— Кветка з шэраню, — бязгучна сказаў ён, глёдзячы на яе закінуты твар. — Месяц мой Месяцовіч… Пальцы мае.

Яму здалося, што яна вось-вось расплачацца.

— Пойдзем адсюль, — горача і ўмольна сказаў ён.

— Калі б у мяне, хоць пяць год… Пайшла б не думаючы, адразу.

— Буду чакаць. Усё адно не пайду. Няма ад вас дарогі.

— Гэта па-беларуску?.

— Гэта па-чалавечы, — ціха і ўладна сказаў ён. — I вы — лепшая за ўсіх.

Грудзі яе сутаргава пашырыліся, уся дрыжучы, яна адкінулася ад яго і абвяла дзікаватым позіркам сцены, лікі на іх, італьянскі стол. Словы, якія яна сказала потым, вырваліся, здаецца, з самага, сэрца:

— Андруша, мілы… Як я сябе ненавіджу за ўсё гэта, — і павяла слабай рукой: — Як ненавіджу.

— Не смейцё. Вы… дарагі чалавек. Ёсць вы ў свеце — і свет не пустыня.

У яго дрыжалі рукі, звінела ў галаве. А яна гладзіла яго валасы.

Дзіўна, але ён, абдымаючы яе ўсю, не адчуваў да яе ніякай цягі. Толькі ўсхваляванае заміранне ў грудзях і неймавернае шчасце, што яна поруч. Быццам была забарона на ўсё астатняе, пакуль месяц не ўпадзе на іх першым промнем. I гэта не здзіўляла яго.

Яе пашыраныя вочы глядзелі на яго мякка і спачувальна:

— Дык вы так мяне кахаеце?

Андрэй увесь здрыгануўся. I тады, з вільготнымі вачыма і небывалай ласкай у голасе, яна сказала:

— Ну што мне з вамі рабіць, мой родны. Відаць, нічога не зробіш.

Прыклала вузкую далонь да яго грудзей, злева, і сказала:

— Бедны… Ну, ідзіце ў той пакой… Ідзіце.

…Ужо лежачы на тахце ў суседнім пакоі, ён з заміраннем сэрца чуў гукі, што даляталі з гардэроба. Упаў туфель… Не, нешта здарыцца… Нешта перашкодзіць… Другі туфель… Гэта немагчыма… Шолах сукні.

А потым грудзі яго перарывіста ўзняліся. У цемры плыло насустрач яму нешта празрыстае, невыразнае ў косых праменнях месяца.

Прывід набліжаўся. I ён працягнуў руку ў цемру, насустрач яму з такім лікуючым чаканнем, што, здавалася, сэрца разарвецца ад шчасця.

Нахілілася. Дакранулася да яго нечым абвалакальным, як воблака. А потым прылегла, і Андрэй адчуў, як пабеглі па яго цёплым плячы яе валасы, як падаліся яе грудзі, адчуў усю пяшчотную прахалоду яе бязважкага цела аж да маленькіх, цвёрдых пальчыкаў ног.

Ён павярнуўся на бок і паклаў руку ёй на спіну. I ад гэтай прахалоды ток пабег па яго целе.

Убачыў блакітны, трохі больш за ўсё астатняе асветлены нос, цёмныя прадонні насцярожаных вачэй і пацалаваў…

…Свежы, як падснежнік, смак яе рота.

Адчуваў яе на ўсю даўжыню яе вузкага і моцнага цела, бачыў снежныя грудзі. I, адразу за мурашкамі ад яе прахалоды, усё нутро яго пакутліва пацягнулася да яе.

Быццам шукаючы ў яго паратунку, уся дрыжучы, яна прыціскалася краёчкам вуснаў і скроняй да яго пляча, і тады ён абняў яе так, быццам хацеў усімі грудзьмі ўвайсці ў яе грудзі.

Дрыжалі на шыбах бліскучыя іскры, і снежная папараць схілялася на іх, і такога не было ніколі і ні з кім, а яна была як першая і пажаданая больш за ўсіх.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: