Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Вы літаратурны крытык. Значыць, прэтэндуеце на званне чалавеказнаўцы. Цярпімага і спачувальнага, Дык успомніце хаця б перадваенныя літаратурныя… гм… дыскусіі. Тыя людзі… Яны ў труне перавярнуліся б, каб маглі пачуць ваш цынізм! Адной душы бязвінна загубленай хопіць, каб ніколі не забыць.

Пружынін малінавай чырванню наліўся: "Хлапчынка, дэмагог! Зрабіце спачатку столькі, сколькі мы, я, сколькі ён". А Андрэй: "Я не збіраюся рабіць тое, што ён. I за добрае і за злое — бог і людская памяць яму суддзі. Але я не хачу, каб мяне ўспаміналі, як яго і яшчэ некаторых, Я выхаваны зусім у другіх правілах і не хачу быць прайдзісветам, які робіць першым героем рускай гісторыі апрычніка, бо адчувае сваё ўнутранае падабенства з ім". Пружынін выскачыў з аўдыторыі і пабег скардзіцца да дырэктара. I вось…

— Можа скончыцца дрэнна.

— Што? — яна падалася наперад, не заўважаючы, што накідка спаўзла з яе плячэй на падлогу. — Вы сапраўды так думаеце?

— Так, — кiўнуў Янiс.

Слупок сіняватага попелу, што нарос на цыгарэце, упаў на падлогу,

— Дрэнна, — сказала яна.

…Якраз у гэты час Андрэй сядзеў у невялiкiм кабiнеце дырэктара. За акном ляжаў адлiжны сiняваты скверык, там вецер хiстаў мокрыя верхавiны дрэў, а тут было цiха i як быццам глухавата.

За сталом, насупраць Андрэя, сядзелі і моўчкі глядзелі на яго некалькі чалавек. Пружынін, грузлы і сівы, нервова курыў. Поруч з ім сядзеў дырэктар з жаўтаватым стомленым тварам, яўна хваравітым. Вочы яго за шклом акуляраў здаваліся ненатуральна вялікімі, глядзелі на Андрэя з уважлівасцю і нейкім нават грэблівым шкадаваннем. Далей машынальна маляваў чарцянят на клапціку паперы выкладчык Маркаў, па-за межамі інстытута нядрэнны крытык. Хітраваты, з сівінкаю ў цыганскіх валасах, ён зрэдку кідаў на Андрэя вясёлыя позіркі, быццам, казаў: "Што, брат, уліп? Не бянтэж дзядзяў. Дзядзі ціхага жыцця прагнуць".

Быццам нічога не здарылася, сядзеў намеснік дырэктара Копцеў. Андрэя заўсёды нават у нейкае замілаванне прыводзіла вытанчаная інтэлігентнасць яго аблічча, аксамітна-цёмныя, жывыя вочы, рукі артыста. Ды ён і сапраўды быў падобны на нейкага вядомага артыста… Аксёнаў, ці што? Або, можа, нехта з амерыканцаў. Закінуў нагу на нагу, пагойдвае ступою ў люстэркавым туфлі і стракатай шкарпэтцы. Хоць глядзіся ў туфель, быццам і няма на вуліцы слаты.

А ў куточку, у крэсле, прымасціўся гнуткі і ўвесь нейкі моцны, як стылет, дацэнт Бічыкашвілі. Гэты глядзіць таксама даволі непрыхільна. I чырвоныя вусны жорстка складзены пад вусамі.

— Ну, — парушыў цішыню дырэктар, — раскажы ты нам, Андрэй, як гэта ты дайшоў да жыцця такога?

— Да якога жыцця? — спакойна сказаў Андрэй. — Нічога, здаецца, не адбылося, Сказаў тое, што думаў.

— I не сорамна? — з дакорам спытаў Копцеў.

— Які ў іх у халеры сорам! — пачырванеў Пружынін. — Святога ў іх нічога за душою няма. Лічаць, што мы ўсе дурні.

— Не ўсе, — сказаў Андрэй.

— Вы чулі? — здзіўлена абвёў усіх позіркам Пружынін. — Вось яно. Нігілісты нейкія.

— А я не ведаю, чаго слова "нігіліст" павінна быць лаянкай. Мне здаецца, Тургенеў укладваў у яго другі сэнс. Базараў, між іншым, таксама быў "нігілістам". Ну, скажам, Тургеневу ён быў несімпатычны. Мне, калі шчыра казаць, таксама. Але яго зрабіў час. I аб'ектыўнаму гэтаму часу ў вышэйшай ступені напляваць на вашы і мае сімпатыі і антыпатыі. Гэтым словам можна пахваліць, а можна і аблаяць, гледзячы на тое, хто і супраць каго яго ўжыў. А прафесар Пружынін робіць з яго нейкае пудзіла.

Маркаў скрушліва пахітаў галавою.

— Але мы нігілісты не ў тым сэнсе, — пасля паўзы прадоўжыў Грынкевіч. — Мы верым у свой край, і ў нашу працу, і ў патрэбнасць яе для радзімы. Мы толькі не верым вам, прафесар. Магчыма, вы і добры чалавек, але слухаць такія вашы выказванні нам неяк сорамна. Прабачце на гэтым ужо.

— Вы думаеце, што вы гаворыце? — ціха спытаў дырэктар. — Ёсць людзі разумнейшыя за вас, і яны лічаць, што гэты чалавек меў заслугі. А паэт Грынкевіч дазваляе сабе не быць адной думкі з гэтымі людзьмі.

Андрэй глянуў у яго ненатуральна вялікія вочы:

— Ды i вы ж не адной думкi з iмi.

Дырэктар апусціў вочы.

— Якой я думкі наконт гэтай асобы — гэта мая справа, — буркнуў ён.

— Не, вы глядзіце, — сказаў Пружынін, — глядзіце, якія яны! Раней вы, пэўна, іначай думалі, дыфірамбаў не спявалі толькі таму, што не паспелі, а зараз…

— Я ў тыя часы думаў тое самае. Гэтаму ёсць мноства сведкаў, - спакойна сказаў Андрэй. — Я толькі не ведаў усяго. Але я адчуваў, што нешта няладна.

— Бачыце вы… Касандра-прарочыца, — сказаў Пружынін.

Маркава перасмыкнула ад голасу Пружыніна.

— Паспакайней бы вы, прафесар, — сказаў ён.

— Вы таксама… шаноўны… маглі б сесці поруч з ім.

— Я сядзеў, - сказаў Маркаў, - але, на шчасце, не поруч з гэтым хлопцам. Я сядзеў за тое, што быў супраць Іванова, а потым даведаўся, што Іваноў, здаецца, сядзеў за тры камеры ад мяне.

Копцеў засмяяўся.

Дырэктар закрыў вусны рукою, але вочы яго смяяліся таксама.

— Андрэй, — сказаў Копцеў сваім мяккім, вельмі ласкавым тонам, — вы павінны папрасіць прабачэння ў прафесара, і тады справа не выйдзе з гэтага кабінета.

— Я гатовы, — сказаў Андрэй, — я дапускаю, што мог па-чалавечы пакрыўдзіць прафесара Пружыніна, і гатовы ў гэтым прынесці свае прабачэнні. Але толькі ў тым выпадку, калі прафесар прынясе прабачэнні аўдыторыі.

— Гэтага ніхто не будзе рабіць, — сказаў дырэктар.

— А шкада, — сказаў Маркаў. — Гэта было б па-джэнтльменску. Узаемна. I ні стуку, і ні груку.

— Не, — сказаў дырэктар.

— Тады i я — не, — скалануў галавою Андрэй.

Запанавала маўчанне. Яніс, гаворачы такое ў Горавай, меў рацыю. Ні яны ўсе, ні вучоны савет не ведалі той вясною, а што ім далей рабіць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: