Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Я не звышчалавек, — сказаў Андрэй. — Я проста мецэнат. Я сердабольны стары кавалер, якому нясцерпна глядзець на пакуты галадаючага чалавецтва. Я дам вам частку сваіх нарабаваных дывідэнтаў… А цяпер давай чайнік.

Спрытна арудуючы адвёрткай, ён пакалупаўся ў вантробах чайніка і сунуў штэпсель у разетку.

— Ну вось, зараз будзем піць чай… калі, вядома, кампанія захоча гэтага… Ну дык што, цягнем запалкі, каму пабегчы? Сібірскі закон?

— Не, — сказаў Аленін, — бадай, давядзецца бегчы мне. Не будзем выпрабоўваць лёс. Не хапала яшчэ, каб мецэнаты бегалі па гарэлку для сваіх кліентаў.

I, звярнуўшыся да Андрэя, Пятроўскі сказаў:

— Вас даўно не было, Андрэй. А мы вельмі чакалі. Не прыміце за камплімент, але вы спадабаліся тут. Мы нават падрыхтавалі вам падарунак. Але вас так доўга не было, што сёння той-сёй прапанаваў здаць яго ў антыкварыят.

— Змоўч, — басам сказаў Яхненка. — Не ў антыкварыят, а ў ламбард. Выкупілі б потым.

— Хлопцы, — сказаў Андрэй, — нашто гэта? У мяне пакуль што ёсць грошы. У мяне ўзялі сцэнарый і п'есу, а грошы, выявілася, мне зараз зусім непатрэбны.

Ён не вельмі весела ўсміхнуўся.

— Цяжка камусь — бярыце. Пад вексель будучай славы кожнага. Выб'ецеся ў людзі — падорыце па эцюду. Я стану ганарыцца знаёмствам з вамі.

— Ты дурань, — сказаў Яхненка, — ты вялікі добры дурань! I ты нічога не разумееш ні ў псіхалогіі, ні ў дзяўчатах, ні ў сябрах… Глянь лепей сюды. Гэта зрабілі для цябе Петрык з Аленіным, сабака ты. Кожны намаляваў каго хацеў. I ніхто не шкадуе, дорачы гэта табе.

Упала завеска з невялікага палатна. Андрэй, гледзячы на яго, з цяжкасцю падавіў уздых. На палатне быў салатна-зялёны, росны, увесь у сонечных зайчыках сад, трава, у якую нехта густа сыпануў залатымі манетамі адуванчыкаў. А на траве сядзелі дзве дзяўчыны. Гэта было нешта накшталт гагенаўскай ідыліі, толькі самая ідылія была мяккая, размытая, паўночная, без уласцівых поўдню грубавата-кафейных і глянцава-зялёных адценняў. Трапяткая, здаецца, ледзь дыхаючая, родная зеляніна першых дзён лета.

Адна дзяўчына сядзела ў траве, матаючы на рагульку воўну. У свежым твары, у кароне залацістых валасоў, у белай, трохі занадта па-маскараднаму простай сукенцы было нешта засцянковае, міла старамоднае.

Другая, у значна больш сучасным уборы, не такая прыгожая, але адухоўленая, сядзела на зэдлічку, гледзячы кудысь паўзверх раскрытай кнігі. Вусны няўлоўна ўсміхаліся, але ў схіленай, быццам пад цяжарам вузла валасоў, галоўцы, у шэрых вачах быў сум.

Ганна і Ірына. Два бакі адвечнага, прага якога заўсёды жыве ў мужчынскім сэрцы. Андрэю на імгненне аж подых перахапіла, так гэта было зроблена, так хацелася павесіць гэта ў сябе. Але амаль адразу ёй сказаў ціха:

— Дзякуй, хлопцы. Гэтага не забуду. Але нашто мне гэта зараз!

— Дурань, — нячутна сказаў Яхненка. — Ты нічога не разумееш. Не крыўдзі іх і нас.

— Добра, — адказаў Андрэй.

Амаль адразу ён адчуў на спіне чыйсьці позірк. Павярнуўся. Ганна стаяла ў дзвярах. Двайнік той, з карціны, але куды больш прыгожая. I, калі яна сустрэла яго позірк, нейкае нязвыклае сяйва з'явілася ў яе вачах.

— Андруша… О то ж бо вельмі даўно хацела вас бачыць… Пакіньце ўжо гэтых бэйбусаў адных, заходзьце на пару хвілін да мяне.

— Дык што, хлопцы, — спытаў Яхненка, — адпусцім яго на пяць хвілін?

— На дзесяць, — сказаў Пятроўскі, - пакуль не прыйдзе Аленін.

…Грынкевіч упершыню быў у гэтым маленькім пакойчыку са шкляным ліхтаром, што выдаваўся ў сад. Амаль чвэрць пакоя займала тахта, потым былі яшчэ кніжныя паліцы, стол і глыбокае мяккае крэсла.

Ганна была ў просценькай блакітнай сукенцы, нейкая хатняя, вельмі змарнелая і ад гэтага яшчэ больш свойская і гожая.

— Сядайце, дзікун палескі, - сказала яна. — Скідайце пінжак, тут горача. Адчувайце сябе як дома…

Андрэй сеў. Яна выцягнула з аддзялення сэкрэтэра пузатую бутэльку французскага каньяку.

— "Камю", — сказала яна. — Калі ўжо на маю думку, дык дрэнь страшэнная, але больш нічога няма.

Нейкім прасцецкім жэстам пашкрабла пад патыліцай, дзе, як у дзіцяці, кучаравіліся залатыя валосікі.

— А закусваць?.. Ага, здаецца, нешта ёсць.

I дастала вазачку з засмяглымі палачкамі каўказскай чурхелы, якая залацілася інжырнымі зернейкамі.

— А хлопцы «анчоусы» елі, - падкалоў Андрэй.

— Гэта ім не ў каня пакорм, — сказала Ганна.- I да таго ж яны тут амаль кожны дзень, а ваш голас я пачала забываць.

Яны чокнуліся келіхамі, шкло якіх здавалася вясёлкавым, як мыльная бурбалка.

— За вас.

Ганна, відаць, любіла колер асенніх лісцяў. Гэты пакой таксама быў вытрыманы ў іх адценнях. I абажур клаў на ўсё гэта цьмяны аранжавы адбітак, рабіў яе валасы зусім залатымі, а твар зусім янтарным.

— Вы былі ў вёсцы? — сказала яна. — «Распавядайце».

— Быў, але нічога не бачыў. Падарваўся працуючы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: