Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Што вы мне прывезлі адтуль у падарунак?

— Прывёз, — сказаў Андрэй. — Але я не думаў заходзіць да вас сёння. З сабою няма.

— Што?

— Дзве сапраўдныя народныя выцінанкі. А для душы слоік бруснічнага варэння.

— З грушамі?

— Угу.

— Гэта праўда? — яна глядзела на яго вельмі сур'ёзна.

— Як бога кохам.

— Вы заўсёды памятаеце аб усіх… Бог ты мой, бруснічнае варэнне! Ненавіджу ўсе гэтыя гарадскія «Ружы» і "Дыні". Каб яны папрахлі дзе былі… Ах, як журавіны растуць! На зялёнай нітачцы, нябачныя ў імхах.

— Не пакутуйце вы так, — сказаў Андрэй. — Кіньце ўсё і з'ездзіце на спатканне з пералескамі.

— Хіба так проста? — сказала яна. — Не, гэта, што вакол, — яно трымае. Яно не выпусціць.

— Што з вамi? — спытаў Андрэй. — Скажыце мне.

Яна агледзела яго нават з памяркоўнай усмешкай.

— А вы і сапраўды на зайздрасць румяны і здаровы правінцыял, які дарваўся нарэшце да горада.

— Што з вамі?

— Нічога. Лепей давайце вып'ем… Ну вось… Што з вамі здарылася?

— Сёння лаялі на савеце.

— Цяжка?

— Цяжка.

— А ў астатнім?

— У астатнiм таксама цяжка, — прызнаўся Андрэй.

Бровы Ганны здрыгануліся:

— Нясцерпна?

— Амаль нясцерпна, Ганна.

Яна склала рукі на каленях. Наступнае, відаць, каштавала ёй цяжкіх намаганняў:

— Вы пыталіся, што са мной… Добра… скажу… — Памаўчала. — Прынцыповая старая дзеўка, здаецца, нарэшце пакахала.

— Дык гэта ж вельмі добра, — сказаў Андрэй.

— Гэта вельмі дрэнна, — сказала яна.

— Чаму?

— Таму, што ён ніколі не пакахае мяне.

— Хацеў бы я пабачыць, які гэта дурань можа не пакахаць вас. Скажыце мне, я з ім тады пагавару.

— Андруша, — сказала яна, — вы такi недалёкi?

Толькі тут у Андрэя міжвольна пачырванеў твар.

— Няўжо?..

— Так, — проста сказала яна. — I я ніколі не сказала б вам гэтага, каб не бачыла, як вам цяжка. Я ведаю, гэта не надае прыгажосці дзяўчыне, такія прызнанні… Але я падумала, — а можа, вам будзе лягчэй… Няма нічога, чаго я не зрабіла б для вас… Калі вас можа трошкі суцешыць гэта — я… мне больш нічога не будзе трэба.

Глыбока расчулены, Андрэй глядзеў на яе схіленую галоўку.

— Вы лепшая дзяўчына на свеце, — сказаў ён са спазмаю ў горле.

— I ўсё ж вы кахаеце не самую лепшую?

— Так. Я кахаю не самую лепшую.

— Ну вось, — сказала яна быццам з палёгкаю, хоць вочы яе блішчалі, - я прызналася, але з гэтага нічога не вынікае, Андруша. Я проста буду, не спадзеючыся залішне, быць недзе поруч. Буду заўсёды дапамагаць вам. Зраблю ўсё, каб вы былі з Ірынай…

— Гэтага не будзе, — сказаў ён. — Яна чужая. А ад вас я ніколі не прыму такой ахвяры.

— Які вы дурны, — нейкім танюткім, птушыным галаском сказала яна. — Што вы разумееце ў ёй? I як вы можаце думаць, што мне гэта будзе цяжка?! Для ўсяго, што цяпер ажыло ўва мне, гэта не ахвяра, гэта… радасць. I вы не пакутуйце маім болем, Андруша, не ўнікайце мяне. Прыходзьце, калі шчаслівы, прыходзьце, каб паскардзіцца. Я буду бязмерна рада.

— Але ж вам цяжка…

— О то ж, — з сумнаватай усмешкай сказала яна. — А між тым, яно… як у раю ды на краю, то лепей у пекле на сяродцы.

— За што вы мяне так?

— Хіба я ведаю? Але з першым вашым прыходам, як свежым ветрам пранесла па пакоях. Быццам у камяніцу ўнеслі кавалачак зусім іншага жыцця.

— Даруй мне, Ганна, даруй.

— Што ты? — сказала яна прасветлена. — Хіба ты вінен?

Бязважка гладзіла яго валасы.

— Ну вось. Ну вось і супакоіўся. Ты не думай — гэта шчасце. Бо я ўжо зусім перастала спадзявацца, што гэта можа прыйсці. Ідзі зараз. Ідзі да іх. Аленін ужо прыйшоў. Чуеш смех? Я зараз таксама выйду. Толькі пераапрануся. Мне трэба быць прыгожай, каб табе заўсёды хацелася гаварыць са мной.

Р а з д з е л XXV

Бурхлiвая, утрапёная прыйшла ў той год вясна. Усяго за некалькi дзён не па-веснавому цёплае сонца з'ела снег. Бэзавай парай дымелi, прасыхаючы, тратуары. Трава ў парках так буяна лезла з зямлi, што прабiвала бурае, сятчастае мiнулагодняе лiсце. Пасля палiто не спатрэбiлася нават плашчоў, i таму асаблiва лёгка было iсцi па вулiцах, пругка скакаць на панелi, слухаць з адчыненых вокан гукi радыёлы. Нават цвiценне чаромхi не дало вельмi халодных дзён.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: