Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

"Дарагая мая, бывай!

Калі ты атрымаеш гэты ліст — я ўжо буду далёка, і мы ніколі не пабачымся. I цяпер, калі ты ўжо не зможаш падумаць, што я нешта хачу змяніць, я змагу хоць у пісьме пісаць усё, як ёсць, не баючыся, што ўсё гэта будзе растлумачана неяк не так.

Я іду не толькі таму, што ў нас з табою здарылася так, што ты не кахаеш мяне. Ёсць іншыя прычыны, якія жылі даўно, а сёння авалодалі мною.

Я не буду казаць табе аб сваім болю. Ты была маім шчасцем, я даводзіў гэта словам і справай і ведаю — ты не скажаш, што гэта простая балбатня.

Не ведаю, чаму ўсё так скончылася. Ведаю толькі, я кахаю цябе да канца, як кажуць: ты на той свет, і я ўслед. Ты называла мяне "лёгкім чалавекам". I ты не ведала, што ніхто не стаў бы шукаць новую зорку пасля цябе. А я тым больш, бо я ведаю сваю кроў. Мы вельмі стрЬыманыя і вельмі верныя людзі.

Ты неяк была ў непаразуменні, што я не ўмею і не люблю казаць "аб сабе". Ну што ж, каб усё было ясна — давядзецца сказаць пару слоў. Апошніх. Усе вы — і ты таксама — бачылі, як я спяваў, як цягаўся па вуліцах, і ніхто не думаў, што я, якога "нельга ўспрымаць сур'ёзна" (твае словы Ганне), — чалавек цяжкага лёсу, чалавек, што нясе нікому не патрэбны цяжар, які трэба было б трымаць многім-многім. Супраць гэтага не папрэш, і ў сэрцы маім няма ні нянавісці, ні ярасці. Толькі стома, якая ўсё расце.

Нічога гэтага не было б, калі б ты была поруч. Не было б чалавека, мацнейшага за мяне. Але зараз позна казаць пра гэта, дый апошняе, што засталося — годнасць, — не дазваляе.

Бывай. Хай лёс збірае каменні з тваіх шляхоў. Абы толькі табе было светла. Апошні раз цалую на развітанне твае рукі і вочы, любы мой снягір. Той, якога мне якраз і не хапіла".

Перачытаў. Што ж, класічны ліст самазабойцы. Праўда, няясна, што чалавек збіраецца рабіць з сабою, але гэтага і не трэба. Не да сантыментаў. Падумаеш, лірычная сліна, "юнкер Шмидт из пистолета хочет застрелиться".

…Лісты трэба пакласці на стол. Чорт, а гэта што за ліст? Ага, пэўна, калі спаў, нехта прынёс яго ў пакой. Ні ён, Андрэй, ні Яніс ніколі не замыкаюць дзвярэй.

Андрэй разарваў канверт. Ліст быў ад Якуба Каптура, з Мінска. Надзвычай добры чалавек гэты дзядзька Каптур, і надзвычай добры пісьменнік. У апошні свой прыезд ён, Андрэй, быў у яго дома. Ладна выпілі, учынілі "вечар забытага раманса". Спявалі такія песні, якіх, пэўна, не помніць ніхто: і беларускія, і рускія, і польскія. Гэта быў добры вечар. Андрэй тады на падпітку абмовіўся Якубу аб сваёй "трагедыі". «Стары» страшэнна ўсхваляваўся, хоць і хаваў узрушанасць за вечнай сваёй іроніяй. Шкада «старога». Добры чалавек!

"Дарагі Андруша, дарагі ты мой хлопча!

Я заўсёды, пачынаючы з першых тваіх вершаў і нашай з табою сустрэчы ў цэнтральным кніжным магазіне, думаю пра цябе з добрай усмешкай, як пра малодшага брата, ад якога вельмі многа спадзяюся. Малодшым лічу цябе не толькі таму, што нарадзіўся ты трохі пазней за мяне, а таму, што ўсміхаешся ты вельмі молада, чыста, што абяцаеш ты вельмі многа, што зробіш ты многа, хоць і б'еш часамі ў хамут, пераступаеш цераз пастронкі, а гаспадару гэта не вельмі, як вядома, падабаецца… Людзі, якіх мы любім, любяць цябе.

Ну дык чаго ж ты, юнача, так затузаўся, апусціў крылы? Гарэць — гары, але і кнот свайго свяцільніка сам падкручвай… Ты, відаць, не быў бы са мною шчырым, каб не тое, што і я не люблю кан'юнктуры, што і мне бывае таксама цяжка, і даволі часта, і даволі адчувальна. Дык і павер, што я не апрошчваю, не зніжаю, а стараюся вышукваць і знаходзіць першапрычыны…

…Мне цяжка гаварыць аб гэтым… Палічы сабе ты мяне бурклівым дзядзькам, палічы нават пашляком, але, слухаючы твае словы, я міжвольна думаў: колькі харошых, мілых, цудоўных, юных, разумных істот марыць недзе сустрэцца з такім чалавекам, як ты, дарагі мой дзівак, паэт, сумленны чалавек!.. Нават і ў маім узросце цяжка бывае, а то і немагчыма, акрэсліць, размеркаваць сваё і чужое — пазнаць, наколькі ў прадмеце нашага захаплення сапраўднай прыгажосці, а колькі нашага ўяўлення, прыхарошвання звычайных спраў паўлінавым пер'ем закаханасці. Даруй за грубасць, але гэта праўда. Праўда, і маё братняе жаданне — каб ты не браў на сэрца сваё непасільнага цяжару, каб ты не йшоў без патрэбы па лініі найбольшага супраціўлення, каб ты прасейваў пачуцці свае праз няўмольнае сіта жыццёвай мудрасці, якая — не заўсёды проза. Я не да разважлівага эгаізму клічу, а да чысціні пачуццяў, да як найбольшай увагі да чалавека, да справы святой, якой ты ўжо не маеш права не служыць… Зрэшты, даруй, браток, і трымайся на вышыні!..

Я буду невымоўна рад атрымаць ад цябе радаснае разумнай радасцю, спакойнае вялікім спакоем пісьмо.

Цалую цябе па-брацку.

Якуб Каптур".

Андрэй сядзеў, звесiўшы рукi з Каптуравым пiсьмом памiж каленяў, i няўлоўна ўсмiхаўся. Ён вельмi любiў гэтага чалавека, але так, як сёння, — нiколi. Вельмi шкада, што давядзецца засмуцiць яго, зрабiць яму балюча, ды яшчэ як. Ён харошы, у яго моцная рука, ён такi грубавата-разумны i дасцiпны.

Але ён не бачыў марозных пальмаў тады, на шыбах… Добры чалавек. Добры да добрых, злы да злых. Сапраўдны чалавек. Гэты не даруе. Таму, што сам і ў цяжэйшых выпадках заўсёды трымаў сябе мужам…

Шкада, што Якуб, пэўна, плюне, даведаўшыся аб усім, назаве яго, Андрэя, бабскай спадніцай і дурнем, а яе, пэўна, сцервай або яшчэ горш.

Да слёз шкада Каптура. Памятаў, думаў аб ім. I Андрэю раптам так захацелася пабачыць Яніса. Ну што будзе, калі ён, Андрэй, паглядзіць на яго яшчэ пяць хвілін? Апошніх. Яніс не зачыняе дзвярэй таксама. Андрэй паглядзіць на яго, спячага, а потым пойдзе насустрач лёсу. Яніс жа таксама, як і Каптур, думаў аб ім і тужыў яго болем.

…Ён асцярожна зачыніў за сабою дзверы Янісавага пакоя і спыніўся ў нагах яго ложка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: