Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Гэта не перашкаджала вам калiсь дазваляць яму хадзiць з вамi…

— Вы нічога не ведаеце, Ян.

— I не хачу ведаць. Але гэта бес-ча-ла-вечна. Або будзьце з ім, або пакіньце тлуміць чалавеку галаву.

— Што за тон? — вочы яе былі халоднымі.

— Гэта яшчэ замяккі тон для ўсёй агіднасці, што вы з ім робіце, — кулак Яніса ўладна рассек паветра.

— Яніс, я буду вымушана паказаць вам на дзверы.

— А я не пайду.

— Пабачым.

Вайвадс зразумеў, што яго сапраўды могуць выставіць. Гэта не ўваходзіла ў яго планы, і таму ён сказаў ужо больш мякка:

— Ды не будзьце ж вы Ірынай Сяргееўнай. Будзьце хоць сёння проста Ірынай, другам, што любіць майго друга.

Яна прыўзняла вечка сігарэтніцы. Апусціла вочы:

— Гэты ваш друг апошнімі днямі пазбягае мяне. Ён сухі і жорсткі.

— А што яму рабіць у адказ на тыя словы, якімі вы яго пачаставалі?

— Ён не мае права нiчога патрабаваць ад мяне.

Вайвадс зноў выбухнуў:

— Ды зразумейце ж, ён вас кахае. Ка-ха-е!!! Гэта такое каханне, якое раз у стагоддзе бывае на зямлі. Такое каханне, аб якім марыць кожная жанчына, вечнае, магутнае, нязменнае! А вы яго ў бруд! Багатыя занадта! Усё жыццё вам такія пачуцці пад ногі клалі!

Яна падціснула вусны ў нітачку, і твар яе ўпершыню здаўся Янісу непрыемным.

— Дакараеце? — сказала яна. — А я проста бачыла, што ён як адурэў, што нельга адразу ж пакінуць яго без усялякай надзеі, што трэба паступова. Я хацела дапамагчы яму і не дала ніякай падставы спадзявацца.

— Хлусіце! — Яніс наліўся крывёю абурэння.

— Ян!..

— Харошанькае дзела, — бурчаў Ян, уладкоўваючыся ў крэсле. — Як гэта? Я на свае вушы чуў, якія гэта былі авансы з мастаком і псіхіятрам.

— А хiба я казала нешта прама? — яна шырока раскрыла нявiнныя вочы. — Вы проста не зразумелi мяне.

— О, вядома, — закалацiўся Янiс. — Вы, жанчыны, усiх абведзяце. Не хапала яшчэ, каб вы прама казалi. Вы ж заўсёды пакiнеце для сябе пралазiну. А я тыдзень таму бачыў, як ён ледзь не памiраў, гаворачы пра вас, а потым паляцеў на лыжах з такой стромы, дзе шыю скруцiць было — раз плюнуць. Як назнарок смерцi шукаў. Я ўжо думаў — мазгi разлятуцца, як бэнкне галавою ў дрэва.

— Хлопчык, — пацiснула плячыма яна.

— Ну так, мы хлопчыкi, мы несучасныя, мы — сентыментальныя саплякi ў часiну цыгарэт «Арбiта», мы i кахаем, як у дзевятнаццатым стагоддзi. Але ведайце: менавiта так будуць кахаць, калi чалавек стане дасканалым. А нежаданне ахвяраваць у iмя кахання сваiм жыццём тады назавуць брыдотай.

— А як тады назавуць залёты да замужняй?!

— Каханне не пытае, замужам каханая цi не, здаровая яна або хворая, шчырая цi нядобрая. Яно кахае, i гэтым сказана ўсё.

Вочы Янiса раптам сталi разгубленыя. З нейкай мяккай уладнасцю, быццам гiпнатызуючы, ён сказаў, паклаўшы рукi ёй на плечы:

— Кахайце яго, Ірына. Вам пашанцавала. Ён вялікі ў каханні чалавек. Махніце рукою на ўмоўнасці, на дабрабыт. Усё гэта лухта! Ідзіце з ім, пакуль сэрца маладое, пакуль яно кахае і хоча кахання. Верце мне, няма на свеце нічога над каханнем і трэба яго шанаваць, не забіваць недаверам, не прыніжаць нават жартамі. Кахайце яго.

Яна глядзела ўбок. Потым спытала цiха:

— Гэта ён параiў вам прыйсцi да мяне?

— Дрэнна вы яго ведаеце. Ён нiчога не ведае. Я сам, бо яму зараз вельмi патрэбна дапамога.

— А дзе ён зараз?

— Мяркую, стаіць перад сінедрыёнам.

— Якiм?

— Перад вучоным саветам iнстытута i дырэктарам, — знешне спакойна сказаў Янiс. — Трымае адказ.

— У чым гэта?

Латыш прыкурыў ад недакурка другую папяросу.

— Ён страцiў раўнавагу з-за гэтай гiсторыi. Нервы напятыя. Забыў аб асцярожнасцi i лезе на ражон па ўсякiм выпадку i без усякага выпадку.

Яна ўважліва глядзела на яго.

— Што сказаў?

— На лекцыі Пружыніна абазваў сяго-таго з нябожчыкаў палітычным прайдзісветам і апрычнікам.

— А хіба не так?

— Так. Але ж вы ведаеце…

— Што? Што вясной шасцідзесятага года ні я, ні вы, ні вучоны савет, ні нават дырэктар… ніхто нічога яшчэ не ведае.

— Менавіта,

— Так, не крыўдуюць толькі на лёс, на натуральную смерць. Што ж, калі так здарылася… А за астатняе трэба адказваць. Так лічыць мой друг, і я з ім у згодзе.

— А вы не думаеце, што збоку Андрэя гэта як запознены ўдар капытам.

— Андрэй мае на гэта права. Ён не любіў і не любіць тых, хто хоча сабою падмяніць лёс чалавечы. Гэта ж падумаць: двухногі лёс нада мною, ім, вамі? I ведаеце што? Каб мне спатрэбіўся таварыш, з якім я мог бы пайсці ў полымя за свае перакананні, - я ўзяў бы яго.

— Як гэта здарылася? — Ірына нарэшце прыкурыла цыгарэту,

— Пружынін сказаў, што некаторыя шумяць вакол апошніх падзей у свеце больш, чым трэба. Я не паспеў стрымаць Андрэя. Ён ускочыў: ноздры трапечуць, вусны непаслухмяныя, белыя. А потым уся кроў у твар.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: