Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ў паўстаннi полымя на змрок.

Мне скажуць: моцным без патрэбы

Трымаць над прорваю такiх.

А я ўяўляю зоры ў небе

I вочы, што жывуць без iх.

I нават больш яе кахаю.

Няўтульная душой да дна,

Зусiм малая, трапяткая,

Яна адна ў мяне. Адна.

Так, разважанні не прыносілі заспакаення, і колькі ні называй дваццатага стагоддзя дваццатым — гэта не магло змяніць прыроды кахання. Яно радавала і мучыла, як і на світанку чалавечых дзён.

…У канцы мая вялікая група хлопцаў і дзяўчат разам з Горавай і Галінай Іванаўнай паехала на некалькі дзён у Ленінград. Гэта было нешта накшталт развітальнага падарожжа. У чэрвені большасць з іх павінна была назаўсёды раз'ехацца па сваіх гарадах, пакінуўшы Маскву і адзін аднаго. Таму нават у весялосці прысутнічаў нейкі сум.

I толькі Грынкевіч ехаў на поўнач радасны, бы ў вясельнае падарожжа. Быць з Ірынай у адным вагоне, жыць у адной гасцініцы, цэлы тыдзень быць з ёю… I гэта перад тым, як яна назаўсёды будзе з ім.

Не, гэта было такім нясцерпным шчасцем, што кружылася галава.

…Гэта быў горад — мара. Андрэй зразумеў гэта на самым першым спатканні з ім, калі, пакінуўшы ў гасцініцы спячых сяброў, выйшаў на Неўскую набярэжную. Світання, уласна кажучы, не было, бо стаяў канец мая і цямнела ўначы толькі на гадзіну-дзве.

Нява, яшчэ напаўсонная, каціла ў заліў плыні, зрэдку ўсплёскваючы грабеньчыкамі. Невядома, адкуль яны браліся: ветру не было ў бескалярова-блакітным небе, у паветры, якое пахнула ёдам і аж нясцерпна пашырала грудзі. Шпіль Петрапаўлаўкі ўпіваўся ў неба, ужо злёгку пазалочаны на самай вяршыні. Ён быў лёгкі і горды, як бессмяротны радок.

I, акінуўшы ўсё гэта, Андрэй зразумеў, што прапаў. Гэты горад быў падобны на тыя гарады, якія сняцца ў самых шчаслівых снах дзяцінства, аб якіх потым плачаш, не маючы змогі трапіць у згублены рай.

Упершыню пасля дзён дзяцінства захацелася ўзняцца і паплысці над гэтай вадою — вышэй, вышэй над будынкамі і шпілямі, над недалёкім морам.

О, толькі б жыць!

Рука апусцілася на балюстраду поруч з ім. Андрэй паглядзеў і пабачыў Ірыну, усю нейкую маленькую і ласкава-зажураную.

— Я ведала, што вам не спіцца. Нават чамусьці ведала, дзе вас шукаць.

Замест адказу ён накрыў усю яе руку сваёй вялікай далонню. Рука ляжала пакорліва, не варушылася.

Андрэй знемагаў ад цеплыні і шкадавання да яе.

Стаяла поруч з ім нейкая смешная, быццам нават трохі заспаная, моўчкі глядзела, як наліваўся золатам шпіль за ракой,

— Калi мне было цяжка, — сказаў Андрэй, — я тады хацеў выпалiць з сябе ўсё. Толькi так, таму што нiколi пачуццi не даюць нiчога, акрамя гора i болю. Але цяпер я спакойны. Вы поруч. Я пабачыў гэты горад i сустрэў вас, Нашто супрацiўляцца каханню, калi ўсё на свеце мае канец, i мы з'явiлiся аднекуль i кудысь знiкнем, i маглi нават не сустрэць адзiн аднаго за днi, адпушчаныя нам.

Бязважка дакрануўся шчакою да яе скроні:

— Я і не супраціўляюся. Дзве залатыя іскры выпадкова сустрэліся. Ёсць яны і гэты горад, — досыць…

— Не трэба, Андруша, — сказала яна. — Я не хачу аб тым, што будзе…

— Чаму?

— Які вы… Жыць трэба больш лёгка і проста… Нашто вы… Ну я вас прашу, я вас вельмі прашу — не трэба загадзя… Каму гэта вядома, што там будзе… Будзьце задаволены, што я поруч… і не хачу больш ні з кім, і вакол гэты горад, а ў нас наперадзе яшчэ дзесяць дзён, аж цэлых дзесяць дзён. Стагоддзе. Вечнасць.

Так пачалася песня песняў. Тая, што нават для самых шчаслівых гучыць толькі адзін раз.

Былі астравы, а потым мора, вялізнае, пустое, бялёса-блакітнае, бясколерна-блакітнае пад бясколерна-блакітным небам, з залатымі іскрамі сонца, якія нараджаліся і чэзнулі недзе ўдалечыні. А можа, і не было мора і неба? Можа, проста было нешта блакітнае, што заняло палову ўсяго свету? Ён не ведаў, а яна, седзячы поруч з ім у аўтобусе, казала:

— Што вы ўсё гледзіцё на мяне? Туды глядзіце.

Але ён разумеў, што ўсе гэтыя словы проста так, і разумеў, што яна ведае гэта. Яна разумела ўсё ў ім. Нават калі ён выходзіў з брамы Петрапаўлаўкі да прычала, адкуль калісьці вывозілі людзей на востраў Галадай, выходзіў занадта прамы, склаўшы за спіною рукі, шапнула яму:

— Цяжка, праўда?

Яна разумела ўсё, акрамя таго, што яму хацелася гаварыць аб каханні і аб будучым. Гэтага яна не хацела і вымаліла ў яго гэтае абяцанне, а ён з горыччу і пакорай даў ёй яго, быццам зразумеўшы, што ёсць толькі дзесяць хуткаплынных дзён, што нельга патрабаваць большага ад жыцця, што яна, калі захоча — будзе з ім, але хутчэй за ўсё не захоча.

I ён безнадзейна змірыўся, таму што ведаў: усе гэтыя дні яна аддасць толькі яму, толькі для яго. Усе. Цалкам. У гэтым быў нейкі горкі гонар, які даваў яму сілы жыць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: