Жук Александр Александрович
Шрифт:
— Давай сюды!
У складзіку ён на нейкае імгненне чыркануў запалкай, падхапіў мяшок, які ляжаў на скрынках. Нагою ўдарыў у дзверы, і яны адчыніліся. Тут жа за дзвярыма Васька памацаў рукой, нешта падняў, падышоў да сейфа. Скрыгатнула жалеза. Вочы прывыклі да прыцемку, і Затор убачыў, што Васька шукае ў сейфе.
— Пуста! — Ён сунуў нешта ў кішэню і загадаў: — Чаго стаіш? Давай грузі гарэлку ў мяшок!
Васька зусім працверазеў, памагаў Затору. Укінуў у мяшок кансерваў, пячэння, хлеба. Перад тым як выйсці на вуліцу, паглядзеў у прыадчыненыя дзверы, потым махнуў рукой Затору — выходзь. Дзверы замкнуў за сабой, забраў у Затора мяшок, ускінуў за плечы.
З вёскі выехалі моўчкі. Затор стараўся не газаваць, і матацыкл толькі ціхенька вуркатаў маторам. Ад разгубленасці ён нават не пытаўся — куды ехаць.
— Давай на базу.
Спыніўся матацыкл ля пакінутага пастухоўскага доміка ў засені кустоў і дрэў. Васька асцярожна апусціў на падлогу мяшок.
— Цяпер жытуха! А то мне старая больш грошай не хоча пазычаць…
— І так напазычала! Затор рагатнуў.
Васька адкаркаваў бутэльку, пацягнуў сам, перадаў Затору. Хутка яны спалі на сене моцным і здаровым сном. Дні са тры закадычныя сябрукі нідзе не паказваліся.
Таня прачнулася досвіта. Уставаць яшчэ рана. Соладка спаў побач муж, нават пасвістваў у свой шырокі нос. У ранішнім змроку на ягоным белым твары праступала рабацінне. Трактарыст, а твар белы, не бярэ ні сонца, ні пыл. Худая жылістая шыя, скудлачаныя мяккія валасы над лысінай. Таня прыўзнялася, абаперлася на локаць, крутаплечая, чарнявая, дагледжаная жанчына: бач, спіць як пшаніцу прадаўшы, і хоць бы што… Здавалася, прайшло гэтулькі гадоў, двое дзяцей прыжылі, а тое даўняе адчуванне непрыязні, якое было і перад выхадам замуж, не знікла, наадварот, паўставала часам у грудзях. Яна тады кідала на яго дзяцей, гаспадарку, якую ён мусіў даглядаць, робячы на трактары. Ехала ў раён на нараду, часам вярталася дадому толькі назаўтра. Вярталася быццам спустошаная, вінаватая перад дзецьмі, але не перад ім.
Нібы ён вінаваты, што перабірала і дабірала кавалераў так, што асталася ў перастарках і сваякі ўжо знайшлі ёй яго ў жаніхі, старэйшага, непрыгожага. Яна і пайшла за яго, каб толькі пакінуць бацькоў з іхнім багаццем, з-за якога яны не пусцілі яе ў горад. Свой рай абяцалі, а яна верыла.
Яна прыехала ў новы прасторны дом, знайшлася чыстая работа — магазіншчыцай. Можна было зайздросціць усяму: рабоце, сям'і, дзецям. Любы тавар дастаць можа, а па цяперашнім свеце гэта не так і мала.
Але ж не, той здрок, які нападаў на Таню і пёр з дому ў прочкі, не праходзіў.
Сёння ёй прысніўся кароткі і брыдкі сон. Саснілася, што вязе яна тавар з Жэнькам — так звалі яго ўсе, хоць у мужчыны даўно ссівела галава. Праўда, ён і хадзіў у джынсавых штанах, і глядзеў на жанчын нахабна. Ехалі яны з гэтым Жэнькам, і завярнуў той з дарогі ў малады сасоннік. Сонца свеціць, дзень, а яны… Таня раптам угледзела, што зусім блізка бягуць да іх Зіна і Анька. З гэтым жахам яна і прачнулася. Дочкі спалі на суседнім ложку разбрыкаўшыся, і над імі сонна яшчэ кружыла ранішняя муха.
Таня ўстала, падышла да дзяцей, паправіла коўдру, спрытна махнула рукой, злавіла муху, якая настыралася над імі, ускінула на сябе лёгенькую кофтачку. надзела спадніцу, у верандзе ўссунула на ногі растаптаныя рабочыя басаножкі, выйшла на двор. Нават і ранішняга халадку яна не адчувала.
Усё паказвала на тое, што і сёння можа быць «здрок». Прынамсі, так падумала суседка, старая Волька, калі ўгледзела, як пашыбавала на вуліцу Таня.
Таня і сама не ведала, ці гэты самы «здрок», ці нешта іншае, нейкае нядобрае прадчуванне не давала спаць і пагнала раніцай да магазіна — узяць солі, забылася, што дома няма. Магазін быў звычайны, з адным зальчыкам, дзе мясціліся і прадуктовыя тавары, і гаспадарчыя, і прамысловыя. Цяпер на магазінах павесілі шыльды «Тавары паўсядзённага попыту». З зальчыка дзверы вялі ў склад. За магазінам, асобна адгароджаны, быў яшчэ напаўразбураны барак — там некалі прадавалі газу.
Таня, нібы хтосьці вёў за руку, адразу пайшла да дзвярэй склада і, як толькі ступіла на прыступку, угледзела, што замок вісіць не тым бокам. Не трэба і на кантрольку глядзець. Дрыжачымі рукамі дастала з сумачкі ключы, адамкнула замок, адчыніла дзверы, запаліла святло. Дзверы са складзіка ў залу прыадчынены. Таня на нейкае імгненне застыла на месцы, адчула, якімі цяжкімі сталі ногі і рукі. І дзверцы сейфа адчынены. Праўда, сейфам металічную скрынку можна было назваць толькі ўмоўна, і замок там як для прыклёпу. Грошай не было… Хаця і выручкі за ўчарашні вечар рублёў з дваццаць, не больш, і набралася б.
Ад гэтага Таня паспакайнела, вярнулася ў склад, зашчапіла дзверы на зашчапку з сярэдзіны, агледзелася: у складзе нічога не чэпана, зайшла ў залу, найперш кінула вокам на адзенне. Быццам некранутае. Каракулевае футра вісіць на месцы. За прылаўкам у прадуктовым аддзеле спатыкнулася аб кансервавыя бляшанкі. Выбралі паўскрынкі гарэлкі.
«П'янчугі, каб вас паразрывала!» — Таня аж задыхнулася ад злосці, памкнулася выбегчы на вуліцу, падняць людзей, але ля сейфа спынілася, дрыжачымі рукамі пачала перабіраць шапаткія накладныя. Не, усё на месцы. Уставіла ключ у замок, ён паслухмяна павярнуўся. Замкнула дзверцы сейфа. Дзверцы падкалупілі ломікам, якім яна адчыняла скрынкі. Падабрала з падлогі кансервы і толькі цяпер заўважыла, што з шуфлядаў бралі лячэнне, хлеб таксама бралі. Наводзіла парадак, а сама думала пра тое, што, калі заявіць у міліцыю, магазін зачыняць на рэвізію, усё ператрасуць, пачнуць апытваць людзей, а тады… Ад гэтае думкі стала млосна. Няхай гараць гарам гэтыя грошы і гарэлка! І сама не ў пару прыперлася ў магазін, хто паверыць у тых зладзеяў?