Жук Александр Александрович
Шрифт:
Дзяжурны не заўважыў, як наструніўся затрыманы пры слове «магазін». Цяпер ён не рады быў, што папёрся прадаваць гадзіннік на базар. Трэба было дастаць грошай на білет, а гадзіннік збыў бы ў сталіцы. Трапіў у лапы міліцыі, як мокрая курыца, у нейкім зачуханым гарадскім пасёлку. Хлопец яшчэ не прыдумаў, што гаварыць, як з калідора выйшаў малады мужчына ў цывільным касцюме. Дзяжурны кіўнуў на хлопца і на дзяўчыну.
— Прашу, — коратка не запрасіў, а загадаў мужчына і паказаў рукой у калідор.
Хлопец пайшоў першы, скоса і злосна паглядзеў на дзяўчыну. Мужчына ішоў ззаду.
— Сюды, — паказаў ён на кабінет, дзверы якога былі адчынены.
Мужчына сеў за стол, кіўнуў на дзяўчыну:
— Расказвайце.
— Таварыш… — Алёна замялася. Яна пазнала міліцыянера. Валін знаёмы. І гэты стрыжаны таксама здаваўся знаёмым. Лена насцярожана азірнулася на хлопца, потым на чалавека за сталом.
— Можаце зваць мяне проста — таварыш лейтэнант.
Мужчына ўсміхаўся з Алёнінай разгубленасці і глядзеў на яе роўна і спакойна.
— Таварыш лейтэнант, ён падыходзіць на базары да мяне — і часікі купі, кажа. Глянула я — Раіны гэта часікі, сястры мае. Яна прывозіла мяне ў вёску. А перад ад'ездам шукала часікі — і не магла найсці. Гаварыла, што яны ў машыне ў яе ляжалі. Машына на двары начавала…
Дзяўчына паглядзела на хлопца.
— А з ім тут на базары і Затор наш круціўся…
— Як ваша прозвішча?
— Рудзь Алёна… Алёна Міхайлаўна. Лейтэнант падняў на яе вочы, нібы хацеў нешта
папытацца.
— Гэта на майго бацьку напалі зладзеі,— растлумачыла Алёна. Лейтэнант зацікаўлена паглядзеў на яе.
— Як вас, малады чалавек, зваць-называць?
— Васька, Васіль Аляхновіч, — коратка і насцярожана адказаў хлопец.
Алёна зірнула на яго — знаёмы і голас, і гэтая круглая, коратка астрыжаная галава.
— А па бацьку?
— Васільевіч.
— Адрас.
— Які адрас?
— Пастаянна дзе жывяце?
— У інтэрнаце, у горадзе.
— Адрас мне трэба.
— Скажу і адрас. Лейтэнант запісваў хутка.
— Чаго тут апынуліся?
— У водпуску. У друга жыву.
— Гэта ён з вамі быў?
— Не, гэта другі…
Васька на імгненне замяўся — ці называць Валерку.
— Затор Мачанкаў з ім… Гэтакі ж п'яніца і жулік, — не ўтрывала дзяўчына.
— Ведаем твайго дружка.
Лейтэнант пільна паглядзеў на Ваську, усё роўна як прыцэньваўся.
— Дзе ўзяў часікі?
— Падарылі мне, — нечакана ўхмыльнуўся Васька.
— Хто табе падарыў? Хто? Укралі разам з Заторам, каб прапіць!
Алёна раззлавана завярнулася да хлопца і зноў злавіла сябе на тым, што бачыла, ведае яго.
— Сястрычка твая. Яшчэ мяне на машыне павазіць абяцала.
Васька зноў ухмыльнуўся. Ён не пазнаваў яе, бо там, дзе бачыліся, не звяртаў увагі на тую, што прыбірала са стала.
— Аляхновіч, адкуль у цябе гадзіннік?
— Я ж сказаў. Паехаў на Валеркавым матацыкле пакупацца. А там, на купальні, мадама на пясочку. Не маладзенькая, але нічога яшчэ… На яе падобная.
Васька ўхмыльнуўся.
— Спадабаўся ёй малодзенькі мальчонка. Паплавалі потым, на машыне павазіць яшчэ абяцала.
Пра машыну Васька прыхлусіў. Ён быў перакананы, што «мадама» нікому не прызнаецца пра тое, што было на беразе, і пра тыя «часікі». Васька іх сціхача ўсунуў у кішэню.
— Нахал! Злодзей ты, як і Затор твой!
Васька ўвайшоў у ролю і адчуваў сябе на кані. Ён цяпер зразумеў, што сказанае дзяжурным «магазін» не мела дачынення да таго магазіна, дзе яны пабывалі з Заторам.
Лейтэнант спакойна і нават абыякава глядзеў на затрыманага. Ён яшчэ ў дзяжурнага, як толькі ўгледзеў гадзіннік, зразумеў, што ён не з вітрыны універмага — там не было падобных гадзіннікаў. Цяпер Семежава зацікавіла толькі тое, што Алёна апынулася тут, што яна дачка таго самага старога.
— Так што прашу часікі назад, — Васька нават руку працягнуў. Маўчанне лейтэнанта ён зразумеў пасвойму.
— Дакументы.
— Нашто?
— Калі няма пашпарта, давядзецца пагасціць у нас, пакуль мы праверым, хто вы такі і ці праўда, што часікі вам падарылі.
Васька з палёгкай выдыхнуў: пашпарт у яго быў з сабой. Васька дастаў яго і падаў следчаму. Той зрабіў выпіскі і аддаў дакумент назад.
— Прайдзіце да дзяжурнага і на яго імя напішыце тлумачэнне, тое, што вы мне гаварылі. А вы, Рудзь, напішыце заяву. І адрас свае сястрычкі ўкажыце.