Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Табе шэсць і мне шэсць, — прамовіў Васіль. — Бяры.
Я ўзяў шэсць пакетаў, паклаў за пазуху.
— Цяпер хутчэй адгэтуль, — кажу.
— Няўжо ў пустыні мы пасеем лес? Няўжо ён вырасце з гэтага насення? — прагаварыў Васіль.
— Абавязкова вырасце, — цвёрда сказаў я.
Не буду падрабязна расказваць аб тым, як хадзілі па пустыні, як даставалі насенне то з аднаго, то з другога пакета, як кідалі яго, прысыпаючы пяском. Добра не памятаю, ці доўга так хадзілі. Але памятаю, як са страхам і нейкім невыказным болем закрычаў Васіль, тулячы да сябе пакеты (нямала насення там заставалася):
— Антон, едуць!
Па пустыні, кіруючыся да нас, я сказаў бы, не ехала, а бегла легкавушка на курыных лапах. Так, так, сапраўдная легкавушка, падобная на тыя, якія імчацца па нашых дарогах. Толькі ў яе былі не колы, а металічныя курыныя лапы. Ззаду ў легкавушцы сядзелі легіянеры. А спераду, за рулём, — Таран. Таран-тарантул, вушасты вожык. Напаў на след.
Я здагадаўся, чаму спалохаўся Васіль, чаму з такім болем крыкнуў. Яшчэ заставалася ў пакетах насенне. Баяўся Васіль, што адбярэ Таран, знішчыць, спаліць, каб і знаку не было.
— Васіль, — кажу, — пакінем тут насенне, а самі пабяжым. Усё-ткі не дастанецца Тарану.
— Пакінуць? — усклікнуў Васіль. — Загіне, згубіцца.
— Калі зноў пашанцуе вырвацца, то знойдзем.
— Як знойдзеш?
І праўда, як ты знойдзеш? У пустыні няма ніякага арыенціру.
— Трэба ў гарах схаваць, — здагадаўся я.
— У кішэні хавай. А пасля — у горы, — прамовіў Васіль.
Мы парассоўвалі пакеты па кішэнях і без аглядкі туды, дзе ўзвышаліся горы. Да іх было не так далёка, з кіламетр. Але як цяжка бегчы па пяску! А вось легкавушка на курыных лапах неслася, нібы страус.
— Заварочвайце аглоблі. Здавайцеся, — пачулі голас Тарана.
Азірнуліся — побач легкавушка. Таран зубы скаліць:
— Ад мяне яшчэ ніхто не ўцёк. Каб я так жыў. Заварочвайце аглоблі.
Мы спыніліся. Спынілася і легкавушка на курыных лапах. Надзьмутыя, што індыкі, сядзяць легіянеры, а Таран усміхаецца. Здаецца, вось-вось вылезе і расцалуе.
— Знайшоў! Ах, жэўжыкі! Ах, даражэнькія! Знайшоў!
— Мураш вас не заказытаў? — прамовіў Васіль.
— Мы вашаму Мурашу лапкі адарвалі. Хі-хі-хі,— захіхікаў Таран.
Няма Мураша. Знішчылі. Болей не пабяжыць ні направа, ні налева, не павернецца кругом… На мае вочы навярнуліся слёзы.
— Радуецеся?
— Чаму не! Цяпер вам ніхто не дапаможа.
— Невядома, дапаможа ці не дапаможа, — праз зубы працадзіў я.
— Ай-я-яй! Якія нядобрыя хлопчыкі! — з дакорам прамовіў Таран. — У цямніцу садзіць не хацелася б, а прыйдзецца.
— Расце! На пяску нешта расце! — галёкнуў легіянер, які сядзеў з краю.
— Расце! — крыкнуў Васіль. — Лес расце! Сапраўды, з пяску падымаліся маленькія кволыя парасткі. Як мы раней іх не заўважылі! Значыць, прайшло паўгадзіны, як насенне кінулі.
— Прайшло-о-о! — не вытрываў я.
А Таран, стараючыся перакрычаць мяне:
— Павырываць! Патаптаць!
— Лес расце! — крыкнуў Васіль. І я на ўсю сілу:
— Ле-е-с!
З легкавушкі выскачылі легіянеры, сталі таптаць парасткі нагамі. А яны, нашы парасткі, раслі, падымаліся проста на вачах. Іх станавілася болей і болей.
— Ура-а-а! — крыкнуў Васіль і давай скакаць. І я скакаў, стараючыся не зачапіць дрэўцы.
— Ура-а-а!..
Да нас падскочыў Таран.
— Схапіць! Звязаць! — загадаў легіянерам. Легіянеры падбеглі, звязалі нам рукі, упіхнулі ў
легкавушку. Таран сеў на сядзенне, націснуў на нейкую кнопку. Легкавушка падскочыла і пабегла на сваіх курыных лапах.
— Дасмяяўся? — гукнуў я ў самае вуха Тарану.
— Чыя ўзяла? — прагаварыў Васіль. Твар у Тарана перасмыкнуўся.
— Вы яшчэ паплачаце ў мяне, даражэнькія. Усё-ўсё пану Карпу раскажу. Па галоўцы не пагладзіць.
Легкавушка на курыных лапах імчалася ў горад. А тут, сярод пяскоў, рос, падымаўся лес. Лес, які павінен быў даць жыццё планеце Сіз. Жыццё, якое нясе радасць, шчасце.
Карп гневаецца
На гэты раз дзверы, якія вялі ў залу, былі адчынены. Таран спыніўся.
— Каб ціха стаялі. Пан Карп і пані Саўка не ў гуморы.
Так, не ў гуморы. Яны бегалі па зале і спрачаліся. А генерал Курт, што слуп, стаяў каля трона і, вылупіўшы вочы, глядзеў на іх. Ен, відаць, анічога не разумеў. Затое мы з Васілём добра разумелі.
— Хачу, каб яны былі маімі поні,— лапатала Саўка, наступаючы на Карпа.
Карп стараўся ўцячы ад яе, кідаючыся то ў адзін бок, то ў другі. Пэўна, так даняла, што ў пяты закалола.