Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
Значыць, прачнуліся людзі. Усё-ткі аджылі. Лес — сябар, лес — добры доктар. Ен разбудзіў. Цяпер людзі не дадуць свайго сябра ў крыўду.
— Пан Карп, гора!.. Вялікае гора!
— Гора, — працадзіў праз зубы Карп. — Лес вырасце — не стануць кісларод купляць. А мне трэба грошы. Самым-самым багатым хачу заўсёды быць.
І чаму ён такі сквапны? Мне, маё… На мой век хопіць… Абы яму добра было. А другім? Чаму пра другіх ён не думае? Калі ж ён стаў такім? Няўжо тое, добрае, з якім нарадзіўся ў душы, нейкім чынам выгарала?
— Трэба радавацца, — усклікнуў Васіль. — Лес расце, а вам страшна? Радуйцеся!
— Гэта ўсё яны, — прамовіў Карп. — Яны няшчасце прынеслі. Пікамі іх закалоць. Пікамі. І тых, якія ў Цямніцы сядзяць…
Няўжо канец? Няўжо і я, і Васіль, і Піліп Макаравіч загінем? Як жа нам выратавацца? Павінна быць нейкае выйсце. Павінна… Клей… У мяне ў кішэні клей Піліпа Макаравіча! Клей незвычайнай трываласці. Забыўся. Вось галава! Усё вылятае.
— Хочаце быць заўсёды самымі-самымі багатымі? — пытаюся ў Карпа.
Карп падняў руку. Відаць, хацеў шчоўкнуць пальцамі, загадаць, каб нас схапілі. Апусціў.
— Ты зробіш мяне самым-самым багатым?
— Мы льва перамаглі,— кажу. — Мураша на вас напусцілі. Лес мы таксама пасеялі. І самым-самым багатым можам зрабіць.
— Гэта вы лес пасеялі?
— Яны, яны, — усклікнуў Таран, стараючыся падліць смалы ў агонь. — Нездарма па пустыні лазілі. Яны быццам чэрці лазатыя.
«Сам ты чорт лазаты», — ледзь не крыкнуў я. Але стрымаўся. Няхай кажа. Можна пацярпець. Хоць парасём заві, толькі ў мех не садзі.
Карп шчоўкнуў пальцамі.
— Развязаць.
Да мяне падбег Таран. Сагнуўся. Развязвае вяроўку.
— Хутчэй не можаш? — скоса зірнуў я на яго. Што ж, хоць душу адвяду.
— Хутчэй, — тупнуў нагою Карп.
— Я стараюся, пан Карп. Я вельмі стараюся, — Таран пусціў слязу. А пасля, развязаўшы, выдыхнуў: — Пан Карп, пастараўся.
— Яму развяжы, — паказаў я на Васіля.
— Яму, — прамовіў за мною Карп.
Таран скрывіўся што серада на пятніцу. Рукі калоцяцца. Ці то ад таго, што Карп нагнаў страху, ці то ад таго, што ўяўляе незлічонае багацце, якое неўзабаве будзе ў ягонага валадара.
— Развязаў,— павярнуўся да Карпа.
— Хлопчык, бліжэй, — падазваў мяне Карп.
«Баіцца, каб ягоныя памагатыя не схапілі багацце», — падумалася. Я падышоў да трона, дастаў цюбік з клеем незвычайнай трываласці, капнуў кропельку на падлогу.
— Хто дакранецца да гэтай кропелькі, праз дзве-тры хвіліны стане самым-самым багатым — багацей за ўсіх на свеце!
Што тут нарабілася! Не ў казцы сказаць, не пяром апісаць. Сапраўдная катавасія. Карп упаў жыватом на падлогу, закрыў далонню кропельку, а на яго Таран, на Тарана — генерал Курт. Валтузяцца, стараюцца Карпа ўбок адцягнуць. А Саўка… Саўка бегае вакол і лупіць кулакамі ўсіх па парадку.
— Антон, — звярнуўся да мяне Васіль, — гэтыя прайдзісветы Карпу руку адарвуць. Капні кожнаму па кропельцы.
Я на ўсю сілу:
— Яшчэ ёсць кропелькі.
Пачулі. І да мяне, што галодныя мышы. Абступілі, рукамі цягнуцца.
«Зараз пакоцяць ці вочы выкалюць», — думаю.
— Без штурханіны. У чаргу станавіцеся, — крыкнуў я.
Не дайшло. Лезуць што апантаныя. Тады я, рэзка рвануўшыся, — убок. Капнуў. Генерал Курт адпіхнуў Саўку, адпіхнуў Тарана, упаў жыватом і:
— Маў-чаць!
— Не даюць. Мне не даюць, — заплакала Саўка.
— Вось вам па кропельцы, — я капнуў з цюбіка адзін раз і другі.
Нарэшце Таран і Саўка прыляпіліся.
— Натаміўся, што на таку, — кажу Васілю.
— Бедны Карп, — уздыхнуў Васіль. — Яму, напэўна, усе костачкі паламалі. Генерал Курт калі сядзеў на ім, дык яшчэ і падскокваў.
А Карп, Саўка, Курт і Таран ляжаць, не азываюцца. Чакаюць, калі стануць самымі-самымі багатымі.
Як Карпа пабрылі
Што было далей? Вядома, ні Карп, ні Саўка, ні Таран, ні Курт так і не дачакаліся, калі стануць самымі-самымі багатымі.
— Доўга яшчэ прыйдзецца ляжаць? — першым заварушыўся Таран. — Калі я стану самым-самым багатым?
— Як рак свісне, — засмяяўся Васіль.
Таран чмыхнуў, нібы вожык, ад якога адабралі сподачак з малаком.
— Абманулі, даражэнькія?
— Абманулі. Умеў прымаць добрае, умей прыняць і благое.
Цяпер мы іх зусім не баяліся. Смешна і пацешна. Ляжаць, быццам загараюць. Што ж, воўк браў — і ваўка ўзяло.