Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
«Не даруе Шпачыха, калі Андрэй пажаліўся. Ён можа ўсялякага нагаварыць. Што рабіць? Уцякаць? — імгненна пранеслася ў галаве. — Не. Будзе расказваць Андрэй, як я ад ягонай маці ўцякаў. Не, не буду ўцякаць. Не з'есць яна мяне».
Яшчэ здалёку, не даходзячы да Шпачыхі, я ветліва прывітаўся:
— Добры дзень, цётка Ганна.
Шпачыха ішла пасярод вуліцы, і я падаўся да плота. Шпачыха пайшла напярэймы.
— Пастой.
Пастой… Колькі тут давядзецца стаяць?.. А можа, кінуцца наўцёкі? Позна. Са скруткам паперы далёка не ўцячэш.
— Добры дзень, цётка Ганна, — у другі раз прывітаўся я.
— Вельмі ласкавы ты сёння, — нядобрым позіркам працяла мяне Шпачыха.
Разгубіўшыся, я стукнуў рукою па скрутку.
— Во… Макулатуру збіраем.
— Макулатуру? — Шпачыха насоўвалася на мяне, і я адступіўся да самага плота.
— Макулатуру, цётка Ганна. А ваш Андрэй не прыходзіў па макулатуру?
— Ба-а-ач, які добранькі,— працягла вымавіла Шпачыха. — Пра Андрэя ён клапоціцца. А хто сёння Андрэя набіў?
— Няпраўда, — сказаў я. — Вашага Андрэя ніхто і пальцам не крануў. Ен у класе па партах бегаў. Яго да Пеці Швайдзюка прывялі. Мы з ім толькі разабраліся…
— Вы разабраліся… А настаўнікаў у вас няма? Без вас яны разбяруцца.
— Цётка Ганна, сёння ў нас дзень самакіравання. Сёння мы самі за настаўнікаў.— Я як мага ратаваўся. — Сёння Пеця Швайдзюк дырэктар. Я сказаў Пецю, што вашага Андрэя ў газеце намалюю.
— Ен намалюе… Дзень самакіравання ў іх. Выдумалі глупства. Распарадчыкі… Я з вамі разбяруся, я разбяруся…
Кашчавыя пальцы Шпачыхі ўжо цягнуліся да майго вуха. Я адсунуўся далей. Маю руку апякло крапівою, ды я не зважаў на гэта.
— Чаму вы кажаце, што мы глупствам займаемся. Гэта ваш Андрэй глупствам займаецца. Вы не ведаеце, як усе да дня самакіравання рыхтаваліся… Аднаму Андрэю нічога не патрэбна…
Сам таго не ўсведамляючы, я абараняў наш дзень самакіравання. Мой страх адступіў. Я ўжо не баяўся кашчавых і дужых пальцаў Шпачыхі, якія вось-вось учэпяцца за маё вуха. Мне было крыўдна, што гэты дзень, такі нялёгкі для мяне дзень, яна назвала глупствам.
— Добранькі ты сёння, добранькі,— прамовіла Шпачыха. — Я выведу вас на чыстую ваду. Усіх выведу.
Калені ў мяне падагнуліся, я прыхінуўся да плота і, закрыўшы твар рукамі, заплакаў…
Я не бачыў, адкуль з'явіліся Вольга Пятроўна і мае аднакласнікі: Косця, Рая, Дзяніс, Ігар. Пасля я даведаўся, што яны везлі на вазку Косцевы клеткі і макулатуру. Тады я гэтага не бачыў…
Мяккаю далонню Вольга Пятроўна гладзіла мяне па галаве, прасіла:
— Максім, не плач. Не плач…
А над галавою чуўся спалоханы голас Шпачыхі:
— Я яго не чапала, нават пальцам не кранула… Ен сам…
Вольга Пятроўна падвяла мяне да лаўкі, пасадзіла.
— Супакойся. Не трэба. Чаго ты так? Я зараз пагавару з ёй. Пасядзі.
Не ведаю, аб чым Вольга Пятроўна гаварыла са Шпачыхаю. Толькі спачатку Шпачыха доўга махала рукамі, усё нешта даказвала. А потым сцішылася, змоўкла, і да нас данеслася яе пагрозлівае:
— Ну, я яму, злыдню, пакажу. Прывык на печы адлежвацца.
— Нарэшце возьмецца за Андрэя, — заўважыла Рая.
— І правільна зробіць, — прагаварыў Дзяніс.
— А чаго нам кіснуць? — сказаў Ігар. — Усміхніцеся. Я вас зараз здыму.
Ігар зняў фотаапарат.
— Вольга Пятроўна, да нас ідзіце, — паклікаў ён. — Я гістарычны здымак зраблю.
Вольга Пятроўна развіталася са Шпачыхаю, падышла да нас.
— Гістарычны здымак? — запытала ў Ігара.
— Канешне, гістарычны, — упэўнена прагаварыў Ігар. — Як мы раней у класе жылі? Кожны як у сваёй норцы сядзеў. Хутчэй дамоў спяшаўся. А цяпер разам Косцевы клеткі вязём. — Ігар падміргнуў мне: — Весялей, Максім.
Вольга Пятроўна стала каля нас, усміхнулася і сказала:
— Нарэшце вы разам сабраліся. Як добра, што разам! З малой крыніцы вялікая рака пачынаецца…
Ігар навёў свой фотаапарат.
— Весялей усміхайцеся!.. Вольга Пятроўна… І пстрыкнуў адзін раз, другі…
Гэты фотаздымак і сёння ёсць у мяне. У самым цэнтры, пасярэдзіне, стаіць, усміхаючыся, Вольга Пятроўна, да яе туліцца, ганарліва задраўшы ўгору кірпаты нос, Рая Салевіч, вельмі сур'ёзна глядзіць Дзяніс, увесь наструніўся, здаецца, вось-вось узляціць Косця Цітоў, а каля Косці стаю я. Калі ўважліва прыгледзецца да здымка, то на маім твары можна заўважыць ледзь прыкметныя пісягі ад слёз. Гэты фотаздымак для мяне самы дарагі.