Вход/Регистрация
Сіндбад вяртаецца
вернуться

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

— На яшчэ хлеба, — працягнуў ён Аклілю ўсё, што меў.

Акліль прыняў пачастунак. Паласкавеў Хуары: зразумела — ці ж яму аднаму дацягнуць гэтую жалезную ламачыну?

Акліль палез у кішэню па ножык, і ў яго вываліўся аўтаматны патрон. Хуары падняў: капсуль біты, пасля асечкі нехта выкінуў. А гэты недарэка думае, што падабраў добрую рэч.

— Хочаш дастаць порах? — спытаў ён, узважваючы патрон на далоні.

Акліль хутка, бы якую каштоўнасць, схапіў сваю «цацку».

— У мяне іх поўная скрыначка, — раўнадушна прамовіў Хуары. — Думаю на рынку памяняць на дынары ці ножык.

— У мяне была сястра. — Акліль трымаў цяпер у адной руцэ кавалак хлеба, а на далоні другой жоўта пабліскваў патрон з тупарылай куляй.

— А ў яе быў пісталет, — насмешліва падхапіў Хуары.

Акліль бліснуў вачамі.

— Яе забілі з аўтамата. Аасаўцы.

Хуары адразу пасур'ёзнеў. Яго родных з аўтамата не забівалі.

— На вайне? — у пытанні ўжо не было насмешлівасці.

— Не, проста на вуліцы, — зусім ціха растлумачыў Акліль. — Ведаеш фантан на Плас д'Опера? Мы сабе ішлі з сястрой, як раптам машыны — і та-та-та!

— Я такое бачыў,— кіўнуў Хуары. — Я і не тое яшчэ бачыў,— вырашыў ён дадаць чамусьці.— Зараз з аасаўцаў нашы пыху збілі. Па шчылінах, канечне, яшчэ сядзяць, але многім галовы пазбівалі.

— Усе кінуліся хто куды, — сказаў Акліль і, з усхліпам уздыхнуўшы, сунуў у кішэню хлебную скарынку. — Мяне нехта як пацягне ў двор! А сястра засталася на вуліцы. Яна адразу звалілася, калі толькі пачалі страляць. З першай машыны. Прыляцелі салдаты на грузавіку, санітарная машына… Я пакуль прабіўся туды… Нават не заўважыў, на якой машыне яе павезлі.

— Можа, тваю сястру толькі паранілі? — Хуары захацелася пакласці на плячо Аклілю далонь.

— Не, забілі. Усе навокал адно казалі: дзяўчыну забілі. Такую красуню і забілі. «Не трэба было хадзіць без хаіка. Чаму не закрывала твар? Думала быць падобнай на францужанку? Вось французы яе і застрэлілі», — гаварыла нейкая старая. Я нават хацеў кінуць у яе камень, закрычаў, але мяне схапілі за рукі… Як толькі адпусцілі, я падбег на тое месца, дзе ляжала сястра. Там была кроў. Бачу яшчэ — патрон… Хуары падняўся і перасмыкнуў плячамі.

— А я дык ад бабулі ўцёк, — бесклапотна засмяяўся ён. — Кожны дзень лаяла — заняткі ў школе прапускаю, вопратку псую… І за бацьку лаяла.

— А бацька што, добраахвотнікам пайшоў на вайну і не вярнуўся? — Акліль ведаў, некаторыя жанчыны гэтак гаварылі, калі плакалі па сваіх: «І хто іх толькі цягнуў на тую вайну?»

— Маці ў мяне памерла, калі я быў зусім малы. А бацька мой у Францыі! — Хуары сказаў гэта чамусьці голасна, амаль што крыкнуў.— Бабулі грошы прысылаў. Потым перастаў. Ну і старая за мяне ўзялася… Вядома, у бацькі там новая жонка, францужанка… У мяне і браты, відаць, ёсць. Ірум'ены! Ха! Мне б у Францыю. Калі вырасту, абавязкова паеду. Ну, чаго ўтаропіўся? Падымайся! Прывык у прыюце, што за цябе ўсё робяць! Я спераду, а ты ззаду. Ды не так, сын асла! На рабро возьмем.

Акліль нёс і думаў. Пляваць яму, канечне, на гэтага Хуары. Але раз узяў хлеб, то трэба памагчы дацягнуць гэту жалязяку да яго жытла. І ўсё, там ён сам сабе гаспадар.

— Далёка яшчэ? — Ён адчуваў млявасць у каленях.

— Бачыш вежу з таго боку, дзе сонца? — паказаў Хуары. — Мая крэпасць у крэпасці.

— Можа, і козы твае? — Акліль кіўнуў на коз. Ускараскаўшыся на кучу камянёў, яны абдзіралі маладыя парасткі з чэзлых таполяў.

— Козы не мае, — проста адказаў Хуары. — А вежа мая. Бо яна была чыя? Тут сядзелі французскія легіянеры. Зараз яны збеглі, і ўсё належыць нам, алжырцам. Муджахіды прыходзілі ў вілы, што належалі французам, і казалі — яны цяпер нашы. «Мы тут гаспадары». А вежа стаяла пустая. Я знайшоў і сказаў: цяпер яна мая. Ну, хіба не правільна?

Акліль прысвіснуў: спрытнюга гэты Хуары. Пацягнулі дзверцы далей. Раз-пораз яны чапляліся за камянюкі, і тады уздымаўся такі скрыгат, што козы забывалі грызці і трывожна глядзелі на хлапчукоў жоўтымі вачамі д'яблаў і былі гатовыя кінуцца хто куды. На камень з вохканнем караскаўся стары казапас у лінялых джынсах і, нягледзячы на спёку, апрануты ў шмат разоў латаную тоўстую кофту. Стары сыпаў такімі выкручастымі праклёнамі, што козы ўжо вырачалі вочы на яго і трэслі бародамі ад захаплення. Лаянка старога супакойвала іх больш, чым самыя ласкавыя словы гаспадынь. Старая каза пачала жаваць газету з выцвілымі аршыннымі заклікамі: «Салдат, памятай: Алжыр быў і застанецца часткаю Францыі! Патрыёты не дапусцяць, каб гэты край захапілі падрыўныя безадказныя элементы!»

У каменных шчылінах наперабой стракаталі цыкады.

3. ВЕЖА

Паблізу ад руін крэпасці не было ніводнага будынка, дзе б жылі людзі. Месца было здзічэлае, пакінутае. Толькі метраў за трыста ніжэй сярод каменных россыпаў стаяла прыземістая будыніна з купалападобным дахам — у ранейшыя часы ў гэткіх жылі мусульманскія святыя і марабуты, якіх таксама лічылі святымі ці вешчунамі. Яшчэ далей, ля ўзбярэжжа, на пакатым схіле, адкуль было добра глядзець на мора, красаваўся невялікі палац ці віла. Віла была нібы ў зялёных аблоках абрыкосавых і персікавых дрэў і ружова зіхацела ў промнях вечаровага сонца. Вышэй вілы былі блакітна-шызыя скалы, праз якія пракладзена шаша. А да вілы вяла вузкая дарога, яна раней ахоўвалася дотам, бо на тым месцы, дзе было тое ашчэранае кулямётамі ваеннае логава, тырчалі кавалкі бетонных пліт. На віле, мабыць, жыла нейкая важная французская шышка, адзначыў для сябе Акліль. Цікава: а хто займае яе цяпер? Частка такіх віл стала пасля перамогі народу над каланізатарамі дзіцячымі дамамі. А ў некаторыя засяліліся, пра што казаў дзецям да-Муса, спрытныя алжырцы, якія разжыліся даведкамі, што і яны дапамагалі вызваленчай арміі. Але Акліль не шкадаваў, што не пажыў у французскай віле. Дом, у які прывезлі яго вясёлыя хлопцы з маладзёжнай арганізацыі Фронт Нацыянальнага Вызвалення Алжыра, быў хоць і стары, але не горшы. Па-першае, пад ім аказаліся сутарэнні, адкуль можна было трапіць у катакомбы. Побач знаходзілася старая арабская частка горада — таямнічая і грозная для іншаземных захопнікаў Казба. А яшчэ быў паблізу электрамеханічны цэх, невялікі, праўда, і Акліль паспеў там навучыцца рамантаваць электрапліткі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: