Ялугин Эрнест Васильевич
Шрифт:
— Ды што ты на мяне мсье ды мсье? — заўважыў у адказ Вахрашчын, які таксама торапка сёрбаў з кубачка пахучую каву. — Які з мяне мсье? Як па-нашаму, то гэта гаспадзін, які мае ўладу над іншымі і багаты. А я чалавек рабочы, не Ротшыльд які-небудзь.
З яго слоў усе дружна рагаталі, кпілі з Сідкі, што той не можа пазбавіцца не толькі дзіцячых страхаў, але і звычкі ў кожным ірум'ене бачыць не таварыша, а абавязкова валадара. І Сідкі зноў неяк лёгка і нават весела згаджаўся — сапраўды, так яно і ёсць.
Потым увесь дзень у бурыльшчыкаў быў добры настрой, тым больш што вада рабілася менш салёнай і таму павялічыліся спадзяванні нават у скептыкаў на добрае завяршэнне справы. Трывога спакваля ўзнавілася толькі пад вечар. Мясцовыя рабочыя зноў заспяшаліся дадому, мінуючы лагер, хаця там Вахрашчын збіраўся паказваць кінафільм, расцягнуўшы на сцяне вагончыка белую прасціню замест экрана. Звычайна ў такія вечары збіралася процьма людзей, прыходзілі ці прыязджалі на конях жыхары не толькі бліжняга, але і аддаленых аазісаў. Аднак на гэты раз гледачоў аказалася не больш дзесятка. Нанач Карнееў на ўсякі выпадак назначыў дзяжурства, каб людзі маглі спакойна адпачываць. Але ноч зноў прайшла спакойна. Нават азхара перастала крычаць. Можа, таму, што Вахрашчын з Аклілем не паленаваліся схадзіць у пакінуты аазіс і прагнаць з пальмаў усіх, хто там з птушынага племя збіраўся ўладкавацца на начлег.
Наступная ноч таксама прайшла спакойна. А потым няшчасце ўсё ж здарылася.
Недзе пад самую раніцу, калі сон бывае асабліва салодкім, Акліль пачуў за акенцам тупат ног і сцішаныя галасы. Паўтаралася імя Амамы. Акліль раскатурхаў Хуары:
— Чуеш? Там нешта здарылася з Амамам. Ды прачніся! Пабяжым, га?
Хуары незадаволена забурчаў:
— Соваеш нос, куды цябе не просяць… Усё! Як толькі атрымаем грошы, я адсюль паеду. Селім кажа, ён колькі хочаш запалаў здабудзе. А ты можаш сабе хоць на ўсё жыццё тут заставацца.
— Ага, — пакрыўдзіўся і раззлаваўся Акліль, — ужо гэтаму Павуку наш сакрэт выдаў! Ну, добра, паглядзім, хто хутчэй…
Акліль не дагаварыў, бо зноў паспешліва нехта пратупаў каля акна. Хлопчык выскачыў з вагончыка. Далейшыя падзеі гэтай раніцы зусім адсунулі ўбок яго спрэчку з Хуары.
Першае, што ён убачыў у дрыготкім паўзмроку, — мітусню каля палаткі, дзе знаходзілася электрастанцыя. Затым толькі ён звярнуў увагу, што колькі ўжо часу не чуе гуду яе рухавіка. Там нешта здарылася з Амамам! Акліль, спатыкаючыся ў сыпучым пяску, памчаў да электрастанцыі.
…Амама ляжаў на брызенце, а каля яго завіхаўся Вахрашчын. «Што гэта? — з жахам падумаў Акліль. — Амаму нехта забіў… Але чаму я не чуў стрэлу? Няўжо ён проста памёр, таму што крычала тая плюгавая птушка?»
Хутка ён, аднак, даведаўся, што Амаму ўдарыла токам, калі той датыкнуўся да корпуса электрастанцыі. Першым яго ўбачыў Вахрашчын, які па нейкай прычыне позна вяртаўся з аазіса. Цяпер механік рабіў Амаме штучнае дыханне — з дапамогай Юсуф-задэ разводзіў яго рукі, а затым рэзка прыціснуў іх да грудзей.
— Патрымайце зноў каля яго носа нашатыр! — камандаваў ён. — Сардэчнае, каб зрабіць укол, прынеслі?
— Ды позна ўжо, мёртвы ён, — ахрыплым голасам прамовіў Сідкі, які таптаўся побач.
Акліль блізка ад сябе ўбачыў ягоныя прыжмураныя, як у шакала, бязлітасныя вочы. І так яму стала шкада Амаму, які загінуў таму, што хацеў здабыць сабе ваду! Не помнячы сябе, хлопчык раптам учапіўся ў Сідкі.
— Трымайце яго! — закрычаў Акліль. — Гэта ён, ён забіў Амаму!
Бы жалезнымі абцугамі, сціснуў матарыст рукі хлопчыка. Аклілю здалося, што нават хруснулі косці. Ад моцнага штуршка ён грымнуўся вобзем.
— Нельга так малога, — Добыш падняў Акліля, прыгарнуў да сябе.
— Звар'яцеў шчанюк ад страху, — з кароткім смяшком прамовіў Сідкі. — Няма каму вушы надраць.
— Ды ты што гэта, Акліль? — папракнуў Вахрашчын. — Ты бачыў? Не. Амаму токам ударыла, разумееш? Зазямленне аказалася адключаным. Дык гэтак жа Сідкі і на цябе можа сказаць, што ты цішком зазямленне зняў.
— Я?! — закрычаў Акліль, вырываючыся з рук Добыша. — Гэта ён, ён!.. — Хлопчык аж захліпнуўся ад пякучай нянавісці да Сідкі.
— Дыхае… — сказаў у гэты час Вахрашчын, расціраючы Амаме грудзі.— Ну, давай, давай, старайся, хлопча. Я табе яшчэ масаж… Так вось… Нюхні нашатыру… Ага, не падабаецца! Во-о, і мяне пазнае ўжо! Зараз і запытаем, як было з тым зазямленнем.
Амама са здзіўленнем пазіраў наўкола. Потым раптам прыўзняўся, нечым занепакоены.
— Гэта ж ён заўважыў, што электрастанцыя не працуе, — растлумачыў Вахрашчын радасна. — Думае, праспаў! Ляжы, ляжы…
— Сэрца ў яго — дай алах кожнаму, — прамовіў Юсуф-задэ. — Такі ўдар вытрымаць…