Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Ты не выдумляеш? — запытаў у Яся.

— У кнізе напісана.

Ясь бачыў кнігу. Відаць, у руках трымаў. Цікава: колькі ў такой кнізе літарак? Напэўна, гэтулькі, як лістоў на дрэвах. Шмат такая кніжка можа расказаць. Шчаслівы Ясь.

Янка вырашыў пацікавіцца ў яго.

— Ясь, як па-твойму: калі бясконца летаў пройдзе, людзі будуць ведаць пра нас?

Не чакаў Ясь, што пра гэта Янка запытаецца, разгубіўся.

— Як ведаць?

— Ну, як жылі мы. Якія песні спявалі, што сеялі. Якой наша вёска была.

— Бясконца летаў — гэта колькі?

— Як зорак на небе.

Задумаўся Ясь. Вядома, многа летаў пройдзе.

Не раз і не два птушка Фенікс ператворыцца ў попел. Што ж будзе тут, у іхняй вёсцы, праз гэтулькі летаў? Ці застанецца яна? Вось каб наперад зазірнуць! Хоць праз маленькую шчылінку. Не зазірнеш. Няма такой шчылінкі. Што ж будзе? Відаць, крыжакоў разаб'юць. Ці праведаюць пра гэта людзі?

— Будуць, — нарэшце сказаў ён. — Кніжкі раскажуць.

— У кніжках пра князёў пішуць. Ці будуць ведаць пра мяне, пра Мацея, пра Алесю, пра цябе?

Ясь паціснуў плячыма.

— Як-небудзь праведаюць. Не бядуй.

Янка пальцам босай нагі вывеў на пяску знак, падобны на літару «наш».

— Я навучуся пісаць. І чытаць навучуся.

— Э-э-х! — уздыхнуў Ясь. — Уперад збудуй клетку, тады шукай птушкі.

— Ясь, хадзем на рэчку, — прапанаваў Мацей. Пра цётку з барадой, мабыць, ён зусім забыўся.

Хіба прапанаваў бы, калі б успомніў?

— Хадзем, — пагадзіўся Ясь. — Бабровыя хаткі вам пакажу.

З Ясем не страшна

Яны ўчатырох ішлі па ўскрайку лесу. З Ясем зусім не страшна.

— Ці ведаеце, як раней жылі нашы прашчуры? — завёў гаворку Ясь.

Янка забег наперад, глянуў на яго.

— Калі гэта — раней?

Ясь махнуў рукою, паказаўшы на векавы дуб-велікан, які стаяў непадалёку.

— Калі і гэтага дуба тут яшчэ не было.

— Не ведаем. Раскажы, раскажы, — што сарока, зашчабятала Алеся.

— Нашы продкі, як і цяпер, сваё жытло звычайна рабілі каля рэк, — пачаў Ясь. — Як думаеце? Чаму?

— У рацэ рыбу можна лавіць, — сказала Алеся.

— Малайчына. Кемлівая, — пахваліў яе Ясь. Мацею, відаць, не даспадобы, што апярэдзіла яго дзяўчынка.

— Таўчэшся пад нагамі,— буркнуў ён.

— Сам ты таўчэшся, — не змаўчала Алеся. — Я збоку іду.

— Завяліся, — папракнуў Ясь. А Янка звярнуўся да яго:

— Чаму ты сказаў, што рабілі жытло? Трэба казаць: хаты.

— Хаты яшчэ не навучыліся будаваць. Бярвенні, як цяпер, не ссякалі. Рабілі сваё жытло з тоўстых сукоў, з касцей маманта.

— Мамант — гэта звер? — пацікавіўся Мацей.

— Але, звер. Ён быў самы магутны, самы вялікі ў нашым лесе.

— Такі, як тур? — запытала Алеся.

— Яшчэ большы. Скура ў яго была тоўстая, поўсць густая, а ўперадзе вытыркаліся белыя, што снег, клыкі. Іх называлі біўнямі.

— Дзе падзеліся маманты? — не вытрываў Янка. — Мо ў чужыя лясы ўцяклі?

— Чуў ад людзей, што загінулі, вымерлі. Усе як адзін.

Янка аж галавою пакруціў. Што ж выходзіць? І хітрыя лісы, і шустрыя зайцы, і мядзведзі-таптуны, і вавёркі-рыжухі, і адчайныя дзікі, і дужыя зубры, і рыжыя туры могуць загінуць, як загінулі маманты? Сёння жывуць, бегаюць, а заўтра іх не будзе? Не верыцца, што калісьці такое станецца.

— Дык як раней жытло рабілі? — перапыніў думкі Мацей.

— Замест падмурка клалі чарапы мамантаў, а пасля сухажыллямі ці скуранымі паскамі замацоўвалі сукі, шкілеты загінуўшых жывёл, якія зверху накрывалі шкурамі. А шкуры прыціскалі касцямі. Зімою распальвалі там вогнішча, грэліся, спявалі, б'ючы ў бубны, выводзячы трэлі на касцяных свісцёлках, дудках.

Янка ўявіў тое даўняе жытло, падобнае на будан, які і яны, хлапчукі, у лесе часта рабілі. Вядома, у хаце, асабліва зімою, лепей, чым у такім будане. Але ж людзі весяліліся, песні спявалі. Дружна жылі, як і цяпер. Калі б не было згоды, то не спявалі б песень. Вунь адкуль іхняя сённяшняя дружба пачатак бярэ! Здаўна. Моцную сілу дружба мае. Магутныя маманты згінулі, а яна жыве, красуе. Добра было б, каб яшчэ многія — многія леты жыла. Інакш…

Прыгадалася, як наляцелі крыжакі, як схапілі яго і Мацея, як пасля стаялі жалезнай сцяной. «Адзін дасуж, ды не дуж», — падумалася.

Ён дагнаў Яся, сказаў:

— Ты нядаўна казаў, што мы славяне. Славяне — гэта хто?

— Народ. Ёсць шмат народаў. Наш народ славянскі. Калісьці славяне жылі плямёнамі. Разам на паляванне хадзілі, разам ваявалі. Усё-ўсё разам рабілі.

— А як наша племя называлася? — рупіла дакапацца Янку.

— Мы панямонцы, — сказаў Ясь. — Нашы прашчуры — крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Гэта тры славянскія плямёны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: