Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Азбука

Праз сон Янка пачуў, як сказаў бацька, звяртаючыся да маці: «Трэба за раку ехаць, сена грабці. І гэтых жаўтароцікаў разбудзіў бы, ды зноў там пра крыжакоў успомняць. Лепей няхай дома пабудуць». — «Але, — пагадзілася маці.— І сёння ў сне кідаліся. Ніяк не забудуцца. У мяне і ў самой усе жылачкі трасуцца, як успомню».

Янка крыху расплюшчыў вочы. Спіць Мацей, прытуліўшыся да яго пляча, ціхенька сапе ў нос. Падмывае ўскочыць, папрасіцца, каб узяў бацька з сабою. Мінулае лета за ракою разам сена ў копы складвалі. Пасля, узімку, калі балота панцырам сціснула, калі рэчку лёдам закавала, на санях у хлеў яго вазілі.

Падмывае ўскочыць, але вочы заплюшчваюцца, заплюшчваюцца… Не, не… Не адарваць галавы ад падушкі. Заўтра папросіцца, заўтра…

Ён, абняўшы Мацея, заснуў.

Калі сонца паднялося над вёскай, калі ягоныя ўвішныя праменьчыкі прабіліся ў кожную шчылінку, калі, ласкава казычучы, дакрануліся да іхніх твараў, яны прачнуліся, пасёрбалі халоднага шчаўя, якое маці паставіла на прыпеку, і выскачылі на двор. Тут як тут Алеся — ранняя птушка. Ужо чакае іх.

— Мае за раку паехалі,— паведаміла.

— Алеся, ты не баішся? — запытаў Мацей. Алеся апусціла вочы.

— Баюся.

— А вы не бойцеся, — сказаў Янка. — Гэта васілевіцкія пераапрануліся.

Васілевіцкія… Каб так! І што гэта навалілася на іхнюю вёску? Спярша крыжакі, цяпер цётка з барадой… Усю работу людзям перапыніць. А летні дзень год корміць. І чаму ўчора кіем ёй не смальнуў? Аслупянелі…

— Яначка, ты думаеш, што гэта васілевіцкія? — падаў голас Мацей.

— Мне так здаецца.

— А калі зараз сходзім да васілевіцкіх і пра ўсё распытаемся? Не стануць прызнавацца — зловім каторага і адлупцуем.

Янка слухаў брата і дзіву даваўся. Учора скнарыўся, а сёння смяльчак. Відаць, нечая добрая душа, якая па свеце лятае, смеласці яму прыбавіла.

— Янка, хадзем.

Ці пайшлі б яны ў Васілевічы? Бадай, пайшлі б, калі б не Ясь. Выскачыў ён як з-пад зямлі.

— Прывітанне, хлопчыкі і дзяўчынка.

— Усе на балоце, а ты ў вёсцы? — не сцярпеў Янка.

— Я накасіўся. Ранняя птушка зубкі прачышчае, а позняя вочкі працірае. — Ясь падмаргнуў: — Пра азбуку чулі?

— Не. Што гэта? — звярнуўся да яго Мацей.

— Гэта… Як жа сказаць вам? А калі… Хочаце, я вам літары пакажу?

— А што такое літары? — пацікавілася Алеся.

— Літары — гэта крыжакі,— вырашыў паказаць сябе Мацей.

— Не, не, не. Літары — гэта літары.

— Літары — гэта літары? — разявіў рот Мацей. На лобе ў Яся выступілі кропелькі поту. Вельмі ж хацелася яму, каб дзеці раскумекалі, што такое літары.

— Літары можна рукою памацаць? Яны смачныя? — запытала Алеся.

Ясь скрывіўся, як з'еўшы горкага.

— Не.

— Яны лятаюць, як птушкі? — запытаў Мацей.

— Не. Іх можна ўбачыць. Зараз убачыце. Зараз…

Янка зразумеў, што Ясь нарэшце здагадаўся, як растлумачыць ім, што такое літары. Дый хіба магло быць інакш? Ён жа вой. Самых заядлых крыжакоў перамагае.

— Ясь, ты пакажаш нам літары? — усклікнуў Янка.

Так карцела хутчэй убачыць гэтыя дзіўныя літары! Нават крыжакоў на свае вочы бачыў, а літары чамусьці не.

— Пакажу. Пацярпіце. Не ўсё адразу.

Ясь узяў галінку, якая ляжала непадалёку, дастаў нож, завастрыў яе, нагамі ўтаптаў пясок. Яны ж вачэй з яго не зводзілі, нават дыханне затаілі.

— Пацярпіце. Трошкі пацярпіце.

Вострай галінкай Ясь вывеў на шэрым пяску тое, што, мабыць, да яго тут ніколі-ніколі не выводзілі.

— Бачыце?

— Ну і што? — паціснуў плячыма Мацей. Алеся заскакала на адной назе.

— І я так змагу. І я так змагу.

А Янка… Янка глядзеў і разважаў. Стаяць два слупкі, ад аднаго да другога зверху ўніз быццам жэрдку прыбілі. Навошта так?

— Ясь, гэта літара? — усё-ткі змікіціў ён.

— Літара, — неяк асабліва цёпла, як звычайна кажуць аб самым родным, аб самым блізкім, прагаварыў Ясь. — Яна называецца «наш».

— Чаму не ваш? — адкрыў рот Мацей. Ясь яму ў адказ:

— Чаму ты не Мікола, а Мацей? Мацей выгнуў колам грудзі.

— Я Мацей, бо мяне Мацеем назвалі.

— І гэтую літару назвалі «наш».

Янка слухаў Яся і вушам сваім не верыў. Выходзіць, не толькі людзям імёны даюць, але і гэтым дзіўным літарам.

— Яшчэ ёсць літары? — пацікавіўся ён.

— Ёсць.

Ясь зноў вывеў на пяску: К.

— Як гэтая літара называецца? — апярэдзіла ўсіх Алеся.

— «Како», — сказаў Ясь.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: