Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Ты дудачку ўжо зрабіў? — парушыла маўчанне Алеся.
Ясь паднёс да рота дудачку. Зайграла, заспявала дудачка. І здалося Янку, што расказвае яна пра слаўны славянскі народ, які не толькі мужна біўся.
— Ясь, як раней людзі жылі? Раней было шмат бажкоў? — запытаў, бо прыгадалася, як маці тварог ім выносіла, як шкадавала, што ў лес прагналі.
— Шмат. Былі заступнікі рода — Род і Рожаніца. Яшчэ людзі пакланяліся Перуну — богу грому, Велесу, які пра жывёлу клапаціўся. А ты чаму пра гэта пытаеш?
— Хочацца ведаць.
Ясь устаў, прытуліў яго да сябе.
— Пытайся, Яначка. Часцей пытайся. Ну, а калі вырасцеш, калі станеш у паходы хадзіць, то вечарам каля цяпельца шмат чаго наслухаешся. Падрастай. Хутчэй падрастай, Яначка.
— Я цяпер хачу ведаць.
— Забягайце да мяне. Пацешу. — Ясь падаў Алесі дудачку: — Трымай, перапёлачка.
Алеся ўзяла дудачку, сказала з гонарам:
— Я не перапёлачка, я дзяўчынка. Ясь засмяяўся звонка-звонка.
— Дзяўчынка, дзе твая Паўлінка?
— На балоце. З бацькам сена грабе. Ясь крутнуўся на адной назе.
— Пабягу. Да сустрэчы, хлопчыкі і дзяўчынка. Янка, уздыхнуўшы, прагаварыў:
— Ясь — смелы вой. А вы смелыя?
— Я смелы, — пахваліўся Мацей. А Алеся паціху прызналася:
— Я толькі крыжакоў і цёткі з барадой баюся.
— А васілевіцкіх хлопцаў ніхто з вас не баіцца?
— Яначка, ты біцца з імі сабраўся? — пацікавілася Алеся.
— Біцца мне не хацелася б, але на свае вушы чуў, як хваліліся, што сёння вечарам на нашым агародзе моркву парвуць. Трэба папільнаваць. Сцапаем як міленькіх. Хто са мною?
— Цётка з барадой не прысунецца? — запытаў Мацей.
Янка з пагардай зірнуў на яго.
— Настрашыў мех, дык і торба страшная?
— Я пайду. З табою пайду, — узахвоціўся Мацей.
— І я пайду, — сказала Алеся.
На агародзе
На агарод яны прыйшлі, узброіўшыся кіямі. Янка выбраў дубовы, важкі. Канешне, не васілевіцкіх баяліся. Антона і Макара можна было б і крыкам напалохаць. У чужым агародзе ніхто не стане біцца. У чужы агарод лезці, што зайцу пад кустом сядзець. А вось цётка з барадой… Хоць і не казалі ўголас, але цвіком сядзела ў галаве: «Што, калі яна прыпрэцца?»
Вечар, па-летняму цёплы, стаяў над вёскай. Пахла травамі, зёлкамі, на балоце крумкалі жабы, у кустах цёхкалі салаўі, а над самаю зямлёю, што прывіды-здані, праносіліся кажаны.
— Бач, як панёсся, — заўважыў Мацей. — Над самай галавой мільгануў.
— Нібы душа, — азвалася Алеся. Мацей, як відаць, не зразумеў.
— Якая душа?
— Душа памерлага. Калі чалавек памірае, то ягоная душа лятае па свеце. Яна можа быць падобнай на шарык, на апілку, нават на маленькага чалавечка.
— Мне Ясь расказваў, што бачыў маленькіх чалавечкаў. Зусім маленькіх. Ёсць і старыя, але маленькія. Як ты, Алеся, як я. Гэта што — душы?
— Не. Душа ўсіх бачыць, а яе ніхто.
Не даспадобы Янку, што такую гаворку завялі. Менцяць языкамі. Гэта не давядзе да дабра. І на яго, і на сябе страху нагоняць. Цемень… Перапыніць? Але ж і моўчкі стаяць не хочацца.
— Не толькі душа бачыць і чуе, але і памерлы, — старалася Алеся. — Калі скажаш пра яго што-небудзь кепскае, то будзе доўга помсціць.
— Няўжо памерлы чуе? — страпянуўся Мацей. Янка перацепнуў плячыма. Непрыемна гэткае слухаць. Быццам па дрыгвяністым балоце ідзеш. Замірае душа, сціскаецца сэрца… А Алеся балабоніць, не спыняецца:
— Душа лятае і робіць альбо кепскае, альбо добрае. Можа збіць з дарогі, завесці ў карчы, у балота.
— У балота? — здзівіўся Мацей.
«Зараз прыдумае што-небудзь, пачне дамоў прасіцца», — падумаў Янка. І праўда, прыдумаў.
— Братка, у мяне нага здзервянела. Стаю, а яна не разгінаецца. У хату пайду.
— Ха-ха-ха! — не стрымаўся, зарагатаў Янка. — Як заклыпаеш? Нага ж не згінаецца.
— Я на адной. Скок-скок… Другая згінаецца.
— Печанай рэпы наеўся б, — паўшчуваў Янка. — Не дрыжаў бы так.
Што ж, у іхняй вёсцы, ды і не толькі ў іхняй, заўжды лічылі, што печаная рэпа смеласці прыбаўляе. На кожным агародзе расце. Нават казку пра. яе прыдумалі. Як вырасла вялікая. Як цягнуў дзед — не выцягнуў. Як паклікаў бабку. Як бабка з дзедам не выцягнулі. Як паклікалі ўнучку. Як і з унучкай не выцягнулі. Як паклікалі Жучку. Як і з Жучкай не выцягнулі. А вось паклікалі мышку — і дапамагла, выцягнулі.