Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Чуў,— кажу. — Мірон Казіміравіч і Ландыш страшнейшыя за самую чорную руку. Хаця ў іх рукі белыя, ды душы чорныя.

— Наплёў несусвеціцы, — прагаварыў Пятрусь. — Хадзем. Дадому завяду, бо зубы павылятаюць, як станеш лякацець. Прыйдзецца жалезныя ўстаўляць.

— Галава ў цябе жалезная, — не сцярпеў я.

Мы ўсталі і пайшлі. Мінулі паваротку. За павароткай стаялі чорныя «Жыгулі», а каля іх тапталіся Мірон Казіміравіч і Ландыш.

— Гэта яны! — ледзь вымавіў я і, схапіўшы Петруся за рукаў, пацягнуў у кусты.

Ну й алхімікі! Нездарма тут. Мяне чакаюць. Добра, што Пятрусь запыніў. Калі б я ляцеў на злом галавы, то ў самыя рукі заляцеў бы. Схапілі б, як парася, і ў мяшок.

— Пятрусь, гэта Мірон Казіміравіч і Ландыш. Алхімік з барадою.

— Не выдумляй, — не паверыў Пятрусь. — Людзі як людзі. Стаміліся, едучы, у лес звярнулі. Захацелася кіслародам падыхаць.

— Яны табе так надыхаюць, што кашляць пачнеш.

— Давай падкрадземся, паслухаем, пра што гавораць, — прапанаваў Пятрусь.

Можна рызыкнуць. Як кажуць? Альбо дожджык, альбо снег, альбо будзе, альбо не. Перабягаючы ад куста да куста, мы наблізіліся да «Жыгулёў», прыселі.

— Дзе ён? Дзе яго трасца носіць? — пачуўся хрыплы Ландышаў голас.

— Пачакаем. Можа, двойку схапіў. Можа, пасля ўрокаў пакінулі,— адказаў яму Мірон Казіміравіч.

Мне як абухам па галаве стукнулі. Усё-ткі чакаюць. Такія духі вымуць. А Пятрусь мне не верыў.

— Трэба было не выпускаць яго з машыны, — прамовіў Ландыш.

— Не думаў, што ўцячэ. Выкруціўся, як уюн.

— А калі плюнуць на яго? Знойдзем іншага. Іншага адправім у казку.

— І той можа ўцячы. Пойдзе погаласка, што ловім дзяцей. Нам не патрэбна рэклама. Дый не прывык я адступаць. Калі нешта задумаў, то абавязкова давяду да канца. Калі не давяду, спаць не буду. Ён яшчэ паскача дроздзікам.

Я зірнуў на Петруся. Вочы ў майго сябра шырока расплюшчаныя, ніжняя губа трасецца. А што было б, калі б у машыне пасядзеў?

Я, ледзь раскрываючы вусны, спытаў:

— Чуў?

— Чуў,— прашаптаў Пятрусь і стаў адпаўзаць назад.

У лесе

І дома я адчуваў сябе не лепей. Усё чакаў, што з'явяцца чорныя «Жыгулі», што праімчацца па вуліцы, разганяючы курэй.

Супакоіўся толькі вечарам, калі Пятрусь прыгнаў з пашы кароў.

— Пашанцавала табе, Ігнат, — сказаў ён. Я ўздыхнуў.

— Пашанцавала, як дзеду, які ўпаў з печы і пабіў плечы.

А майму сябру і гора мала.

— Даспадобы ты ім. У нас мільёны хлапчукоў, а выбралі менавіта цябе. Ганарыся.

— Чаго мне ганарыцца? Хіба гэта конкурс прыгажуноў?

Пятрусь сеў на лаўку, закінуў нагу за нагу.

— Вось халера! Нават не верыцца.

— Па-твойму, яны ў казку хочуць мяне адправіць? — запытаў я.

Пятрусь са смехам адказаў:

— Альбо ў казку, альбо на кілбаску.

Магчыма. Нешта нядобрае задумалі. Пускаюць туман у вочы.

— Камбінатары яны, — прамовіў Пятрусь. — Добра, што ты ўцёк.

Я прысеў каля сябра.

— А калі заявіць на іх у міліцыю?

— Хто табе паверыць? Скажуць: «Хлопец, не дуры галаву. У нас і так задураныя».

Але, не павераць. Падумаюць, што жартачкі строю. Вось каб Мірон Казіміравіч і Ландыш мяне збілі, каб былі сінякі на маім твары, то можна было б даведку ў доктара ўзяць, прынесці, паказаць. Тады хоць не хоць, а ў міліцыі разбіраліся б.

Я зірнуў на Петруся.

— Як мне жыць?

— Еш за дваіх, спі за траіх, гуляй за чатырох.

— Здзекуешся?

— Яны цябе не злавілі? Не злавілі. Думаеш, што на дарозе стаяць? Не. Даўно і след прастыў.

Я павесялеў, адлягло ад сэрца. Чаго сумаваць? Вядома, паехалі яны. Даўно ў Менску. Калі б не паехалі, то абавязкова азваліся б. Дулю з макам з'елі. Няхай падзякуюць, што мы адпусцілі іх з мірам. Можна было б колы ў «Жыгулях» папрапорваць.

У гэтую ноч мне прыснілася, што я ў казцы. Нібыта сяджу на залатым троне ў залатым балахоне і на чарадзейнай дудцы іграю. Ні стуль ні ссюль з'явіліся Мірон Казіміравіч і Ландыш. За плячыма ў Мірона Казіміравіча мяшок. Я іграю, а яны ўсё бліжэй да мяне падыходзяць. «Зноў нервы тузаць?» — крыкнуў я і, саскочыўшы з трона, бэц Мірону Казіміравічу чарадзейнай дудкай па лобе. Ён рукі ўгору: «Твая ўзяла». І Ландыш цягне рукі ўгору, лекаціць: «Мяне не бі. Здаюся».

Вядома, пасля такога сну ў мяне быццам сілы прыбавілася. Я з'еў аж дзевяць блінцоў са смятанаю. Нават маці здзівілася: «Ігнат, табе трэба выступіць у конкурсе на лепшага едака».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: