Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
Барадач усміхнуўся.
— Твая вёска ў лесе? Дыхаецца добра? Прыгожа, як у казцы? Так?
— Канешне. У нас кіслароду шмат. Лес кісларод выдзяляе. Вы ведаеце. А прыгажосць сапраўды казачная.
Мне рупіла расказаць яму, як увесну на розныя галасы крумкаюць на возеры жабы, як каля берага, на сонцы, грэюць спіны шчупакі, як таемна шэпчуцца сосны, як восенню спелы жолуд падае на мяккую подсцілку з лісцяў, вылузнуўшыся са сваёй шкарлупіны, як… Шмат чаго хацеў расказаць. Ды барадач прамовіў:
— Хм, казачная… Любіш чытаць казкі?
— Яшчэ як люблю. Асабліва чарадзейныя. Некаторыя па некалькі разоў перачытваю, — пахваліўся я.
Барадач скінуў акуляры, глянуў на мяне. Вочы ў яго заблішчалі, як у галоднага ката. Мне здалося: зараз накінецца на мяне.
— Вы чаго? — прамовіў я. — Мне ў школу трэба. Хутка ўрокі пачнуцца.
Барадач зірнуў на наручны гадзіннік.
— Яшчэ паспееш. Толькі палова дзевятае.
— Ды ён баіцца. Вялікі ўжо хлопец, а баіцца. Хі-хі-хі…— хіхікнуў доўгі.
Гэта закранула мяне за жывое. Чаму я павінен іх баяцца? На сваёй дарозе, каля свайго лесу, сярод белага дня.
— Не баюся. Я ноччу праз лес магу прайсці.
— Смелы ты? — запытаў барадач.
Карцела сказаць яму: «Не дуры галаву». Але стрымаўся, прамаўчаў.
— Як цябе зваць? — зноў запытаў барадач.
Чаго ён прычапіўся? Чаму дапытваецца? Можа, рыбкі ў нашым возеры захацелася палавіць? Не. Цяпер ні за якія грошы не скажу, што ў нас возера, што рыбы ў возеры шмат. Спярша ўдвух прыедуць, а пасля і сябрукоў прывязуць. Возьмуць і сеткі, і невад. Так не раз было.
— Дык як цябе зваць?
— Ігнат, — буркнуў я.
— Мяне Мірон Казіміравіч.
— А мяне Ландыш, — прахрыпеў доўгі.
— Ха-ха-ха… — засмяяўся я.
Хіба не смешна? Далі імечка. Ландыш… Яшчэ каб Крапівою назвалі. Зусім замудрыліся яны ў сваёй сталіцы.
— Хлопчык, ты казаў, што любіш казкі. Калі пажадаеш, то адпраўлю цябе ў казку, — прамовіў Мірон Казіміравіч.
Хіба магчыма? Можна адправіць у космас, на Месяц, нават на край свету, як кажуць. Але ж у казку… Агарод гародзіць.
— Вы жартуеце? — запытаў я. Мірон Казіміравіч спакойна сказаў:
— Я ўсё магу. Я алхімік.
Усё-ткі жартуе. Алхімікаў у нас даўным-даўно няма. У старажытнасці былі алхімікі. Яны са звычайнага металу імкнуліся здабыць золата. Нічога не выйшла ў іх. Цяпер кожны пра гэта ведае.
— Не смейцеся, — сказаў я.
Вочы ў Мірона Казіміравіча зноў заблішчалі, як у галоднага ката.
Я непрыкметна пачаў падсоўвацца да дзверцаў, каб імгненна адчыніць іх і выскачыць на асфальт, як гэта робяць вопытныя дэтэктывы ў кінафільмах пра міліцыю.
— Я не смяюся. Адпраўлю ў казку са знакам якасці. Даю гарантыю. Мая фірма венікаў не вяжа. Паедзеш, як на санках з горкі.
— Аж у вушах засвішча, — падхапіў Ландыш. — Пагаджайся. Людзі ў космас ляцяць, адзін перад адным стараюцца. Іншаземцы, каб паляцець, валютай нам плацяць. А мы цябе ў казку бясплатна адправім.
Ну й алхімікі! Якім ветрам іх сюды занесла? Выдумляюць пра казку. Нешта іншае задумалі. Зараз накінуцца, затуляць рот і…
— Не бойся, — сказаў Мірон Казіміравіч. — Ты ж любіш казкі. З казачнымі героямі сустрэнешся, пазнаёмішся. Жар-птушку зловіш, калі захочаш.
— Будзеш яе ў залатой клетцы трымаць, — дадаў Ландыш.
— Калі надакучыць жар-птушка, выпусціш, залатых яблыкаў нарвеш. У адну кішэню і ў другую, — прагаварыў Мірон Казіміравіч.
А Ландыш падмаргнуў мне.
— Навучышся на чарадзейнай дудцы іграць. Навошта хадзіць у школу? Сядзеш пад кустом і будзеш іграць цэлымі днямі.
Я намацаў ручку дзверцаў. Не дамся вам у рукі. Самі рвіце залатыя яблыкі. Без іх абыдуся.
— Жывую ваду знойдзеш, — прамовіў Мірон Казіміравіч. — Цэлы збан набярэш. Сам нап'ешся і сябрам дасі.
— Такім прыгажуном станеш, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць, — прахрыпеў Ландыш.
Я рвануў ручку дзверцаў, выскачыў з машыны, перабег цераз дарогу і памчаўся па шашы.
— Дурненькі! Само шчасце ў рукі плыве. Невядома, ці зноў пашанцуе, — усклікнуў Ландыш.
А я — дай бог ногі.
На лясной дарозе
Пакуль я дайшоў да школы, сем патоў з мяне сышло. Відаць, ад страху. Такіх прайдзісветаў яшчэ не бачыў. Падманваюць, завабліваюць, як паляўнічыя ляснога звера. Што ж было б, калі б з машыны не ўцёк? Пэўна, завезлі б у глухамань, а там… Бр-р-р…