Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Я зайшоў у клас, зваліўся на крэсла. Нехта з аднакласнікаў (не памятаю хто) падсеў да мяне, крануў за плячо: «Што з табою?»

Прызнацца? На смех падніме. Хіба паверыць, што людзі са сталічнага горада прапаноўвалі ў казку адправіць? Гэта ж фантастыка.

Празвінеў званок. Аднакласнікі раскрылі кнігі. Цяпер ім, вядома, не да мяне.

Незвычайна хутка праляцелі ўрокі. Запытаеце: чаму? У школе ўсе знаёмыя, свае. Настаўнікі, бывае, і двойку паставяць, але, калі што, і заступяцца. А там, за школьнымі весніцамі… Што, калі тыя злыдні падпільноўваюць, каб схапіць? Душою я адчуваў: проста так яны не адчэпяцца. Ды не станеш начаваць у школе.

Цяжка ўздыхнуўшы, я выйшаў на шашу. Зірнуў у адзін бок, у другі. Ці стаяць чорныя «Жыгулі»? Няма. Не відаць. Зразумелі Мірон Казіміравіч і Ландыш, што не паддамся на вудачку. Далей паехалі, іншых дурняў шукаюць. А мо зараз вылецяць з-за павароткі?

Я бягом па шашы. «Шлёп-шлёп», — гулка шлёпаюць па асфальце падэшвы чаравікаў. Ляцяць, абмінаючы мяне, легкавушкі: белыя, вішнёвыя, блакітныя… Спяшаюцца, не збаўляюць хуткасць. Куды ж? Куды?

Міжволі ў скронях затахкала: «Куды? Куды?..»

Як мне хацелася абагнаць самую хуткую легкавушку! «Шлёп-шлёп», — па асфальце гулка, нібы ў пустыні. Сонца слепіць вочы, на вейкі спаўзаюць кроплі поту. «Куды? Куды?» — гучыць у скронях аднастайна.

Чаму ж так? Вядома ж, куды я бягу. Дадому. Наемся кіслага малака з хлебам — і на возера. Сяду ў аеры, вуду закіну… Неба над галавою без мяжы, без краю, роўная гладзь вады перад вачыма, і цішыня. Ціха-ціха вакол. Нікога на белым свеце. Толькі я, неба, возера… Мірон Казіміравіч і Ландыш кажуць, што ў казцы добра. Хм, добра… Мусіць, ні разу каля возера не сядзелі. Кажуць, што залатыя яблыкі растуць, што чарадзейную дудку займею. На залатыя яблыкі і чарадзейную дудку сваё возера памяняць? Дзівакі! Якія ж яны дзівакі!

«Куды? Куды?» — тахкае ў скронях. «Дадому!» — карціць крыкнуць уголас. Дадому? А калі Мірон Казіміравіч і Ландыш затаіліся, чакаюць? Калі не паспею дабегчы дадому? Не. Які ж я баязлівец! Чаму страхам праняло? Здараецца, цэлы дзень па лесе блукаеш, здараецца, нават ноч у лесе застане. Спяшаешся дадому, неспакойна на душы. Але ж каб было так страшна, як сёння… Аднаго разу, узімку, калі ішоў са школы, два ваўкі праз дарогу перабеглі. Ад неспадзеўкі стаў, упіваючыся вачыма. Ды страх хутка прайшоў. А сёння не праходзіць. Людзей сустрэў, не ваўкоў. Хіба сустрэча з людзьмі горшая, чым сустрэча з ваўкамі?

Мірон Казіміравіч… Ландыш… Усміхаліся. Нямала ўсмешак бачыў, не раз і не два чуў смех. І сам усміхаўся, калі ўсміхаліся. А ад іхніх усмешак марозам па спіне.

Праносяцца легкавушкі, са свістам прарэзваюць паветра. Спяшаюцца. Мабыць, як і я, дадому. Дадому, дадому… Як добра ў хаце!

Вось і паваротка. Вось і наша дарога, змераная не толькі нагамі, але і рулеткай.

Я прыпыніўся. Нарэшце можна перавесці дух.

«У-у-у-у…» — неспадзявана пачулася з кустоў. Ну нібыта воўк завыў. А пасля трэск, быццам на сухое галлё наступілі.

Няўжо Мірон Казіміравіч і Ландыш у кустах? Чаму па-воўчы выюць? Хіба ў ваўкоў перакінуліся?

Я хацеў даць лататы, ды ўбачыў: Пятрусь на дарогу вылазіць.

— Што? Перапалохаўся?

Усміхаецца. Быццам яму медаль на грудзі павесілі. Не ведае, што ў мяне на душы.

— Ты… Табе… З табою… Чорт з табою, — нечакана скончыў я.

Пятрусь здзіўлена прамовіў:

— Ігнат, ты паверыў, што воўк у кустах вые?

— Тут ходзяць двухногія ваўкі,— уздыхнуў я.

— Ты пра мяне? — прыжмурыўся Пятрусь.

— Не. Чаго па кустах лазіш? Цябе бацька паслаў каровы пасвіць.

— На балоце пасвяцца, — сказаў Пятрусь. — Надакучыла каля іх сядзець. Цябе сустракаю.

— Пачакай. Яшчэ і цябе сустрэну. Так сустрэну, што не захочаш, — са злосцю прамовіў я.

Па-сапраўднаму ўзлаваўся на Петруся. Душа, што напятая спружына, а ён палохае. Калі б яму цяпер шэсць двоек у дзённік паставілі, то не пашкадаваў бы яго.

— Ігнат, не сярдуй. Мы з табой памірымся, — сказаў Пятрусь.

Хіба будзеш на такога злаваць? Сапраўды, памірымся. Калі канікулы, то, здараецца, на дзень разоў пяць сварымся і разоў пяць мірымся.

Я прашаптаў:

— Каля нашага лесу такія ваўкі цягаюцца. Такія… Сядзь. Паслухай.

Мы з Петрусём селі на траву, і я расказаў яму, як сустрэў Мірона Казіміравіча і Ландыша, як яны запрасілі мяне ў чорныя «Жыгулі», як прапанавалі адправіцца ў казку.

Пятрусь пачухаў патыліцу.

— Ігнат, я табе пра чорную руку раскажу. Вісела на сцяне люстра. Вечарам яна апускалася, быццам на нітцы. На тым месцы была дзірка. З дзіркі высоўвалася чорная рука. Калі хто-небудзь праходзіў каля сцяны, яна біла ў твар. Стукне — і ў дзірку. А люстра адразу на тое ж самае месца. Людзі, якія жылі ў гэтай хаце, усе хадзілі ў сіняках. Ніхто не мог здагадацца, хто б'е без літасці.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: