Шрифт:
28 студзеня 1985 г. Раптам у час майго абедзенага перапынку патэлефанаваў мне мой добры колішні знаёмы Мікола Галенка1. Размаўлялі з паўгадзіны, а сустрэцца хацелася абодвум. У мяне было на вечар запрашэньне Дома літаратараў на прагляд мастацкага двухсерыйнага фільма Сяргея Герасімава “Леў Талстой”. Запрашаю і Міколу, каб некалькі гадзін пабыць разам. Ён з задавальненьнем даў згоду. У 18 гадзінаў прыехаў да мяне на працу, і мы адсюль пайшлі туды па-над закаванаю ў лёд Сьвіслаччу.
Па дарозе размова зайшла пра Алеся2, пра яго незвычайны лёс і незвычайнае месца ў беларускай паэзіі. Пагадзіліся, што гэта паэт еўрапейскага, сусьветнага маштабу. Шчасьце, што ён не зламаўся ад бясконцых перасьледваньняў. Атакі на яго і цяпер працягваюцца, але ж, адчуваю, што ён перайшоў свой Рубікон і сваю справу рабіць сьмела, упэўнена і плённа.
А колькі такіх прыкладаў у нашым “прыўкрасным”, як сказаў бы Валодзя Караткевіч, жыцьці, калі такія, як Алесь, не вытрымлівалі ні маральна, ні фізічна, гінулі, – чаго і дамагаліся чарнасоценцы.
Вось адзін з іх.
Некалькі гадоў таму на другім курсе гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага універсітэту быў праведзены незвычайны камсамольскі сход. На парадку дня было пастаўлена пытаньне пра якасьць лекцыяў па філасофіі. У прынятай пастанове студэнты-камсамольцы забракавалі лекцыі большай паловы выкладчыкаў. Больш таго, яны выказалі там думку, што ня трэба засьмечваць галовы студэнтаў шмат якім тэмамі наогул, што трэба вызваліць іх нават ад некаторых цэлых курсаў (цыклаў) лекцыяў.
Каб надаць большую моц свайму дакументу, яны вырашылі не абмяжоўвацца подпісам пад ім толькі кіраўнікоў (прэзідыуму) сходу, як гэта патрабуецца, а падпісацца ўсёй грамадою. Так і зрабілі. Свае подпісы паставілі таксама многія студэнты старэйшых курсаў гэтага факультэту, а нават і студэнты іншых факультэтаў.
Узьнікла бура. Юнакоў і дзяўчат пачалі цягаць то ў дэканат, то яшчэ кудысьці ці з удзелам “кагосьці”. Кожнага падсьледнага з пострахам дапытвалі пра яго адносіны да Польшчы, да польскае культуры і мовы. Шукалі сімпатыкаў, а то і агентаў “Салідарнасьці”. Намецілі недзе каля дваццаці ахвяраў. Адной з іх стаў студэнт Малашчук, сын урачоў з Кобрыну. Запалоханы юнак пабег у ваенкамат і папрасіўся тэрмінова ў войска, каб схавацца ад расправы. Але ж яго дагнаў дакумент аб выключэньні і з камсамолу, і з універсітэту.
Хлопец адслужыў сваё і з хадайніцтвам аб аднаўленьні яго ва універсітэце паступіў рабочым на Брэсцкі, здаецца, электралямпавы завод. Праз год вяртаецца ў Менск з двума хадайніцтвамі – вайсковым і заводскім. Пайшоў адразу да дэкана факультэту Царук – дачкі былога беларускага Прэзідэнта Сяргея Прытыцкага. Гэта аблаяла яго, назвала антысаветчыкам, ворагам народу і выставіла з кабінету. Малашчук пайшоў да прарэктара Петраляна. Тут адбылося тое самае. Затраўлены юнак падняўся на шосты паверх і… выкінуўся з вакна.
Справай “старанна” займалася пракуратура Ленінскага раёну г. Менску і вінаватых… не знайшла! Забойцы засталіся ў партыі прывілеяванымі яе членамі… Яны надалей працягваюць выхоўваць студэнтаў у духу камунізму. Зьдзекуюцца над самымі таленавітымі, над тымі, хто здольны ў пануючых вакол іх парадках бачыць антынародныя злачынствы. А гэтыя злачынствы кожны дзень, кожную хвіліну робяцца ў імя чысьціні ідэяў марксізму-ленінізму, у імя ўмацаваньня савецкага патрыятызму і інтэрнацыяналізму, карацей, -- з мэтай дэнацыяналізацыі беларусаў і іншых народаў.
13 лютага 1985 г. На тым тыдні Адам Глобус папрасіў у мяне дазволу павесіць у выдавецтве аб’яву пра выставу твораў маладых мастакоў. Я, натуральна, такі дазвол даў. Аб’яву павесілі на самым “лобным месцы” – перад маім кабінетам. Аб’ява – самаробная, выканая ў двух колерах – чорным і чырвоным, на шэраватай нізкай шчыльнасьці паперы фармату 61,4 см х 83,4 см.
Выстава мелася быць два тыдні. Арганізавалі яе хлопцы ў цэнтральным вестыбюлі Дома літаратара. Экспазіцыя адносна невялікая – карцінаў з паўсотні. Усё гэта творы эксьперыментальныя. Гэтым і цікавая павінна была быць выстава. Менавіта “павінна была”. Але ж, на жаль, не была. Не пасьпелі хлопцы разьвесіць свае шэдэўры, як прабег чыноўнік з Саюзу мастакоў і разагнаў іх, загадаў “ад імя кіраўніцтва Саюзу дэманціраваць гэтую выставу”. Каб зьмякчыць абурэньне прысутных, а іх было нямала, нават з Вільні былі, з газетаў, ён паабяцаў, што яны дазволяць праз некаторы час гэтую выставу ў памяшканьні саюзу мастакоў. А гэта азначае, што выставу, калі яна і будзе, паглядзяць значна менш людзей – толькі адны мастакі, што прыходзяць у саюз.
Вось яшчэ адна праява свабоды творчасьці па-савецку.
А сёньня з 15 гадзінаў будзе абмеркаваньне выставы кніг выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выдадзеных на працягу мінулага году. Упершыню выказаў жаданьне наведаць яе і М. Дзялец1. Цяпер усе мае мерапрыемствы бяруцца пад неаслабны кантроль то адной, то другой інстанцыяй.
14 лютага 1985 г. “Правда” ў рубрыцы “З краінаў сацыялізму” дае заметку: “З месца падзеі: Паўсталы з руінаў”. Абуральная заметка! Калі ласка:
“Сёньня ў жыцьці ГДР важная падзея: ва ўрачыстых абставінах адчыняецца адноўлены будынак Дрэздэнскага опернага тэатру, які сорак гадоў таму назад стаў, як і ўвесь горад ахвяраю варварскай англа-амерыканскай бамбардзіроўкі”. Паведамляецца, што там “адбыўся масавы мітынг з выпадку 40-годдзя бамбардзіроўкі англа-амерыканскай авіяцыяй гораду”. На гэтым мітынгу выступіў сам Э. Хонэкер.
Заметку падпісаў нейкі В. Кабанаў, уласны карэспандэнт “Правды”. Прозьвішча цалкам адпавядае духу газеты і яе пісакаў.
Варта пагартаць тую самую “Правду” перыяду той бамбардзіроўкі, каб пераканацца ў супрацьлеглым падыходзе да яе ацэнкі тады і цяпер. Тады гэта быў слынны прыклад добрай волі саюзьнікаў, іх рашучасьці ў падтрымцы Савецкай арміі, іх мужнасьці і г. д. Цяпер… вось якая сьвінячая пасьлядоўнасьць! Зрэшты, такі самы падыход і да гісторыі з Хірасімай і Нагасакі. Тады – апладысьменты і зайздрасьць, што гэта не СССРаўскі подзьвіг быў. Цяпер – абвінавачваньне выканаўцаў той сапраўды жудаснай і зусім не патрэбнай для перамогі над праціўнікам акцыі.