Шрифт:
— Упартаму не штука гуляць, але трэба выйграць!
— Выйграю! — адказаў, гледзячы ў вочы Лізкі.
Яна ўсміхнулася да мяне залётна.
— Восем пікі, — сказаў Озімаў урачыста.
— Восем чырва, — у той самы момант адказаў я.
— Пас-с-с! — са злосцю кінуў Озімаў.
Я адкрыў карты і выйграў. Задаволены, весела засмяяўся. Лізка біла ў лад- кі. Озімаў пачырванеў ад злосці і фанабэрліва працадзіў:
— Трэба мець паняцце тактыкі гульні! — зірнуў на Лізку, паказваючы пальцам угару і дадаў павучальным тонам: — Гэта так як на вайне!
— Слушна! — адказаў я. — Але трэба таксама ўмець рызыкаваць, бо часам мужнасць больш значыць, чым тактыка. А баязліўцам аніякая тактыка не дапаможа!
Заўважыў, што Лізка з захапленнем глядзіць на мяне, быццам дзівячы- ся, што я маю адвагу пярэчыць Озімаву. А я зацяўся і вырашыў не даць яму гуляць. І не даў. З гэтай прычыны я некалькі разоў уляцеў, але не вельмі моцна, бо «ўцёмную» гуляў цяпер рэдка.
— О, гэта штосьці іншае! — сказаў, іранічна ўсміхаючыся пад канец гуль- ні Озімаў, калі я, гуляючы звычайнымі пікамі, застаўся ні з чым.
Такое мяне раззлавала. Вырашыў яшчэ раз згуляць яму на нервах. Чакаў толькі выпадку. Неўзабаве заўважыў, што яму прыйшлі добрыя карты, бо зір- нуўшы, кінуў іх на стол і запальваючы цыгарэту, сказаў нядбайна:
— Пікі. звычайныя...
— Чырва... звычайная... — выгукнуў я, туруючы ягонаму тону і той самай манерай запаліў цыгарэту.
Лізка зірнула на мяне і закусіла ніжнюю пунсовую губку.
— Сем пікі... — гэтак жа абыякава прамовіў Озімаў, гасячы запалку ў попельніцы.
Гледзячы Лізцы ў вочы, я падумаў: «Калі выйграю, дык споўніцца... напэўна!», і сходу падхапіў:
— Дзевяць пікі!
— Як? — спытаў здзіўлены Озімаў.
— Дзевяць пікі! — паўтарыў я.
— Уцёмную?
— Угум...
Лізка пырснула смехам.
Озімаў сабраў са стала свае карты. Доўга іх вывучаў, кратаючы ў паветры пальцамі правай рукі, і, нарэшце, вымавіў урачыста:
— Дзевяць крэстовых!
— Гуляю! — адразу сказаў я.
— Пас-с-с! — засычэў Озімаў.
Я адкрыў карты. Меў слабую карту — блефаваў. Адкуль прыдбаць яшчэ адну ўзятку? Адкрыў «прыкуп» і ўбачыў, што мне пашанцавала.
Лізка біла ў ладкі і весела смяялася. Озімаў пачырванеў ад злосці, най- перш таму, што я не даў яму гуляць (а таксама меў добрыя карты); па-другое таму, што не толькі — як спадзяваўся — я не ўляцеў, але яшчэ гэтак добра выйграў «уцёмную», што значна паправіла маю гульню; па-трэцяе, злавала яго Лізкіна радасць, выяўленая гэтак гучна за мой выйгрыш.
Канчаткова я падняўся з-за стала прайграным, але здаволеным. Зразумеў толькі, што ў Озімаве прыдбаў ворага, які не ўпусціць найменшага выпадку, каб мне нашкодзіць — холадна, разважліва, па ўсіх правілах «тактыкі».
Калі развітваўся з Брагінымі, каб пайсці ў свой пакой да спадарыні Жар- скай, Лізка асабліва моцна паціснула мне руку. «Можа, гэта таксама такты- ка. жаночая», — падумаў, адказваючы ёй моцным поціскам.
Назаўтра пайшоў да спадарыні Двалінскай. Мела вельмі сумны выгляд.
— Пан неяк змяніўся — сказала, прывітаўшыся са мной.
— З чаго пані зрабіла гэткую выснову?
— Так. Я гэта адчуваю.
Абгаварылі справу яе выезду, пра які распачала захады.
— Не ведаю, што з таго атрымаецца, — казала спадарыня Ядвіга. — Патра- буюць шмат дакументаў, а я нічога не маю. Усё загінула падчас пажару.
Я імкнуўся развесяліць спадарыню Ядвігу; распавядаючы пра жыццё ў Польшчы, памалу падняў ёй настрой.
— Няхай пані не хвалюецца, — сказаў я. — Калі не атрымаецца выехаць легальна, тады правяду пані праз «зялёную мяжу».
— Было б добра, — адказала спадарыня Ядвіга — толькі як вось Андзя?
— Калі прыйдзецца, дык і Андзю перанясём, — сказаў ёй. — Зрэшты, маем на гэта час.
Я катэгарычна забараніў ёй дапамагаць мне, да чаго яна зноўку выказала ахвоту. Сказаў, што ў мяне надзейныя крыніцы і пакуль што нічога не патра- бую. Даручыў толькі трымаць сталы кантакт з чэкістам, якому прынёс какаін і якога намерваўся выкарыстаць у будучым як інфарматара. Пакуль што пра- сіў, каб па-ранейшаму купляла для мяне і камплектавала пэўную карэспан- дэнцыю, якую забіраў з сабой у Польшчу.
Гаспадар Юзаф дапамог мне скласці дакументы ў пакет. Меў я тры вялікія партрэты: Леніна, Троцкага і Луначарскага. Каб па дарозе яны не згамталіся, накруцілі іх на гладкі кій і ў некалькіх месцах абклеілі паперай.
Беручы па чарзе партрэты, гаспадар Юзаф прамовіў:
— Ленін, Уладзімір Ільіч Ульянаў; ведаю яго: дваранін, белая костка, блакітная кроў. фантаст; мог аднолькава стаць манахам як і рэвалюцыяне- рам, але занадта прагнуў улады і ўзяўся за палітыку. Бо кожны рэвалюцыянер мае вар’яцкую цягу да славы і панавання. Троцкі — Бранштэйн Лэйбусь — і гэтага ведаю: чалавек з маніяй велічы, з душой гандляра і акулы з чорнай біржы. Луначарскі: і гэтага я ведаю — панічок, бабнік, заблудны эстэт. Усе кар’ерысты! Дзеля ўлады гатовыя горлы перагрызці. Найбольш агіднае, што яны ўтварылі, дык гэта падбухторвалі натоўп супраць учарашніх сваіх таварышаў. Нават супраць сваякоў, можна сказаць — супраць саміх сябе. Яны ліслівілі перад салдатнёй, зразумела, смеючыся ў кулак. Бо нельга захапляцца кансерватыўным, тупым, хцівым, злосным, хітрым расейскім хамам, гатовым поўзаць перад кожным моцным і задушыць кожнага слабейшага? За што можна паважаць салдата, учарашняга селяніна? За тое, што быў апірышчам царызму з-за сваёй цёмнасці? А апошні прыгнятаў кожную вольную думку і, каб гістарычна ацалець, быў проста няздольны да найменшай крытычнасці. Бо рэвалюцыю ў Расеі не хамы рабілі, але эліта, дваранства і інтэлігенцыя, а казакі іх нагайкамі астуджвалі, як мяцежнікаў. Пачынаючы ад дзекабрыстаў, расейская інтэлігенцыя ўсюды і заўсёды змагалася з царызмам дзеля дабра хама, а падбухторванне потым яго супраць той самай інтэлігенцыі магчыма толькі ў Расеі. Бальшавікі баяліся людзей, якія ўмеюць крытычна глядзець на рэчы, таму знішчылі сваю інтэлігенцыю, а потым былі змушаны ліслівіць хаму, з якім ужо зусім не лічыліся як з чалавекам, але як з сілай, пасіўнай, але небяспечнай. Адгэтуль ліслівасць перад хамамі. Гэта падобна на вілянне хвосцікам пародзістага сабачкі перад вялікім, брудным, смуродным, бяздом- ным сабакам — між іншым кажучы — страшэнна баязлівым. «Ах, які ты пры- гожы, разумны» — істэрычна захапляецца сабачка, танцуючы на дрыготкіх лапках вакол дварняка. «Вуррр.» — гыркае задаволены пысач, спрабуючы падняць заднюю лапу над галавой сабачкі. Цьфу. Крывадушша! Чаму не паставіць пытанне шчыра, праўдзіва, проста, адкрыта, як робяць мужныя людзі, якія ўсведамляюць уласную чалавечую годнасць?..