Шрифт:
Каларадскі жук цяпер і на Далёкім Усходзе трапляецца, труцяць яго ці не. А вірус імунадэфіцыту з Афрыкі вырваўся і ўсю планету ахапіў! Але ж чалавецтва пакуль нейкую моц мае, адбіваецца ад нападкаў Прыроды.
Дык вось, пра альгемонаў. Калектыўна-выпадкова створаны намі, хоць і схаваны ад нас свет сантэхнікі ўжо развіўся ў цывілізацыю высокаарганізаваных істотаў. Яны і ёсць альгемонамі.
Як жа так, здзіўлена спытаеце вы: ставяць металічныя трубы- “дэушкі”, батарэі, укручваюць муфты, штуцэры, пераходнікі, засаўкі - усё з заводаў, і ніякіх альгемонаў на іх няма і не можа быць! Правільна, няма. Калі новы дом здаюць, там прусакоў таксама няма, але пасля адкуль толькі набягаюць.
Памятаеце, як пеніцылін вынайшлі?
– неахайны абібок-манах плесню развёў. На смак - абы-што, але спрыяе як антысептык. А памятаеце, што алхімікі мышэй з бруднай бялізны выводзілі? На чыстую і адпрасаваную - хіба пушынка ляжа, а кінь забруджаную ў цёмны кут ды забудзь пра яе на год - такое ўбачыш!
Так і чалавек: народзіцца цнатліва-бязгрэшным, але аднекуль злое і добрае ў душу яго ўпаўзе і перамяшаецца. Адкуль?
– ад іншых людзей. А першапачаткова адкуль? Эх, чалавеча, не задавай тлумных пытанняў - не непакой Бога. Бо калі ён прачнецца і за цябе возьмецца - моташна стане, сам сабе не пазайздросціш.
Вы запытаецеся: а як жа прафілактычныя работы? Ваду выключаць на месяц, нешта там чысцяць, мяняюць быццам бы. Няўжо альгемонам усё гэта пофіг? Адказваю: глыбока пофіг. Вы месяц памучыцеся, і яны памучацца. І не тое было - але выжывалі людзі. А каб заціснуцца на нейкі час - Прырода для ўсіх такую магчымасць дала, няма чаго яшчэ нейкія правы сабе ў дадатак выбіваць. У парадку аналогіі: у кожным чалавеку заселі калоніі ракавых клетак. І любой дыеце спавядайся, праспіртуйся ўвесь, сернай кіслаты напіся! Арганізм свой знішчыш, а ім - што слану шраціна. А ў нейкі не самы цудоўны момант усплёснуць у сваім развіцці - і згарыш, як свечка, увобмірг. Ды жабку маленькую для прыкладу ўзяць: распластаецца на зіму, высахне ў пергамент. А сонейка прыгрэе, сыдуць халады - зноў ажыве. Скача, быццам бы і не памірала. А мухі між аконнымі рамамі?
А з чаго, урэшце, альгемоны складаюцца? Адкажу: ці не ведаеце, што ў нашых рэзервуарах плюхаецца? Хлорку п’ём - а куды ад яе дзенешся? Іржа там, дзе жалеза - так і ёсць. Раніцай - куды?. Учарашнюю заварку і пазаўчарашні супчык выліваем - а як жа! Атрымліваецца ў цэлым нешта слізкае, брыдотнае, гнюснае. Вось і ўвесь хімсклад, калі без формул.
Калі ж засыпаць тры кілаграмы актываванага вугалю, паўтары шклянкі кальцыю, шклянку фосфару, дзве-тры лыжкі калію-хлору- натрыю-магнію-жалеза, зверху драбязы ўсякай, каб Мендзялеева не пакрыўдзіць, укінуць, вядро вады ўліць - вельмі здзіўлюся, калі пасля дыстыляцыі-перамешвання-кіпячэння, скажам, нягеглы сабачка атрымаецца. Не атрымаецца, хоць лопні! А хімсклад супадае.
Адкуль жа цывілізацыя? Розум, калі можна так мовіць? Не нам пытанне - не наш адказ. Чалавечы мозг зліць ва унітаз можна, на хімічныя элементы раскласці пры пэўных намаганнях - таксама. А паспрабуй зрабі хоць прымітыўную біялагічную мадэльку! Атрымаецца - побач з Творцам пастаіш і, дапускаю, ён паблажліва з табой паразмаўляе. А не - адцвіці і зачахні. А пакуль вучыся ў Прыроды - яна ўсё можа.
Карацей, у тым, што альгемоны існуюць, я ніколі і не сумняваўся. Я яшчэ шчыглом-падшыванцам быў, калі мне дзядзька Міша, наш дваровы сантэхнік, пра іх расказваў. Праўда, п’яненькі ён звычайна быў. Але п’яныя часцей праўду кажуць, чым маняць. Інакш чаму ў яго слёзы цяклі?
Паступаў я пазней ва універсітэт на біяфак, каб пасля з альгемонамі дзе-небудзь у лабараторыі інстытуга біялогіі разабрацца. З профільнымі дысцыплінамі - поўныя лады, але на дыктоўках правальваўся: у школе не давучылі, а ў самога здольнасці не ў той сферы знаходзяцца. Таксама Прырода не так падзяліла, што зробіш! Пасля другой спробы паступлення адслужыў на мяжы з суседняй дзяржавай, вярнуўся і, каб дзе прымасціцца, у сантэхнікі падаўся. У арміі, скажу вам, таксама з цікавымі з’явамі сутыкнуцца давялося! Але не пра тое размова.
Ці сустракаўся я з альгемонамі да таго выпадку, аб якім расказваю? Зразумела! Мы, сантэхнікі, бачым іх часцей, чым лётчыкі - талеркі ў небе. Неяк і сфатаграфаваць спрабаваў. Але бяда, дый годзе: на святло не вылазяць, а фотаўспышка робіць іх празрыстымі. Каму пакажаш фотку, на якой нейкая бясформенная пляма з кропкамі-крапінкамі? Ды яшчэ з каментарыем, што, яно, маўляў, з той трубы-саракоўкі выпаўзла, сцяклося ў адзінае цэлае, а потым ператварылася ў бруднаватае жэле .
З памерамі - таксама пытанні: у тым выглядзе, у якім я іх сустракаў, ім і схавацца няма дзе! Ну, можа, у якой цёплай лужыне. А як яны адчуваюць сябе ў нашых сістэмах? Можна толькі меркаваць, што не надта ўтульна.
Т рэба сказаць, прыходзіў неяк да мяне журналіст, фотакарткі забраў, размову са мной на дыктафон запісаў. А што такога асаблівага я мог паведаміць, калі і сам, як той вожык у тумане?
Прынёс ён пазней газетку “Сенсацыя і будзённасць” з артыкулам “На грані невядомага і незразумелага”. А я такую газету не сустракаў ні да таго, ні пасля. Ды яшчэ літарку ў прозвішчы маім пераблытаў, пісака.
Ну, а зараз пра той выпадак, калі дасталі мяне альгемоны канкрэтна.
Сяджу сабе, за вокнамі - цёмна, позняй вячэрай і тэлемаразмам забаўляюся. Звоніць жэсаўская начальніца Лара Пятроўна: “Хуценька ў падвал трыццаць дзевятага дома, між другім і трэцім пад’ездамі! Прарвала трубу! Людзей залье - не разлічымся! Ты ж мяне ніколі не падстаўляў! Звышурочныя аплачу!”