Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Добра, пане Завальня, — сказаў камісар. — Пагавару пра гэта з князем. Толькі глядзі, каб не падвёў мяне.

— З Божаю дапамогаю апраўдаю рэкамендацыю пана камісара.

Хутка стаў я аканомам у маёнтку Магільна. Прызначылі мне трыццаць талераў [131] гадавое пенсіі, дазволілі трымаць пару сваіх коней дзеля раз’ездаў па вёсках, і я прыступіў да абавязкаў з найвялікшай стараннасцю, каб апраўдаць рэкамендацыю пана камісара і заслужыць у князя прыхільнасць і рэпутацыю.

131

Талер — срэбраная манета высокай пробы. У Рэчы Паспалітай талеры білі манетныя двары дзяржавы. З 1766 г. меў курс 240 грошаў у меднай манеце.

Міласэрны Бог блаславіў маю працу і клопаты. Надышло лета. Зямля ўсюды добра ўрадзіла. Жыта вырасла такое буйнае і густое, што калі чалавек ішоў па дарозе праз жытнёвае поле, дык ледзь можна было ўбачыць ягоную шапку. На пшаніцу, авёс і ячмень міла было глянуць. Усюды калоссе гайдалася на ветры, нібы хвалі на возеры.

Аднаго разу, калі ўжо сонца хілілася да захаду, я быў на лузе, дзе сяляне жвава зграбалі сена. Я хацеў, каб нічога не засталося на заўтра, бо над лесам падымалася хмара і гром абзываўся ўдалечыні. У гэты час князь конна вяртаўся з палявання праз маёнтак Магільна і цешыўся, бачачы ўсюды на палетках добры ўраджай. Ён пад’ехаў да работнікаў, і я пачуў, што ён кліча мяне да сябе:

— Пане Завальня! Пане Завальня! Хадзі, васпане, да мяне!

І я, як мог хутка, падбег да яго.

— Вельмі мяне ўсё цешыць, — сказаў князь. — Ты — дбайны гаспадар; міла глянуць: у гэтым маёнтку ўраджай нашмат лепшы, чым у іншых.

— Ласка Божая, яснавяльможны княжа, — сказаў я, — лета цёплае, і дожджык часта мілаваў зямлю; спадзяюся, і намалот не падвядзе: жыта добра каласілася.

— Гэта праўда, што лета добрае, але пры гэтым бачу і добрую руплівасць. Дзякуй, дзякуй, пане Завальня.

Сказаўшы гэта, князь паехаў, а я вярнуўся да сялян.

Праз колькі дзён камісар павіншаваў мяне, бо князь загадаў дадаць да мае пенсіі яшчэ дзесяць талераў. І з таго часу, атрымліваючы штогод сорак талераў, я мог жыць спакойна і бацькам сваім памагаў, пакуль Бог дазваляў ім жыць на гэтым свеце.

Князь быў чалавек старасвецкі, пабожны і дабрачынны (царства яму нябеснае). Я заўсёды малюся за ягоную душу. Ён бацька быў сваім слугам; бедных і нешчаслівых цешыў і дапамагаў ім.

Паслужыўшы гадоў пятнаццаць у такога шляхетнага і добрага пана, я ўзяў у арэнду маленькі фальварачак. Не шкадаваў хлеба людзям, мая брама была адчынена суседзям і падарожным; ажаніўся і купіў гэты кавалак зямлі і дамок, дзе і цяпер жыву.

Калі так апавядаў мой дзядзька пра сваё жыццё, на падворку забрахалі сабакі, нехта моцна пастукаўся ў браму і закрычаў:

— Гаспадар, гаспадар! Атчыні вароты, пусці нас хоць пагрэцца, саўсем прастылі. Барані Бог, гэткая бурная ноч.

Парабак адчыніў. Паскрыпваючы па снезе, заязджае некалькі вазоў; пытаюцца: хто тут жыве?

— Пан Завальня, — адказвае парабак.

Некалькі падарожных зайшло ў чэлядны пакой. Дзядзька пасылае мяне, каб я папрасіў да яго пані Мальгрэту; калі тая прыйшла, сказаў ёй:

— Не гневайся, васпані, на падарожных, а калі б і з нас каго спаткала ў дарозе такая бура — аніхто б не хацеў гінуць на возеры, спяшаўся б як найхутчэй трапіць у цёплую хату. Жыццё кожнаму дарагое: чалавек як можа ратуе сябе ад няшчасця; сурова будзе судзіць Бог таго, хто перад нешчаслівым зачыняе дзверы. Дай, васпані, ім вячэру, не хвалюючыся вельмі пра будучыню. Хлеб надзённы пасылае нам Усемагутнасць Божая.

Сказаўшы гэта, ён пайшоў у чалядны пакой.

Прайшло паўгадзіны. Дзядзька вяртаецца, размаўляючы з падарожным у старым сурдуце [132] , што некалі быў пашыты з добрага зялёнага сукна, валасы коратка падстрыжаныя, густыя бакенбарды і вусы; выраз яго твару і манеры казалі, што ён не просты селянін, а доўга служыў пры двары.

132

Сурдут — двухбортная адзежына з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела.

— І што за прычына, — сказаў дзядзька, — такога далёкага падарожжа? Гэта ж не жарт — наведаць усе куткі Інфлянтаў і Курляндыі! [133]

— Пан ведае гэтую простую прыказку, — сказаў падарожны, — за дурной галавой і нагам не ўпакой [134] . Вось, уласна, накшталт гэтага і маё цяперашняе падарожжа. Прыйшла ў галаву майму пану думка пабудаваць суконную фабрыку; меркаваў, што такім чынам набудзе залатыя горы. Адгаворвалі яго суседзі, што добра разумелі гэтую справу, кажучы такія словы:

133

Курляндыя — васальная дзяржава Рэчы Паспалітай са сталіцай у горадзе Мітава (сучасная Елгава, Латвія). У 1796 г. Курляндскае герцагства пераўтворана ў Курляндскую губерню Расійскае імперыі.

134

Няма спакою. «Упокою не даюць» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).

«Не з фабрык трэба пачынаць грамадзянам беларускім, каб палепшыць свой быт, а з зямлі, бо сялянская гаспадарка найбольш прыносіць карысці ў нас; трэба рупіцца заводзіць жывёлу, угнойваць палеткі, павялічваць сенажаці і сваіх падданых навучыць лепшым маральным канонам, каб любілі сваю бацькаўшчыну. Не крыўдзіць, прысвойваючы іх уласнасць, менш будаваць корчмаў і старацца мець больш збожжа ў запасе».

Гэтыя парады не мелі аніякага выніку. Пан заклаў у банку большую частку маёнтка, накупляў машын, выдаткоўваючы на гэта велізарныя грошы, прывёз іншаземца-фабрыканта, частку падданых паслаў у сталіцу вучыцца гэтаму рамяству, а іншых — зарабляць грошы на ўтрыманне фабрыкі. Тым часам у гаспадарцы — найвялікшыя страты; селянін прыйшоў да жахлівае нэндзы. Я сам чуў у полі гэтую песню, поўную роспачы:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: