Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Апавяданне сёмае. Вогненныя духі

Мы селі ля арганістага; у пакоі ўсталявалася цішыня, толькі шум буры чуваць за сцяною. Арганісты пачаў сваё апавяданне так:

— Адзін малады чалавек Альберт (добра выхаваны і з прыгожым абліччам) атрымаў у спадчыну ад бацькоў некалькі тысяч талераў. Не задумваўся, што грошы лёгка страціць, а набыць цяжка; не ашчаджаў, што меў, любіў гульні ды забавы і зразумеў, нарэшце, што ўжо яго скарбніца як цела без душы, і сябры зніклі, якіх раней было шмат.

Мальвіна, яго каханая, нарадзілася і вырасла ў горадзе, ведала свет і згаджалася з агульнай думкаю кабет, што сэрца можна аддаць таму, да каго мімаволі цягнецца душа. Але руку — толькі таму, хто золатам і пашанаю абяцае жыццёвы дабрабыт.

Мальвіна кахала Альберта, любіла з ім доўга размаўляць. За такімі прыемнымі размовамі хутка ляцеў вечар, і гадзіннік часта біў на сцяне, лічачы гадзіны, а шэрая зязюля сумна кукавала з адчыненых дзверцаў.

— Журботны зязюлін голас наводзіць на мяне невясёлыя думкі, — сказаў Альберт. — Здаецца, ён гаворыць сэрцу, што і вясна мае сваю горыч, хутка час пралятае, хутка міне маладосць, чалавек на схіле свайго жыцця на ўсё глядзіць холадна. Мальвіна! Давай карыстацца часам, пакуль яшчэ маладое пачуццё робіць нам забавы прыемнымі.

— Вясна, лета і восень людскога жыцця маюць свае аздобы, — сказала Мальвіна, — калі чалавек на ведае беднасці і мае чым задаволіць усе свае жаданні.

— Ці ж багацце — найбольшае шчасце?

— Без гэтага і каханне стыне.

— Ты любіш, як бачу, грошы? — сказаў Альберт.

— Хто ж не любіць тое, што абавязкова патрэбна.

Пачуўшы гэтыя словы, Альберт доўга сядзеў задуманы, нарэшце ўзяў шапку і хоча выйсці.

— Што ж сёння так спяшаешся дадому? — спыталася Мальвіна.

— Я чалавек не багаты, трэба думаць, як жыць на свеце.

— Трэба было раней гэтым заняцца.

— Нездарма голас зязюлі наводзіў на мяне смутак; яна мне нешта напрарочыла.

Сказаўшы гэта, ён імгненна выйшаў.

Вярнуўшыся дадому, Альберт кінуўся на ложак, але не мог заснуць, — свет паўставаў у ягоных марах зусім інакшы, чым раней. Зразумеў нарэшце, што сапраўдная прыхільнасць і сапраўднае каханне рэдка бываюць на свеце. Дзе ж людскія сэрцы? Розумы толькі пра тое дбаюць, каб апярэдзіць адзін аднаго, гонячыся за марнаю славай, жыць у раскошы, і, ашукваючы блізкіх і саміх сябе, балбочуць пра веру і пра любоў да бліжняга.

Гэтыя думкі страшна абурылі яго. Знелюбіў усіх знаёмцаў і ранейшых сяброў, пагарджаў каханнем, зайздрасць і злосць напоўнілі яго душу.

Назаўтра Альберт, захоплены страшнаю думкаю, хадзіў самотны па полі. Нарэшце трапіў у густы лес; там, блукаючы ў ценю высокіх ялін, ад цяжкага смутку прыйшоў да роспачы.

— О! Калі ёсць злы дух, — сказаў сам сабе, — што абагачае людзей, які б дапамог мне хоць на кароткі час, — я пакланюся яму цяпер.

Ледзь ён гэта сказаў — бачыць перад сабою: нехта сядзіць пад дрэвам на трухлявым пні, велізарнага росту, нос доўгі, востры, твар шчуплы, румяны, барада і валасы на галаве чырвонага колеру, вопратка хоць і злінялая, аднак адсвечвала яшчэ чырвонаю фарбаю; з трывогаю гледзячы на яго, Альберт застыў у маўчанні.

— Убачыў твой смутак, — сказаў незнаёмы, — і гатовы табе дапамагчы. Чаго хочаш?

— Лепшага жыцця. Пакутую ад нэндзы, і сябры мне здрадзілі.

— Пакланіся цемры, і дух агню будзе табе служыць, верне табе золата і сяброў; будзь хітры і празорлівы, бо слабасць натуры згубіць цябе.

— Што трэба зрабіць, каб дух служыў мне?

— Слухай і адразу выконвай мае парады. Здабудзь кроплю крыві са свайго пальца. (Альберт здабывае кроў з пальца.) Яна адна, адна кропля, — сказаў незнаёмы, — напоўніць гадзюку ядам. Дык ідзі цяпер з гэтаю крывёю; выходзячы з лесу, узыдзеш на гару. Там поўзае гадзюка, якая хацела ўкусіць дзіця, але, перапалоханая крыкам маці, страціла яд і цяпер, выгнаная іншымі гадамі блукае адна. Пазнаеш яе лёгка [143] : жоўты хвост значыць адсутнасць сіл, дай лізнуць ёй кроплю твае крыві: умомант займее яд і сіл набярэцца, а потым ідзі за ёй, яна дасць табе сваю мудрасць і багацце, убачыш духа ў кожнай іскрынцы агню, а слугою тваім будзе Нікітрон [144] , на кожны твой кліч ён народзіцца з полымя.

143

Ёсць павер’е люду, што гадзюка, якая страцiла яд, мае жоўты хвост i яе не прымаюць да сябе iншыя гадзюкi.

144

Нiкiтрон — адзiн з васьмi злых духаў, iмёны якiх: Ярон, Iрон, Кiтрон, Нiкiтрон, Фарон, Фаразон, Лiдон, Сталiдон. Яны прыносяць хваробы, дык людзi на Беларусi пiшуць усе гэтыя iмёны з крыжыкамi на хлебе, i хлеб гэты даюць хвораму, каб выгнаць з яго цела духа, якi там пасялiўся. Мяркуюць, што гэтыя забабоны прыйшлi ад цыганоў, якiх беларускi люд лiчыць звычайна за чараўнiкоў.

Сказаўшы гэта, незнаёмы ўстаў, пайшоў у гушчар лесу і знік з вачэй. Праз дзікія бары ідзе Альберт у той бок, у які яму паказаў незнаёмец; выйшаў з-пад лясных шатаў, калі быў самы поўдзень; узышоў на вяршыню пясчанае гары, сустракае велізарную гадзюку з жоўтым хвастом, якая, убачыўшы чалавека, не мела сілы ўцякаць, а толькі, падняўшы галаву, пазірала вогненнымі вачыма. Альберт на бярозавым лістку паднёс ёй кроплю свае крыві; гадзюка праглынула, і адразу пачала знікаць жоўтая масць на ёй, а праз паўгадзіны і зусім яна акрыяла.

Вылечаная гадзюка пакінула гару, паўзе па хмызах і верасе, усё далей і далей паглыбляючыся ў лес, і Альберт ідзе за ёю хуткай ступою.

Калі на захадзе тухла сонца і пачало вечарэць, ён убачыў між дрэў вялікі палац, дзе ў кожным акне было відаць святло запаленых агнёў. Гадзюка, хутка віючыся па прыступках, трапіла ў вялікую залу-гасцёўню, а з ёю і Альберт; там сталы застаўлены ежаю і віном, чуваць чароўная музыка, люстэркі і карціны на сценах — у залатых каштоўных асадах. Доўга дзівіўся Альберт на загадкавыя дзівосы, разглядаючы ўсялякія аздобы гэтага палаца; пачуўся голас, які запрашаў яго сесці за стол, есці і піць — бо ўсё дзеля яго прыгатавана. Пасля вячэры з’явілася перад Альбертам гадзюка, трымаючы ў роце залатую манету, падняла высока галаву, каб аддаць яго госцю; Альберт узяў; на тым дукаце [145] з аднаго боку выбіта полымя, а з другога — карона і выява гадзюкі.

145

Дукат — залатая манета. У Рэчы Паспалітай яе называлі чырвоным залатым (злотым).

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: