Шрифт:
І сапраўды, за адзін толькі год амаль трэць падданых пакінулі свае хаты і пайшлі блукаць па свеце.
Убачыў пан сваю памылку, бо і фабрыка яго, не будучы яшчэ ўпарадкаванай як трэба, пачала ўжо занепадаць; бракавала грошай на воўну, на прывоз замежных фарбаў, на выплату пенсіі фабрыканту — зніклі ўсе надзеі.
Дайшла вестка ад людзей, якія ездзілі з таварамі ў Рыгу, што яны сустракалі там сялян нашае воласці. Дык пан неадкладна паслаў мяне, каб я з дапамогаю мясцовых уладаў вярнуў тых людзей на ранейшае месца жыхарства.
Арганісты з Расонаў
У гэты момант нечакана адчыняюцца дзверы — заходзіць увесь абсыпаны снегам арганісты з Расонаў; ледзь ступіў на парог — гучна прамовіў:
— Laudetur Jezus Chrіstus [135] . Вясёлых святаў! — і кладзе стус аплатак [136] розных колераў на стол.
135
Слава Ісусу Хрысту (лац.).
136
Аплатка — невялічкі праснак, зроблены з вады і мукі; у рымска-каталіцкай і уніяцкай цэрквах ім пасля споведзі прычашчаюцца вернікі.
— А! Дзякуй, вялікі дзякуй! — сказаў дзядзька. — Чакаў пана Андрэя і ўжо думаць пачаў, што сёлета ён, можа, забыў, дзе жыве Завальня.
— Як можна забыць пра пана Завальню, асабліва ў такую лютую буру, бачачы зыркі ліхтар на доме, добры і ветлы гаспадар якога клапоціцца пра жыццё падарожных.
— У той толькі час і госці ў мяне, калі пакрые Нешчарду лёдам, але за гэта вясной і летам жыву, нібы пустэльнік які, акружаны вадою і лесам.
Арганісты звяртаецца да сляпога Францішка:
— О, даўно не бачыліся! Грамадзянін усяго свету! А пра Расоны ўжо зусім забыў. У нас і цяпер успамінаюць, як некалі ў час Юбілею спяваў ты на хорах. Хто з ксёнжкі, а пан Францішак — усе песні на памяць. Ну калі ж ты нас наведаеш?
— Жыву я цяпер вельмі далёка.
— Але ж ты жывеш там, дзе сустракаеш ласкавых і сапраўдных сяброў, а такіх у цябе шмат па ўсёй Беларусі.
— Цяпер з ласкі пана Б. маю свой дамок на выспе пасярод возера Рабло. Там маю намер пакласці канец свайму тулянню (пакуль мне пан Бог дазволіць жыць).
— Ведаю пана Б., добры ён чалавек. Маёнтак яго ля самага возера Рабло ў Рабшчызне. Я бываў там некалі, а адгэтуль будзе не менш за шэсцьдзесят вёрст. Але як мяне трасе, увесь замёрз: такі моцны вецер і мароз, што нельга вытрымаць.
— Вып’ем гарэлкі, пане Андрэй, — сказаў дзядзька, — а там вячэру цёплую прынясуць на стол — то і сагрэешся.
— А добра было б гарэлачкі, бо людзі кажуць, што гэты трунак у гарачае лета халодзіць, а ў зімовыя маразы — грэе.
Пасля гарэлкі і закускі павесялелы арганісты сказаў:
— Пан Завальня сёння мае гасцей, мае і новыя апавяданні.
— Кожны чалавек нешта адрознае ад іншых сустракае ў сваім жыцці, дык кожны адрознае ад іншых і расказвае.
— І Янка — філосаф [137] езуіцкае акадэміі — мусіў ужо расказаць шмат гісторый. Чуў я, што калі ён быў яшчэ ў школах [138] , дык вельмі любіў чытаць кніжкі. Яго гісторыі вучоныя; расказваў мне пра нейкія паганскія народы, што жылі Бог ведае ў якія даўнія часы; імёны іх такія цяжкія, што на другі дзень ужо не памятаю.
137
Філосаф — г. зн., студэнт факультэта філасофіі Полацкае езуіцкае акадэміі; у калегіуме таксама быў клас філасофіі.
138
Г. зн. у Полацкім езуіцкім калегіуме.
— І я хадзіў да езуітаў у школы, альвар [139] і цяпер ведаю на памяць, перакладаў прамовы Цыцэрона, і з «De arte poetіca» [140] . Гарацыя яшчэ памятаю гэты верш: «Оmne tulіt punctum quі mіscuіt utіle dulcі» [141] . Але калі я ўбачыў, што гэта ўсё vanіtas vanіtatіs [142] , не захацеў паглыбляцца ў далейшыя мудрасці; навошта філасофстваваць, лепш верыць сэрцам. Дык пачаў вучыцца музыцы, і цяпер, дзякуй Богу, маю месца пры касцёле і задаволены.
139
Альвар — падручнік лацінскае мовы «Павучальная граматыка» («De instituane gramatika») напісаны партугальскім езуітам Эмануэлем Альварэзам (1526–1585). Неаднаразова перавыдаваўся ў Вільні і Полацку.
140
«Пра мастацтва паэзіі» (лац.).
141
«Кожны згодзіцца з тым, што прыемнае — разам з карысным» (лац.).
142
Марнасць марнасцяў (лац.).
— І ўсё ж цяпер чарга пана Андрэя расказаць што-небудзь.
— А ці не будзе гэта ўжо позна? Колькі часу?
— Не маю гадзінніка, — сказаў дзядзька, — але ведаю, што яшчэ далёка да поўначы.
— У мяне дома ёсць гадзіннік — памятка ад ксяндза-пракуратара; калі б’е, — з’яўляецца зязюля і кукуе столькі разоў, якую выбівае гадзіну. Адзін падарожны начаваў ў мяне і, пачуўшы голас гадзінніка і зязюлін спеў, расказаў мне апавяданне пра роспачнага маладога чалавека і вогненных духаў.