Шрифт:
У гэты момант яны пачулі, як нейкі шыкоўны экіпаж спыніўся ля ганка. Падхапіліся абедзве: бачаць — карэта, а ззаду яе — лёкай. З’яўляецца незнаёмы малады чалавек, аддае ліст і багатыя падарункі. Мальвіна глянула ў вочы пасланцу, і нейкая трывога нарадзілася ў яе сэрцы. Хацела сказаць яму колькі слоў, але не паспела і азірнуцца, — сталася нейкім чынам, што яго ўжо не было ў пакоі.
Яна здзіўлена глядзіць на бляск дарагіх дыяментаў; такога вялікага багацця і ў сне не бачыла ніколі; сарвала пячатку з ліста, глядзіць на Альбертаў подпіс; дрыжучы, дачытала ліст да канца і стаіць уражаная: не ведае, што рабіць.
— Альберт прыслаў мне прэзенты, — сказала яна сваёй сяброўцы. — Піша, каб я ў гэтай карэце тэрмінова прыехала да яго. Не ведаю, што мне рабіць.
— Без сумненняў трэба неадкладна ехаць.
— Ці ж не страчу яго павагі за такі смелы ўчынак?
— Ён не думаў пра гэта, пасылаючы да цябе коней і запрашаючы ў гэты самы вечар прыехаць.
— Як ён перамяніўся! Раней, калі наведваў мяне, дык кожнае слова яго лучылася з нейкай трывогаю, а цяпер такі саманадзейны!
— Прыслаў багатыя падарункі, — мае права быць саманадзейным. Аднак у вялікім свеце не лічыцца ганьбаю, калі хто добра пакарыстаецца багаццем якога пана.
— Дык я еду.
— І трэба спяшацца. Бо ад нецярплівасці зменіцца яго настрой, і сустрэне не добрым вокам.
Мальвіна паспешіва пачала апранацца; бярэ найлепшую сваю сукенку, сяброўка ўбірае ёй галаву, стараецца, каб усё ёй пасавала. Надзела на сябе і дыяменты, што прыслаў Альберт, сядае ў карэту; паўгадзіны ехалі — і ўжо на месцы.
У вітальні сустракае яе Альберт, запрашае ў гасцёўню, дзе ўсё зроблена з густам і багацце ззяе паўсюль. Дзівіцца Мальвіна з такое нечаканае перамены яго долі. Альберт у яе вачах зрабіўся зусім іншы. Яго постаць і твар набылі дзіўную прыгажосць, у яго размовах Мальвіна заўважыла незвычайны розум і дасціпнасць.
Імгненна дарагая садавіна і размаітыя сочывы з’явіліся на сталах; просіць яе выбіраць сабе пад густ і ў час гэтае пачосткі расказвае, як у яго прачнулася жаданне абавязкова сёння яе ўбачыць.
Кожнае слова каханага было ёй прысудам.
— Ці ўспамінала ты хоць калі пра мяне, — спытаўся Альберт, — з тае пары, як апошні раз бачыліся з табою?
— Як жа не ўспамінаць, калі пра тваё шчасце ва ўсіх дамах штодня гавораць?
— А што гавораць?
— Рознае, але нічога пэўнага.
— Няхай людзі мучаць сабе галовы; я ж скажу толькі, што забагацеў, не крыўдзячы блізкіх.
— І я не чула, каб каго-небудзь Альберт пакрыўдзіў.
Застаўшыся ў пакоі адны, яны размаўлялі, прыпамінаючы ўсё тое, што было між імі раней. Гадзіннік на сцяне зайграў мелодыю, і ўжо прабіла поўнач.
— Ці хочаш, Мальвіна, — сказаў Альберт, — убачыць мой хатні тэатр?
— Хто ж будзе іграць у тэатры, калі нас толькі двое?
— Маю актораў, зачыненых у шкатулцы, ураз усе з’явяцца перад табою.
— Ці не будзе толькі чаго страшнага? Злітуйся, не палохай мяне, цяпер якраз поўнач.
— Думаеш, я такі жорсткі, што магу жартаваць з твае палахлівасці? Не будзе аніякага страху, толькі пабачыш цуды, табе незразумелыя.
Сказаўшы гэтак, ён узяў агатавы крэмень, крэсіва і, стоячы ля яе, пачынае высякаць агонь. Нечуваныя цуды бачыць Мальвіна: іскрынкі, што падаюць на падлогу, ператвараюцца ў язычкі полымя, а з гэтых язычкоў нараджаюцца дзеці, на іх галовах гарэлі кучары валасоў — як бавоўна ці лён, што ўзяліся агнём; вочы, як іскрынкі, мігалі чырвоным святлом, і празрыстыя матылёвыя крылцы былі ў іх на плячах. Адны лёталі пад столлю, вырабляючы самыя неверагодныя фігуры, другія сваволілі на сталах, канапах, на падлозе, каля люстраў і карцін — перакідваліся ў зверанятаў, птушак, жамяру.
— Ах! Досыць, досыць ужо! — закрычала Мальвіна. — Не магу больш глядзець на гэтыя жахі. Нейкі страх мяне забірае.
— Палахлівае стварэнне! Ці ж іх выгляд мае што-небудзь страшнае? Гэта ж купідоны, якіх ты можа, няраз бачыла на карцінах пекнае Венеры.
— Ах, Альберт! Полымя ў іх на галовах і гэтыя жахлівыя пагляды!.. Кроў мая замірае.
Альберт махнуў рукою, і ўсё знікла. Быццам было гэта толькі ў сне. Перапалоханая Мальвіна доўга яшчэ не магла супакоіцца. Ён смяяўся з яе палахлівасці. Калі мінуўся страх і скончыліся жарты, яны бавілі час, пераходзячы ў размовах ад аднаго да другога, аж пакуль узышла не небе дзянніца.
Мальвіна, вярнуўшыся дадому, не магла забыць тыя цуды; расказала пад сакрэтам сваёй сяброўцы, і, размаўляючы між сабою пра гэта, вырашылі, што ў вобліку тых дзяцей з’яўляліся злыя духі. Альберт — чарнакніжнік, і праз гэта зрабіўся багаты.
Такі сакрэт, пераходзячы ад сяброўкі да сяброўкі, у хуткім часе ўжо быў вядомы ў гарадах і вёсках; усюды са страхам пра гэта гаварылі.
Старыя нагадвалі маладым і недасведчаным, каб пазбягалі Альберта і сяброўства з ім. У яго доме непрыстойныя забавы, размовы і віно, што пілі без меры, нішчылі маральныя і цялесныя сілы ўсіх тых, хто збіраўся там бавіць час у ганебных уцехах.