Шрифт:
Прайшоў адзін год, другі. Альберт не шкадуе грошай; усё робіцца паводле яго волі; уцехі не спыняюцца. Мальвіна хоць і не сумняваецца ў яго сувязях са злым духам, але падпарадкуецца ягоным жаданням.
Аднаго разу Альберт з гуртам гультаёў пры картах і віне бавіўся да поўначы. Гаспадар і госці былі ў гуморы. У жартаўлівых размовах адзін з гэтай грамады сказаў:
— Ці праўда, Альберт, што ты — чарнакніжнік, як сцвярджаюць некаторыя? Выкліч перад намі духа. Мы яшчэ яго ніколі не бачылі.
— Я ведаю, — сказаў Альберт, — хто разнёс пра мяне такія пагалоскі. Але не хачу сёння хаваць ад вас гэтага і зараз усё пакажу вам. — Глянуў на полымя свечкі і паклікаў: — Нікітрон!
Са страхам пазіраюць усе на гэты неспадзяваны цуд: полымя свечкі выбухнула пад самую столь і нечакана ў паветры ўтвараецца празрыстая хісткая асоба, спускаецца на падлогу ў абліччы юнака і чакае Альбертавага загаду.
— Як найхутчэй ляці да Мальвіны і запрасі яе да мяне.
Дух вылецеў у вакно; прайшло не больш за паўгадзіны: заходзіць у пакой Мальвіна, бледная ад сполаху, і гаворыць дрыготкім голасам:
— Навошта ты, Альберт, прывёў мяне сюды? Хочаш выставіць адну на посмех перад гуртам тваіх бяседнікаў?
— Не будзеш адна.
Ён глянуў на карціны з міфалагічнымі німфамі і кажа:
— Вось табе таварышкі.
І ўмомант голыя німфы ў натуральную чалавечую велічыню, пакінуўшы палатно, сышлі са сцяны.
Усе знерухомелі, са страхам паглядаючы на гэтыя цуды. Перапалоханая Мальвіна закрычала страшным голасам і ўпала непрытомная на падлогу.
— Нікітрон! — паклікаў Альберт. З’явіўся дух, і Альберт загадаў яму аднесці Мальвіну дахаты, дзе яна праз колькі хвілін ачулася, лежачы на ложку ў сваім пакоі, і дрыжала, успамінаючы тое жудлівае відовішча.
Суседзям, таварышам і ўсім знаёмым было ўжо вядома, што Альберт — страшны чарнакніжнік. Бацькі, сваякі і сябры напамінамі стрымлівалі моладзь, каб яна не мела з ім аніякіх сувязяў і дачыненняў. Старыя людзі стараліся рознымі спосабамі выбавіць яго з падману і павярнуць да цнатлівага і пабожнага жыцця.
Дарэмныя парады і напаміны. У багатым Альбертавым доме штодня поўна бязбожнае і распуснае моладзі; ён сам усё больш і больш быў нястрыманы ў непрыстойных жадунках і ўчынках; лічыў лухтою любоў да бліжняга, зводзіў і ганьбіў жанчын ды дзяўчат рознага саслоўя. Не пераводзілася золата, а перад золатам усё цьмее, і гэта яму было даспадобы. Ганаравалі яго лісліўцы і таварышы ў забавах, але ад бацькоў, мужчын і пачцівых людзей сыпаліся на яго страшныя праклёны.
Прайшло колькі гадоў; ад усіх гэтых празмернасцяў Альберт захварэў. Раскоша, якую піў поўнаю чарай, зрабілася яму няўсмак, і ўсюды нечакана пачаў сустракаць невыносную горыч; трывога і смутак пасяліліся ў яго багатых салонах.
Пачуў голас касцельных званоў, нехта яму сказаў, што гэта звоняць па нябожчыку; змяніўся з твару і неспакойны доўга хадзіў сюды-туды па пакоі і слова не сказаў прыяцелям.
Адскочыў ад вакна, калі ўбачыў людзей у жалобных уборах з паходнямі ў руках, што ішлі за возам, на якім стаяла труна.
Задрыжаў увесь, калі пачуў, што той, хто ўчора з ім баляваў, ужо не жыве на свеце.
Неспакой і меланхолія штодзённым цяжарам ляжалі на яго думках; гурт лісліўцаў не весяліў яго, жанчыны страцілі прывабнасць у яго вачах, у Мальвіны ўбачыў тысячы заган і не хацеў яе больш бачыць.
Самотны і задуменны блукаў Альберт па полі, зайшоў у густы лес, убачыў там чалавека з чырвонымі валасамі на галаве і ў пунсовым адзенні, які сядзеў на пні. Пазнаў яго; гэта быў той самы, што вучыў яго, як набыць золата і кіраваць духам.
— Чаму і цяпер ты незадаволены? — спытаўся чырвоны чалавек.
— Ні ў чым не маю прыемнасці, нейкі неспакой зацьміў мае думкі.
— Можа, Мальвіна табе здрадзіла?
— Мальвіна любіла і любіць багацце; яе каханне мне не патрэбна.
— Маеш дукат, на ім яркае полымя, што ўсё перамагае.
— Але спакою купіць не магу.
— Вогненны дух выконвае ўсе твае загады.
— Але і ён спакою не можа прынесці.
— Не ўмеў ты карыстацца шчасцем, а я казаў: будзь хітры і празорлівы, бо слабасць натуры загубіць цябе. Ужо не грэе ні залатое полымя, ні вогненны дух, ні погляд каханкі.
— Я пагарджаю ўсім, я хачу здранцвець, быць абыякавым, як труп, халодным, як ледзяная брыла.
— Дык паслухай апошнюю маю параду: збяры ўсіх сваіх таварышаў і, перш чым праб’е на вежы поўнач, ідзі на цвінтар; на магілах убачыш язычкі халодных агнёў — прасі іх да сябе на забавы.
Сказаўшы гэта, ён адышоў на некалькі крокаў і знік.
Вярнуўшыся дадому, Альберт адразу пастараўся выканаць тое, што яму раіў у лесе той дзіўны чырвоны чалавек. Гасцей пакінуў адных, а сам заспяшаў на цвінтар. Ноч была ціхая і цёмная, ледзьве відаць былі драўляныя крыжы і дзікія камяні, пастаўленыя сям-там на магілах; свяціліся язычкі агнёў, накшталт аплытых свечак.