Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Вандруючы ў самы поўдзень, калі была наймацнейшая спякота, я сеў пры дарозе на траву, каб адпачыць у засені бярозы. Нехта хітры ішоў дарогаю. Я здалёк убачыў у ім атрутную кроў; ён не ашукаў мяне, хоць набліжаўся ў абліччы вужакі, хаваючыся сярод хмызняку і травы. Надзея яго падманула, бо ўжо і я быў таксама ў вобліку змяі: глянуў мне ў вочы, але не мог вытрымаць майго позірку: кінуўся ў хмызы і схаваўся ў гушчары лесу.

Доўгае апавяданне атрымалася б, каб табе пералічыў усе постаці, якія неахвотна і з болем мусіў браць на сябе, блукаючы па вёсках, гарадах і мястэчках. Калі ў багатых дамах гарэла святло, гучала музыка і вясёлыя забавы, перадавалі з рук у рукі келіхі, а пад саламянаю страхою селянін у галечы, галодны, падымаў да неба замглёныя слязьмі вочы, я ў абліччы звера хаваўся ад залеваў пад галінамі густое яліны, слухаючы, як вецер шумеў у цёмным лесе.

Бачачы гэтыя перамены ў маёй натуры, некаторыя мяне не зразумелі, называлі неспакойным і дзікім.

Ціха… чуеш галасы? Крычаць: «Воўк! воўк!» Яны ўбачылі мяне — я ў постаці воўка — стрэляць хутка. Бывай! Я схаваюся ў лясных нетрах і пакіну назаўсёды гэты край.

Там, куды ён пабег, пачуўся шум галін, а я думаў, седзячы, пра тую яго гаворку, як пра дзіўны сон. Прыйшоў мой таварыш.

— Ужо сонца нізка, — кажа, — час каня запрагаць. Паедзем далей.

— Ці бачыў ты ля мяне каго-небудзь?

— Тут не бачыў нікога, — адказаў ён, — а бачыў — толькі вельмі далёка — хтосьці хутка прабег па гары. Не ведаю: ці звер, ці чалавек.

— Гэта, пэўна, той самы незнаёмы, — сказаў Завальня, — пра якога спрачаліся і была бойка ў карчме.

— Пэўна, ён. Сапраўды Пакутны Дух. Едучы цэлую ноч, я не мог ні на хвіліну пра яго забыць і, думаючы, нязменна бачыў яго перад сабою ў размаітых абліччах. Успамінаў спрэчкі, якія чуў у карчме, лаянку і розныя думкі пра незнаёмага чалавека. Такія вось заўсёды абгаворы людскія! Аднаго пахваламі ўзносяць да неба, другога пераследуюць, называючы гультаём і нягодным чалавекам. Адзін толькі Бог справядлівы суддзя: прыйдзе канец свету, тады ўбачаць, хто як жыў і чаму перакідваўся ў розныя постаці.

— Апавяданне пана Францішка, — сказаў Латашэвіч, — смутак наводзіць; крый Божа мець такі характар. Чулы чалавек ніколі не будзе спакойны і шчаслівы.

— Усе яго апавяданні такія, — сказаў дзядзька. — Памятаю, апавядаў мне пра аднаго, што называў сябе Сынам Буры і туляўся па цэлым свеце, нідзе не знаходзячы спакою.

Вечар перад Новым годам

Воблакі, нібы туманы, закрывалі неба; моўчкі стаялі ля дома майго дзядзькі клёны і бярозы; аснежаныя яліны нагадвалі белыя слупы; вячэрні змрок разліваўся ў паветры; у пакоі гарэла на стале свечка. Дзядзька, сляпы Францішак, пан Сівоха і пан Латышэвіч ад апавяданняў перайшлі да размоў пра шчаслівае і нешчаслівае жыццё сваіх знаёмых і суседзяў.

— Вось пражылі мы, дзякуй Богу, і яшчэ год, — сказаў Завальня. — Я нарадзіўся і вырас у гэтым краі, не падарожнічаў нідзе далёка, аднак досыць пабачыў у жыцці; колькі пераменаў розных памятаю! Калі б падняўся з магілы хто-небудзь з нашых дзядоў і ўбачыў цяперашнія звычаі, дык не пазнаў бы свае радзіны. Яму б здалося, што ўстаў з мёртвых недзе ў чужой краіне, — да якіх часоў дажывуць мае дзеці? Не шкадую выдаткаў на выхаванне, раблю што магу, але калі выйдуць на свет з-пад вока майго і настаўнікаў, няхай ужо Бог бароніць іх душы ад злых і бязбожных людзей.

— Ат, пане Завальня, — сказаў Сівоха, — мы самі вінаватыя, што д’яблы размножыліся ў нашым краі; прычына ўсяму — глупства шляхты, хцівасць і нязгода паноў; не буду доўга пра гэта гаварыць: гісторыя ўсім вядомая, да сённяшняга дня не забылі гэтых вершаў:

Кошка Цяліцу забіла, Жук, Жаба Кошку судзіла, А жэ справа была кепска — То пшэнесьлі до Вітэбска.

А што зрабілі ў Віцебску? Кошка быў з паноў, дужа прагных да багацця. Абараняючыся сяброўскімі пратэкцыямі, не пакінуў, а яшчэ болей пачаў шкодзіць усім. Цяліца памёр за праўду, і пра яго заўсёды ўспамінаюць як пра добрага чалавека.

— Так заўсёды ў нас, — сказаў пан Латышэвіч, — за Дзвіною ва Ушачах сабраліся на раду…

— Але досыць ужо пра гэта: калі я такое слухаю, мяне скруха забірае. Дойдзем хутка з такімі ўспамінамі да таго, што спаткаем Новы год са слязьмі.

Тым часам у чалядным пакоі заспяваў певень.

— Брава, брава! — сказаў Завальня. — Не трэба плакаць: хутка будзе перамена, ледзь пачаўся вечар, а ўжо і певень заспяваў — гэта знак, што ўсходзіцца вецер і хто-небудзь з возера завітае да нас. Абы толькі добры чалавек, большай сябрынаю будзем сустракаць Новы год.

Сказаўшы гэта, паводле свае завядзёнкі, ён запаліў свечку, паставіў на падваконне і дадаў:

— Знак, што гаспадар дома і запрашае ўсіх да сябе.

Сівоха паглядзеў у вакно:

— Бясспрэчна, будзе хутка перамена надвор’я; аніводнае зоркі на небе, і я заўважыў, што ўлетку, калі певень праспявае, як сонца садзіцца, дык ужо назаўтра раніцою пасылай касцоў — абавязкова дождж, а тады і тупая каса добра косіць.

— Дасведчаны гаспадар на кожную рэч павінен зважаць, — сказаў Латышэвіч. — Калі напрыканцы снежня і пачатку студзеня бывае бура і снег глыбокі, дык улетку багата травы на лугах і буйное збожжа вырасце на ніве. Гэтая зіма павінна цешыць гаспадара, бо мароз і паўночны вецер пад глыбокім снегам жыта і пшаніцу не вымаразяць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: