Шрифт:
Хутка бег у гэтых размовах час. Гаспадар узяў са стала поўны келіх і сказаў:
— Давайце вып’ем за здароўе нашае пані.
І ўсе госці з поўнымі келіхамі ў руках закрычалі разам:
— Няхай жыве Белая Сарока! — І адным глытком выпілі да дна.
Яна ўстала з крэсла, дзякуючы ўсяму застоллю, пакаштавала віна і паставіла келіх на стол. Так амаль уся ноч прамінула ў размовах і віватах.
Ужо заранка паказалася на небе, заружавеліся воблакі перад узыходам сонца. Яна падзякавала гаспадару за гасціннасць, а гасцям за іх зычлівыя пажаданні, перамянілася ў Белую Сароку і вылецела ў вакно.
Кажуць, што яна гэткім чынам наведвала начамі ўсіх тых, з кім пазнаёмілася ў палацы пана Скамарохі, і ўсюды за яе здароўе лілося віно і гучалі віваты.
У хуткім часе пачалі спраўджвацца прадчуванні простых людзей. Тая страшная чараўніца патаемна разаслала ва ўсе бакі шкоднікаў, каб яны крыўдзілі бедных сялян. Раскажу панам выпадак, які ў той час здарыўся недалёка адсюль у вёсцы Клішкове, там усе пра гэта і зараз успамінаюць.
Дойныя каровы, усе адразу, пачалі сохнуць, і малако ў іх зусім прапала. Бясспрэчна, чары. Па ўсіх ваколіцах былі чуваць скаргі і нараканні, ды не можна было ўведаць, адкуль прыйшло тое зло. Выпадкам адзін вартаўнік з Клішкова, перад самым узыходам сонца вяртаўшыся дадому, убачыў, што сарока, белая, як снег, вылецела з хаты аднае кабеты, якой пан у той вёсцы пабудаваў новую хату з вялізнымі вокнамі. Вартаўнік расказаў гэта іншым. Сталі падазраваць, што там жыве чараўніца, пачалі сачыць рознымі спосабамі, каб вывесці на чыстую ваду гэта злачынства.
Нарэшце пра ўсё даведаліся дзіўным чынам. Калі чараўніца на Купалле, схаваўшыся ў дзікім лесе, брала ў прыгаршчы расу і заклікала злых духаў, каб яны, збіраючы з усіх ваколіц малако, напаўнялі яе посуд, а нанятая за колькі дзён перад тым пахолка, не ведаючы пра намеры свае гаспадыні, павымывала ўсе гліняныя збанкі і драўлянае начынне, перакуліўшы, паставіла сушыць. Злыя духі, не ўбачыўшы гэтага, цэлую ноч насілі малако, вылівалі на падлогу, і раніцаю ўся вёска ўбачыла, што з-пад чараўніцынай хаты плыве глыбокая малочная рака. Не мінула б чараўніцу смерць, ды, калі даведалася пра ўсё, імгненна ператварылася ў птушку і адляцела недзе далёка.
Тады было шмат заломаў у жыце, з’явіліся такія порсткія звяркі, што забіць іх было немагчыма, і яны па аборах стрыглі авечак, а мядзведзі, нападаючы ўсюды на пчальнікі, нішчылі пчол.
Яшчэ больш дзіўную рэч скажу панам: паўсюль снавалі такія зграі ваўкалакаў, што страх было выйсці ў поле.
— Чаму ты іх называеш ваўкалакамі? — спытаўся дзядзька. — А можа, гэта былі сапраўдныя ваўкі, што набеглі з іншых лясоў, ратуючыся ад пажараў? Гэтак мядзведзі і іншыя звяры пераходзяць з аднае мясціны ў другую.
— Ведаю добра, — сказаў Якуш, — што гэта былі ваўкалакі, бо, як расказваюць, шыі ў некаторых з іх былі белыя, чорныя і іншых колераў.
— А чаму?
— Таму што яны — людзі, перавернутыя ў звяроў. Якога колеру раней насілі хусткі на шыях, такая поўсць на шыях зрабілася.
— Дзіўныя кажаш рэчы!
— Але праўдзівыя. Нешчаслівы быў час, наракалі на гора сваё людзі, раздзірала сэрца выццё ваўкалакаў.
— Што ж потым здарылася з панам Скамарохам і іншымі прыхільнікамі Белае Сарокі?
— Белая Сарока, чуючы людскія праклёны і даведаўшыся ад д’яблаў, што стральцы з набітымі стрэльбамі сочаць за ёю, адляцела далёка і больш не з’яўлялася ў нашым краі. Але зло, якое яна пакінула, распаўзлося па наваколлі. Тыя, што пілі віно за яе здароўе, п’юць слёзы няшчаснага люду. Пан Скамароха выехаў з гэтае мясцовасці, і кажуць, быццам ён у палацы Белае Сарокі ў абліччы страшнага мядзведзя вартаваў яе незлічоныя скарбы.
Тут Якуш скончыў сваю аповесць пра Белую Сароку, узяў шапку.
— Куды спяшаешся? — спытаўся дзядзька. — Ці табе пан казаў абавязкова сёння вярнуцца?
— Пан дазволіў мне зайсці ў карчму на ігрышча, пабачыцца са знаёмымі ды павесяліцца. А заўтра перад світаннем, перш чым устануць у маёнтку, абавязкова трэба быць дома. Ужо сонца нізка, хутка цямнець пачне.
— Кланяйся ад мяне пану і скажы, што Янка заўтра пасля святое імшы абавязкова ў яго будзе.
Апавяданне дзевятае. Пакутны дух
У час размовы Завальні з гасцямі сляпы Францішак сядзеў моўчкі, а калі Якуш апавядаў пра Белую Сароку, заглыбіўся ў нейкія журботныя думкі; але па твары можна было бачыць, што гэтае апавяданне моцна кранула ягоную душу. Дзядзька, каб перапыніць яго маўчанне, сказаў:
— Пан Францішак доўга ўжо маўчыць, і здаецца, яго нешта хвалюе.
— У дзяцінстве ўжо скончыліся мае вясёлыя забавы, калі дзень схаваўся ад мяне; сярод ночы, якая ніколі не канчаецца, увесь час чую скаргі няшчасных людзей: пакуты іншых балюча раняць сэрца таго, хто і сам тое зазнаў.
— Ат, Бог міласэрны, усяму некалі будзе канец. Янка, папрасі прынесці нам гарэлкі і закускі, ужо час падсілкавацца. Наш век кароткі, нап’ёмся водкі.
Калі выпілі і закусілі, дзядзька сказаў гасцям: