Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Дзякуй Богу, праз некалькі хвілін прыйдзе Новы год; міласэрны Бог дазволіў нам сустрэць яго ў добрым здароўі. Пакуль певень праспявае поўнач і міне апошняя гадзіна года, пан Францішак раскажа нам што-небудзь, калісьці ім чутае на свеце, бо ў сваім жыцці ён шмат сустракаў людзей і памятае ўсе размовы з імі, а пасля чарга пана Сівохі.

— Мае апавяданні наўрад ці могуць усім падабацца, бо я памятаю толькі сумныя.

— Яны ў нашым краі ўсе сумныя, — сказаў Сівоха. — І мае гісторыі нікога не насмешаць. Няхай пан Францішак пачынае, а я тым часам, можа, што-небудзь прыпомню.

— Згодны, калі ўжо такая воля гаспадара і гасцей, — сказаў сляпы і пачаў апавяданне:

— Гадоў колькі таму ехаў я з Полацка ў Невель; выехаўшы з горада, хутка апынуўся сярод лясоў, над галавой шумелі дрэвы, конь мой ішоў паволі — быццам з нагружанай фурманкаю па пясчаных пагорках, — я сядзеў, марачы пра сёе-тое, а таварыш мой ішоў пешшу. Перапыняючы мае думкі, ён сказаў:

— Праехалі дваццаць пяць вёрст. Ужо недалёка вёска і карчма Бабавікі, трэба каб конь там адпачыў крыху; яшчэ некалькі вёрст — і будзе рэчка і добрая паша; напасвіўшы добра каня, будзем ехаць усю ноч, бо дзённая спякота і нас мучыць, і каня мардуе.

Я ахвотна згадзіўся з яго парадаю.

Прыехалі ў вёску; мой таварыш завіхаўся каля воза; а я, седзячы ў карчме, слухаў размовы і розныя думкі тутэйшых сялян пра нейкага незнаёмага чалавека. Потым завязалася між імі спрэчка: адны даводзілі, што ён, гнаны лёсам, а таксама нявінна пакутуючы ад людзей, мусіць туляцца па свеце; іншыя ж называлі яго гультаём і шкадлівым чалавекам, з якім страшна сустрэцца. І гэтая іх спрэчка такая была гарачая, што даходзіла да бойкі.

— Ужо каторы тыдзень, — сказаў адзін з іх, — як ён з’яўляецца ў розных мясцінах нашае ваколіцы. Нібыта ёсць такія, хто ведае яго, ён бывае ў іх і, забавіўшыся там нейкі час, зноў выходзіць, каб блукаць па гарах і лясах. Ён спакойны і лагодны; кажуць нават, што бачылі некаторыя, як, спаткаўшы ўбогіх, даваў ім кавалак хлеба або дзяліў між імі апошнія грошы.

— Пэўна, ён звар’яцеў, калі апошні кавалак хлеба або апошнія грошы аддае іншым, не думаючы пра заўтра; разумны чалавек найперш павінен забяспечыць сябе; век пражыць — не поле перайсці, дык няхай кожны думае пра сябе. Якое гэта жыццё, калі свае нары не маеш, каб схавацца ад дажджу і буры, — такі чалавек не заробіць у мяне і слова добрага.

Трэці загаварыў да мяне:

— Едзеш, як бачу, у Невель; будзь асцярожны, каб не сустрэцца з якім няшчасцем: у нашых лясах рознае бывае, і пра таго незнаёмага Бог ведае што думаць.

— Я не баюся, — кажу, — скарбаў не вязу.

— Калі так, то шчаслівае дарогі!

І ўся грамада, спрачаючыся, выйшла з карчмы.

Хутка прыйшоў мой таварыш.

— Каня запрог, — кажа, — паедзем далей, лепей там, ля рэчкі, дзе шмат травы і вады, адпачнём болей.

Сказаўшы гэта, ён дапамог мне дайсці да воза.

Мы былі ўжо на прызначаным месцы; фурманка наша стаяла на беразе рэчкі, таварыш мой павёў каня туды, дзе бачыў болей травы, я сядзеў пад дрэвам; дзень набліжаўся да вечара, нада мною тужліва скардзілася зязюля, і непадалёку ў кустоўі салоўка не спыняў сваіх пяшчотных і прыгожых песень; я, самотны, акунуўся ў прыемныя ўспаміны.

— Цудоўны вечар, — сказаў нехта побач, перапыняючы мае думкі.

— Цудоўны вечар, — адказваю, — ціха ўсюды, і як чароўна вакол спяваюць салоўкі.

— Але, бачу, ты маеш, толькі палову прыемнага, бо чуеш птушыныя спевы, а блакіту неба, вясновае аздобы гор і лясоў не бачыш.

— Даўно туляюся па свеце, не бачачы яго.

— Прыкра не бачыць свет, але прыкра таксама мець добрыя вочы і бачыць далёка.

— Чалавек не можа бачыць і чуць далей, як яму прырода дазволіла.

— А ці верыш, што ёсць цуды на свеце? Я не толькі бачу і чую вельмі далёка, але і перакідваюся ў розныя абліччы.

— Не разумею, як можа чалавек перамяняцца ў розныя абліччы.

— Не бачыш мяне і ўбачыць не можаш.

— Хто ж ты такі? Ты тутэйшы ці таксама вандруеш?

— Я — Пакутны Дух, вандрую да вечнасці шпарчэй за іншых.

— Нейкі неспакой ляжыць на тваёй душы.

— Так, неспакой. Пакутнаму цяжка быць спакойным; хворы на ложку глядзіць у розныя бакі, каб хоць крыху суцешыць боль, — і я, каб знайсці палёгку, мяняю воблік. Раскажу табе пра страшны мой грэх. Калі мяне падманулі надзеі і душа акунулася ў смутак, здалося мне, што лятучае зелле [157] , якое прыносіць спакой і шчасце, можна знайсці толькі на могілках; марачы пра яго і шукаючы тую кветку, часам да ночы, як вурдалак, блукаў я між магіл, думаў пра духаў, зайздросціў іх шчасцю і спакою, — саграшыў, ах! І, можа, той грэх атруціў кроў маю, расхваляваў усе нервы, страсянуў усю маю натуру; у цяжкай немачы цела напружыўся слых і вочы зрабіліся, як вочы духа. Бачу і чую далёка — жахлівая хвароба! Не могучы яе трываць, мяняю свае абліччы і не знаходжу палёгкі.

157

Пералёт-траву.

— Што ж ты чуў або бачыў на свеце, — кажу, — што так мучыць душу тваю?

— Бачыў дзікіх пачвараў, якія рвалі дзяцей і кабет; слухаючы лямант тых няшчасных, велізарныя скалы не рушыліся з месца, а водгулле толькі паўтарала енкі пакутных ахвяр і змаўкала. Гледзячы на гэтую велізарную сцэну, я сам быў пачвараю, я праклінаў зоркі, што абыякава глядзелі з неба на ўсё гэта, і хмары, што не стрэлілі ў пачвараў вогненнымі перуновымі стрэламі.

Яшчэ скажу табе: людзі-волаты на ўсіх паглядаюць зверху, быццам на нікчэмных карузлікаў, мараць пра славу, дрыжаць перад найменшаю непагодаю, ідуць з трывогай і асцярожнасцю па шырокай дарозе, баяцца ступіць на калючыя церні; я сустракаў іх, бачыў малыя душы ў велізарным целе; страсянулася ўся мая натура, не ведаю, як глядзеў на тых волатаў зверху і пагарджаў іх вялікасцю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: