Шрифт:
— Вось да чаго дажыўся, — сказаў Генрык, павярнуўшыся до доктара. — Стаў у нячулых людзей пасмешышчам, смяюцца з чужога няшчасця, дзе толькі іх ні сустрэну, здзекуюцца з балючых выпадкаў майго мінулага, каб павялічыць мае пакуты.
— Надта далікатныя ў цябе нервы, — сказаў доктар, — калі абураешся на людзей легкадумных; я, седзячы тут ды слухаючы, як яны перамывалі языкамі сваіх знаёмых, добра зразумеў, што гэта за людзі.
— Калісьці я быў зусім іншы, абыякава слухаў і смех і енк, нішто не кранала мяне — валасы, валасы парушылі ўсю маю натуру!
Змоўк, нібыта прыслухоўваўся да нечага і раптам, паказваючы на свае валасы, сказаў:
— Вось адзін заспяваў і іншыя заварушыліся… хутка закрычаць усе разам. Вы не бачыце, што робіцца на маёй галаве!
Тут ён схапіў шклянку, каб выпіць рэшткі рому.
— Паслухай мяне, — прамовіў доктар. — Папрасі прынесці вады і цукру; змяшай іх з ромам, прынамсі, будзе менш шкоды, ды я раіў бы табе зусім адмовіцца ад такіх лекаў.
Генрык узяў шклянку, стаў перад люстэркам, памацаў рукою валасы, сцепануў плячыма; пасля павярнуўся да доктара, паглядзеў на яго неспакойна і кажа:
— Адмоўлюся, калі вынайдзеш лепшыя лекі, а першую параду прымаю.
І, папрасіўшы падаць вады, выпіў шклянку пуншу.
— Раскажы мне пра сваё жыццё; калі б я ведаў прычыну тваіх пакутаў, мо прыдумаў бы, чым табе дапамагчы.
— Можа, ведаеш, як вярнуць назад мінулае?
— Мінулае вучыць нас, як жыць сёння.
— Мая хвароба новая, ані простыя людзі інстынктыўна, ані медыкі навукова не знайшлі зёлак, каб яе вылечыць; аднак бачу, што ты шчыра хочаш, каб я ачуняў; дык раскажу пра тое, што выпала мне перажыць.
Адзін я быў у бацькоў; усе мае жадункі былі законам, лёкаі кожнага слова майго слухаліся, хатні настаўнік выкладаў французскую мову такім чынам, каб я, займаючыся адну гадзіну, не зазнаў ніякае прыкрасці і не затлуміў у сабе вясёлых думак, якія цэняць у свеце больш за адукаванасць.
У пятнаццаць гадоў бацька завёз мяне на адзін год у Рыгу, каб я там вывучаў нямецкую і французскую мовы ў лепшых настаўнікаў ды каб пабачыў і даведаўся ўсё тое, што спатрэбіцца мне сярод людзей, пра якіх ідзе слава ў свецкіх салонах.
Грошай бацька пакінуў больш, чым вымагалі мае патрэбы, і я збіраў там толькі кветкі вясёлага жыцця, ніхто мне не нагадваў, што ўсё незваротна мінецца, чалавечае здароўе слабое і зменлівае, а весялосць шчаслівых гадоў нагадвае мроі.
Калі вярнуўся з горада дадому, ад раніцы да вечара бавіў час на ловах. Мой бацька не шкадаваў сродкаў на паляўнічых, хартоў і ганчакоў; мне было дазволена трымаць столькі лёкаяў, колькі захачу; былі ў мяне добрыя коні, выпісваў модныя карэты.
Праз некалькі гадоў мяне выбралі ў павятовую ўправу. У горадзе знайшоў шмат прыяцеляў; часта ладзіў у сваім доме вясёлыя забавы, сустракаючы з гасцямі ўзыход сонца пры віне або за картамі.
Прайшло чатыры гады. Бацькі мае пакінулі гэты свет, і я вярнуўся дадому з намерам заняцца гаспадаркаю. Маёнтак быў увесь у даўгах. З’язджаліся да мяне бацькавы крэдыторы і з пагрозамі нагадвалі пра пазыкі, суд вымагаў незаплачаныя скарбовыя падаткі за колькі гадоў. Я адчуў небяспеку і тады ўпершыню задумаўся пра страшную будучыню.
— Трэба табе жаніцца, — сказаў мне сусед. — Панна Амелія, дачка камісара, які цяпер кіруе маёнткамі пана Г., дзяўчына прыгожая, добра выхаваная, да таго ж я чуў, што мае ў пасаг больш за дзесяць тысяч срэбных рублёў: бацька яе назапасіў ніштаваты капітал, займаючы пасаду камісара і ўпаўнаважанага, а што не ў сваяцтве з тутэйшымі яснавяльможнымі панамі, якія робяць што хочуць падчас выбараў мясцовых чыноўнікаў [158] , — ты на гэта не зважай. У тваім становішчы трэба грошы, а не фамільныя сувязі, якія — на маю думку — табе не прыдадуцца. Бачу: парада майго суседа — ад сэрца. Я згадзіўся з гэтай прапановаю і папрасіў яго дапамагчы. Дзесяці тысяч срэбных рублёў (а мо крыху менш) было б даволі, каб вызваліць ад прыкрых дамаганняў мой маёнтак. А да таго ж пра вартасці камісаравае дачкі я і раней шмат ад каго чуў. Карацей, паехалі мы з суседам да яе бацькоў.
158
У Вялікім княстве Літоўскім мясцовую ўладу выбіралі звычайна на павятовых сойміках. Фармальна такое становішча захавалася нават пасля далучэння Беларусі да Расійскае імперыі. І толькі ў другой чвэрці ХІХ ст. мясцовае заканадаўства паступова было скасавана.
Сустрэўшы першы раз Амелію, сапраўды ўбачыў яе цудоўныя вартасці: стройны стан (мастак мог бы напісаць з яе найпрыгажэйшы абраз), твар сведчыць пра лагодны характар, у блакітных вачах ціхая меланхолія і нейкія чароўныя мроі.
Размаўляючы з ёю пра будучыню і пра зменлівае шчасце гэтага свету, даведаўся: выхавалі яе так, што пакорліва верыла ў прадчуванні і ў неразгаданыя таямніцы прыроды. Мой сусед адкрыта расказаў яе маці і бацьку пра ўсе патрэбы майго маёнтка; згадзіліся і бацькі, і дачка. Пасля вяселля я быў найшчаслівейшы з людзей: прывёз жонку дадому і заплаціў усе пазыкі.
Ах! Чаму я не даваў веры прадчуванням! Доктар, ці згодзішся з тым, што чулая чалавечая душа чуе ў ціхім голасе анёла перасцярогу нашмат лепей, чым навукаю і вопытам набытая мудрасць?
— Заўважаў гэта і я, — сказаў доктар, — але такі інстынкт бывае не ва ўсіх людзей.
— Чаму ж я не хацеў верыць сэрцу чулае Амеліі?
— У якіх выпадках? І чым гэта ўсё скончылася?
— Тры гады мы былі шчаслівыя абое, хоць розніца асобных нашых думак і ўяўленняў і нараджала часам спрэчкі, аднак заўсёды ўсё канчалася спакойна. Амелія, бачачы маю ўпартасць, хутка знаходзіла іншую тэму, абы толькі ўнікнуць нязгоды.