Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Раней Філосаф быў моцны духам, ні ў што не верыў; цяпер прымхі мучылі яго душу і даводзілі да роспачы. Калі часам пачуе сярод начное цішы стогны ўдода або журботныя савіныя крыкі, рабіўся надзвычай устрывожаны, чакаў якого-небудзь няшчасця ў доме. Заскуголіць сабака на панадворку — ён бяжыць паглядзець, у які бок павернута сабачая пыса, бо, на яго думку, там жахлівы пажар знішчыць вёску або выпаліць лес. А яшчэ больш раздражняліся яго аслабленыя нервы, калі бачыў, што, скуголячы, сабака не падымае галавы, а нібыта чуе нешта пад зямлёю. Роспач агортвала яго, бо гэта вешчавала смерць камусьці ў яго доме. І ён, не могучы пазбавіцца ад гэтага страшнага прароцтва, тут жа загадваў запрагаць коней і ўцякаць у горад або куды-небудзь да знаёмых ці суседзяў. Са страхам апавядаў ім, што здарылася ў яго доме, і тыя марна стараліся пераканаць яго, што трывога ягоная дарэмная.

Дзіўны ўплыў на Філосафа меў месяц. Ён наганяў неспакой, і Філосаф не мог сядзець у тым пакоі, куды лілося з неба бледнае месяцавае святло.

У летнюю спёку ён самотны сядзеў ля вакна, паглядаючы ў поле; вецер, не раўнуючы, як на возеры, падняў на амаль ужо спелым жыце хвалі; цешыў яго добры ўраджай, і меў ён надзею ў гэтым годзе на вялікія даходы з маёнтка.

Нечакана пачуў ён у пакоі стрэл, нібыта з пісталета, які скалануў усе ягоныя нервы. Філосаф адскочыў ад вакна і ўбачыў на сцяне пераламаную папалам асаду з партрэтам дзеда-нябожчыка. Гэты выпадак настолькі яго перапалохаў, што праз некалькі дзён ён памёр.

Гаспадар загаварыў да мяне:

— Памятаеш, калі мы хадзілі ў школу, колькі было моладзі рознага характару і здольнасцяў? Цяпер раз’ехаліся па свеце. Думаю, між іх ёсць шмат люцэфугаў і гордых філосафаў. Гора нам, калі такі заняў месца ў духоўным або грамадскім кіраўніцтве.

— Цяпер жалезны век, — сказаў я, — чалавек лёгка робіцца горшы.

— Сапраўды, век жалезны, — прамовіў Ротмістар. — Знікае спакойнае і вясёлае жыццё, цяпер, здаецца, усе баяцца адзін аднаго, часта чуеш стогны і скаргі. О, як добра прарочыў гэта Драўляны Дзядок аднаму з маіх калегаў, які быў надзвычай арыгінальнага нораву і ў весялосці пераступаў усе межы; калі даходзіў да такога стану, то кожная рэч у яго марах малявалася ў абліччы нейкіх дзіўных веліканаў. Імя яго — Севярын. Я за характар называў яго Летуценнікам. Раскажу вам пра дзівосную гульню яго фантазіі.

Летуценнік Севярын

Быў ён з лепшых вучняў, любілі яго настаўнікі, ён часта атрымліваў узнагароды, меў вялікую ахвоту вывучаць замежныя мовы і нядрэнна ўжо гаварыў на некалькіх. А чытаў найбольш паэзію: ідыліі Фэакрыта [182] , Геснера [183] , Шымановіча [184] яго зусім ачаравалі. Паўсюль ён бачыў Аркадзію, а ўсе людзі ў ягоным уяўленні былі наіўныя і шчырыя пастушкі. Калі ён выходзіў на шпацыр за горад, дык у ручаях бачыў наядаў, на лугах скакалі німфы, а ў засені дрэваў з-пад зялёнага вэлюма ўсміхаліся яму дрыяды. Словам, усюды сустракаў ён старажытны залаты век грэкаў, не ведаў, што ёсць бяда на свеце, быў заўсёды вясёлы сам і весяліў іншых.

182

Феакрыт (канец ІV ст. — І-я пал. ІІІ ст. да н. э.) — старажытнагрэцкі паэт, заснавальнік жанру ідыліі. Асобныя яго творы перакладаў С. Шымановіч.

183

Геснер Саламон (1730–1788) — швейцарскі паэт і мастак. Пісаў на нямецкай мове. Аўтар зборнікаў «Ідыліі» ў прозе (1756) і «Вершы» (1762).

184

Шымановіч Сымон (1558–1629) — польскі паэт-гуманіст. У гісторыю польскае літаратуры ўвайшоў як стваральнік цыкла «Ідыліі» (1614).

Аднаго разу, калі настаўнікі з вучнямі агледзелі музей, дзе былі розныя дзівосныя рэчы і карціны славутых мастакоў, і, спыніўшыся перад Драўляным Дзядком, загаварылі з ім, Севярын, налавіўшы поўную жменю мух, падбягае туды і пытаецца ў Дзядка:

— Адгадай, Дзядок, што ў мяне ў руцэ?

Дзядок патрос галавою і кажа:

— О нешчаслівы! Ты будзеш выгнаны з раю сваіх мар, пойдзеш крамяністаю дарогаю, і нікчэмныя інсекты ў вобліках страшыдлаў будуць гнацца за табою.

Севярын жа выпусціў мух, засмяяўся і пабег.

Пасля курса навук Летуценнік пакінуў горад, вылецеў у свет, як птушка з клеткі, калі вясна ўбірае лугі і дрэвы пахкімі кветкамі. І ён, бедны, думаў, што гэтая вясна будзе яму вечнаю. Але як хутка надышла панурая восень!

Спачатку толькі ва ўяўленні бачыў ён пекных багінь на лугах і ў гаях, нарэшце спаткаў іх і ў свеце. Гэта была панна Адэля, з маёнткам, прыгожая і з добрымі манерамі. Гэтай асобе Севярын аддаў сэрца, і Адэля была яго адзінаю мараю. Кахаў ён гады чатыры. Не буду тут апісваць шчаслівыя і нешчаслівыя хвіліны; гэтыя гісторыі заўсёды падобныя адна да адной, хоць і малююць іх розныя пісьменнікі па-рознаму. Не буду ні хваліць, ні ганіць жанчын, бо ўсе дочкі Евы такія і мусяць быць такімі, якімі іх стварыла прырода. Скажу толькі, што вужака золата і ганарлівасці звяла Адэлю, яна здрадзіла Севярыну і выйшла за іншага.

Першае каханне, да таго ж яшчэ нешчаслівае, — найвышэйшая навука, пасля якое чалавек з увагаю пачынае чытаць кнігу свету, таямніцы сэрца, адносіны сяброў і блізкіх. Адсюль пуцявіны чалавечага жыцця бяруць накірунак на поспехі і няўдачы. Тут ён сустракае няраз насмешлівыя вочы і нясталае сяброўства. Зразумеў і Севярын, што свет не рай, а людзі не анёлы.

Пасля гэтага здарэння зрабіўся ён самотны, усе ягоныя мары былі жахлівыя, уцякаў ад людзей, мілай была яму адзінота, найпрыемнейшы быў яму малюнак неба, і то толькі тады, калі ў чорных хмарах адзываліся грымоты, выў вецер, шумелі лясы і хвалі на возеры. У нікчэмных жамярыцах пазнаваў ён постаці шкадлівых людзей, мроіў і расказваў пра дзівы. Усе, хто ведаў Севярына, жартавалі з яго і называлі вар’ятам.

Калі я вандраваў у тых краях, дзе ён жыў, дык адведаў яго як сябра свайго дзяцінства. Заходжу ў пакой і бачу, што сядзіць ён самотны, задумлівы, бледны, вопратка і валасы збэрсаныя.

— Як маешся, Севярын?

Ён устаў, абуджаны ад сваіх мрояў, і доўга, не пазнаючы, глядзеў на мяне. Я назваўся.

— А! Даўно чакаю! — прамовіў ён, паціснуў мне руку і пасадзіў ля сябе, а сам зноў аддаўся мроям і сядзеў як нямы.

— А ўжо колькі гадоў прайшло, — перапыніў я маўчанне, — як развіталіся мы з маладымі нашымі прыяцелямі і настаўнікамі. Шчаслівыя былі часіны! Ці ўспамінаеш цяпер тыя даўнія забавы, размовы, майскія праходкі, прыемныя мары і жарты, у якіх ты заўсёды вёў рэй?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: