Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Гаспадарка, — сказаў ён мне, — вымагае не прыдумак розных, а досведу і руплівасці; хто працуе, таму і Бог дапамагае. Шмат у нас ходзіць праектаў, як разводзіць жывёлу і палепшыць зямлю. Нашы продкі жылі на гэтай зямлі спакойна і заможна. Гаспадару, які славіць Бога, усяго хапае. Няхай у яго і спытаюць, якім чынам палепшыць зямлю і як развесці жывёлу.

Калі мы ішлі па беразе возера, ля якога даспявала ранняя грэчка, Зямельскі пляснуў рукамі — і з нівы, нібы хмара, паднялася вялікая чарада дзікіх качак.

— Ад іх, — сказаў ён, — адна шкода. Азёраў і рэчак шмат, і столькі гэтых качак развялося, што трэба асобнага стральца ля кожнай нівы, што блізка ля вады. Вясковы гаспадар апрача злых людзей мае яшчэ шмат непрыяцеляў: дзікіх птушак і драпежных звяроў. Летась вунь ля таго цёмнага лесу вырас у мяне цудоўны авёс. Дык мядзведзь за некалькі начэй знішчыў усё, пакінуў толькі здратаваную салому. Гэты звер не толькі нападае на жывёлу і пчол, але і нівы пустошыць. У мяне добрыя сабакі. Яны вартуюць жывёлу ад ваўкоў і мядзведзяў, а вось засеяны палетак немагчыма ўпільнаваць ад шкоды.

Так мы, ідучы, размаўлялі. Павеяў вецер, і далёка за лесам абазваўся гром. Глянулі мы ўгору: велізарная хмара з усходу падымаецца над лесам, маланка, як вужака, прабегла колькі разоў праз нябеснае чарноцце. Мы паспяшалі туды, дзе работнікі зграбалі сена. Ледзь паспелі скончыць і вярнуліся ўсе дахаты, як сонца схавалася за хмараю, пацямнела, усхадзіўся вецер, жывёла бегла хавацца ў хлявы, гусі, выцягваючы шыі і махаючы крыламі, нібы ветразямі, з крыкам уцякалі з поля.

Раптоўны дождж з градам сек у вокны. Ускінулі на вуголле свянцоныя зёлкі, і ўся сям’я, укленчыўшы, прасіла Бога быць міласэрным. Шум дрэў і залевы, стрэлы грому наганялі страх. Але хутка моцны вецер разагнаў хмары. Скончылася навальніца, блакітнае неба і сонца паказаліся з-за аблокаў.

Гаспадар выйшаў у поле і хутка вярнуўся вясёлы.

— Дзякуй Богу, навальніца не нарабіла шкоды. Дробны дожджык ідзе, няхай, работнікі адпачнуць у хаце.

Дзень хіліўся да вечара. Я расказваў сваім землякам аб прыгодах, што здараліся ў маім жыцці, як пакінуў Беларусь. Усе з цікавасцю слухалі пра дзівосы паўночнай сталіцы, пра тэатры, канцэрты, пра норавы жыхароў. Але найбольш іх займалі небяспечныя марскія падарожжы, буры, малюнкі гор і берагоў чужых краін.

— Я ніколі не меў ні ахвоты, ні цікавасці наведаць чужыя краіны, — сказаў гаспадар. — Заўсёды мяне захаплялі тыя памятныя вершы, якія некалі ў Полацку ў езуіцкім тэатры спяваў хлопец, іграючы на гуслях:

Шчаслівы, хто ад спрэчак далёкі, Як і ў тыя, мінулыя рокі, Не сядзіць, а старанна працуе, Дык яму ва ўсім вечна шанцуе.

— Сапраўды, шчаслівы той, хто жыве ў вёсцы з працы рук сваіх. Анэля, вазьмі гітару і заспявай песеньку, якую я склаў, прыгадаўшы, як у школьныя гады пісалі мы вершы.

Анэля настроіла гітару і заспявала, як вясновая птушка, мілагучным і прыемным голасам:

Славяцца дрэвы красою Ў пушчы у нашай і ў гаі. Там салавейка вясною Цэлую ночку спявае. Ў лузе на пашы багатай Статкі жывёлы пасуцца. Грэчкі ў нас ніва за хатай — З мёдам там пчолкі снуюцца. Як гаспадар на палетку З неразагнутай спіною, Бог тут дарадца і сведка — Жыта сцяною. Нетры лясоў бласлаўляе Наш паляўнічы руплівы. Рыба ў азёрах гуляе, І рыбалоў тут шчаслівы.

Пасля гэтае песенькі шмат яшчэ пан Зямельскі расказваў пра сваю гаспадарку, аб продажы сена, жыта, аўса і іншых дарункаў зямлі. Гаспадыня хваліла пароду жывёлы, а менавіта авечак, якія мелі доўгую і мяккую воўну. Апавядала аб прыбытках ад продажу малака і свойскіх птушак. Панна Анэля дастала з куфра белы і тонкі, як паркаль, кужаль; гаварыла, што бацька, на яе шчасце, штогод засявае адну ніву льном, з якога пад яе наглядам ткуць палатно, і яна штогод прадае частку яго ў горадзе і за гэтыя грошы купляе сабе на ўборы ў краме паркаль і ядваб.

Некалькі дзён бавіў я ў прыемных размовах у доме пана Зямельскага, увесь час адчуваючы ветлівасць і шчырасць сэрцаў усёй ягонае сям’і. Я быў невыказна шчаслівы. Час той прамінуў як найпрыемнейшы сон.

Узышло сонца, пагодны ранак, час у падарожжа. Пасля снедання я развітаўся з усімі са слязьмі на вачах, а памяць пра іх назаўсёды засталася ў маёй душы [185] .

ДУША НЕ Ў СВАІМ ЦЕЛЕ [186]

185

Напрыканцы аповесці пазначана: «Працяг у наступным нумары».

186

Упершыню надрукавана на польскай мове ў кнізе: Proza і wіerszy. Kіjow, 1849. Cz. 1.

Разлеглы абшар Валыні [187] ў большай частцы пакрыты лясамі, на захадзе ж вачам адкрываюцца стэпы і зусім іншыя краявіды. Праз ваколіцы і мястэчка Цуднаў [188] плыве Цецераў; на заходніх і ўсходніх берагах гэтае рэчкі ўздымаюцца высокія дзікія скалы, нібыта руіны даўніх часоў, і здаецца, што іх накшталт сценаў узнесла сама прырода, каб адмежаваць Палессе ад тлустае і ўрадлівае зямлі. Ад Цуднава аж да межаў Падолля [189] — паўсюль улетку можна бачыць нівы, засеяныя буйною пшаніцаю; тут зямля без вялікіх намаганняў аратага дае багаты плён. Хоць жыхары гэтых ваколіцаў забяспечаны ўсім, што толькі трэба дзеля іхніх выгодаў, аднак і сярод іх слёзы, трывога, пакуты сустракаюцца як і ўсюды; няма праўдзівага шчасця, няма раю на гэтай зямлі.

187

Валынь — гістарычная частка Вялікага княства Літоўскага. Сваю назву атрымала ад г. Валынь, якога сёння няма. Уключае ў сябе беларускае і ўкраінскае Палессе.

188

Цуднаў — сёння гэта ўкраінскі горад Чуднаў.

189

Падолле — гістарычная частка Вялікага княства Літоўскага, гвалтоўна далучаная ў 1569 г. да Польшчы. Ахоплівае тэрыторыю сучаснае Ўкраіны па рэках Днестр і Паўднёвы Буг.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: