Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Мае мары і жарты зніклі назаўсёды. Цяпер у мяне іншыя погляды: тады чалавек мог бы зрабіцца шчаслівы, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў яго пясок і нічога не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце.

— Як ты перамяніўся! — здзівіўся я. — Няўжо табе абрыдла ўсё пад сонцам?

— Усё. Расказаў бы шмат, але баюся, бачыш: усюды вакол нас лётаюць мухі. Бачыш, гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае вакно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як молімся. А бачыш слёзы на маіх вачах? Іх ты раней ніколі не бачыў, вось якая перамена са мною. Але паслухай, што раскажу табе. Ты не зважаў, якія гэтыя мухі страшныя? Я сяджу тут самотны, у гэтым ціхім маім пакоі, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іх рознай формы: адны круглыя, шырокія, з крывавымі плямамі, другія — сухія, з востраю бародкаю і доўгімі валасамі. І ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва.

— Вялікая розніца, — сказаў я, — у тваіх мроях. Раней цябе захапляла паэзія грэкаў і шчырае каханне патрыярхальных часоў, цяпер жа ў цябе фантазія нейкая журботная.

— Але слухай, яшчэ табе штосьці скажу, — прамовіў ён, — пра гэтых нягодных мух. Я любіў чытаць паэтаў, любіў некалі і пісаць. Прыйшло мне ў галаву сказаць у вершах пра свае пачуцці, якія былі ў мяне да свае сям’і і да Адэлі, якую шчыра кахаў. Я паслаў ёй свае песенькі, з якіх яна магла б зразумець маю сапраўдную прыхільнасць. Яна прачытала, паклала на стале, але і там мухі, якія, не маючы што рабіць, лёталі ўсюды, здзекаваліся з маіх пачуццяў, звінелі датуль над вухам Адэлі, пакуль яна зусім не забыла пра мяне і мае вершы. Ды яны і цяпер не даюць мне спакою, і цяпер, калі што-небудзь напішу, усё абсмяюць і запэцкаюць, гэтыя прыкрыя мухі.

— Гэтыя мухі, на якіх ты так скардзішся, былі і будуць…

Тут ён перапыніў мяне, схапіў за руку:

— Ці бачыў ты калі саранчу?

— Саранчы ў нашым краі няма, — адказваю. — Яна на ўсходзе. Нападае там на лугі і засеяныя палеткі.

— Не бачыў ты, — кажа, — гэтую вялікую тоўстую жамяру. А на ёй — іерогліфы. Хто ўмее, той выразна прачытае такія словы: «К а р а Б о ж а я». А ці ж кара Божая толькі там, недзе далёка на ўсходзе, а не ў нас? Пайшлі ў поле, я табе пакажу саранчу.

Ён вывеў мяне на бераг імклівае рэчкі, дзе ўспененыя хвалі шумелі між камянёў: мінуўшы лугі, яна хавалася ў густым хмызняку. Мы сядзелі на высокім беразе ў засені алешыны. Севярын задумліва паглядзеў на ваду. Падзьмуў з поля ветрык, зашумелі дрэвы; ён ачнуўся ад сваіх думак і сказаў мне:

— Я часта наведваю гэтыя мясціны, люблю адзін сядзець тут і прыгадваць мінулае. Успамінаю ўсе размовы, якія меў некалі з Адэляю, хоць яна зусім пра мяне забыла, быццам даўно ўжо мяне пахавалі.

Раптам паказаў рукою на ваду:

— Глядзі, глядзі! Вось ляціць саранча! Бачыш яе? Падвойныя шэрыя крылы, яна ўсюды тут у нас лётае і ўсё жарэ ў паветры і на зямлі. Яшчэ што скажу: ніколі яна не гіне, як шатан, з’яўляецца ў розных абліччах. Калі пажоўкнуць трава і лістота на дрэвах, павее халодны восеньскі вецер, яна падае на ваду, скідае з сябе крылы, ператвараецца ў вадзяное страшыдла і там жарэ ўсё, што сустрэне. Прыйдзе вясна — у яе вырастаюць новыя крылы, яна вылятае з вады з разяўленаю пашчаю, як лятучы цмок, і каго напаткае — знішчае. Завалодала гэтая пачвара зямлёю і вадою, яна заўсёды прагне здабычы. Ці не яна заразіла чалавечыя сэрцы, што людзі прыгнятаюць адзін аднаго.

— Нейкая чорная меланхолія, — сказаў я, — зацьміла твае думкі, усё бачыш ты ў пачварных вобразах. Нешчаслівы, з такімі думкамі ніколі не прычакаеш спакою.

— Вось і не здагадаўся! Я маю добрую думку: буду падарожнічаць. Далёка ў чужых краях, дзе пануе вечная вясна, у гарах, ля вадаспаду або ў дзікім лесе буду жыць спакойна, пра Адэлю нават і не ўспомню, бо паміж намі будзе вечнасць. Вечнасць!..

— І родны край забудзеш?

— О, не! — адказаў ён. — Калі не вярнуся на Бацькаўшчыну і памру недзе самотны на вяршыні гары ў чужым краі, крукі занясуць туды мае косці; усё ж лепей быць пасля смерці з птушкамі, а не з чарвякамі.

Я быў там цэлы дзень; блукалі з ім па гарах і лясах, і ён несціхаючы гаварыў пра свае мроі. Затрымаў мяне і на ноч. І ў хаце мы яшчэ доўга размаўлялі. А ўначы ён часта ўсхопліваўся з ложка, уставаў і хадзіў па пакоі, дык і я спаў не шмат, бо кожную гадзіну мой сон перапыняўся.

Наступнага дня, калі мы прачнуліся, сонца было ўжо высока. Ён прывітаў мяне з крыху весялейшым тварам, распытваў пра маіх знаёмых, пра суседзяў, пра мяне самога, ці часта я быў дома пасля таго, як мы развіталіся пасля школы, якія я наведаў краіны і як жыў? Ён дзякаваў мне, што пераведаў яго, а калі я сказаў запрагаць коней, каб раней выехаць, ён міла ўпрошваў мяне застацца на абед. І я не мог адмовіць яго шчырай просьбе.

Пасля абеду Севярын прынёс найлепшага віна, якое меў з даўняга часу.

— Давай вып’ем, — сказаў ён. — Гэта апошняе развітанне, убачымся ўжо хіба што на тым свеце.

Пасля загадаў запрэгчы коней, далёка правёў мяне і развітаўся са слязьмі.

І сапраўды, гэта была апошняя сустрэча. Хутка я даведаўся, што Севярын пакінуў той дамок, дзе некалі жылі ягоныя бацькі, выехаў назаўсёды, і цяпер ніхто не ведае, дзе ён. Ці жыве яшчэ, ці, можа, памёр ужо ў чужым краі і між чужога народа.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: