Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Прывіды

Пан Зямельскі загаварыў да мяне:

— Вось так і мой даўні сябар пакінуў Бацькаўшчыну, і васемнаццаць гадоў не ведалі мы, дзе вандраваў ён па свеце. Мы часам верым, што недзе там, далёка, лепшы край і лепшыя людзі. Бог яго ведае, нашы бацькі жылі і тут спакойна, нам жа наканавана іншая доля. Аднак я, дзякуй Богу, пражыў свае маладыя гады там, дзе нарадзіўся. Можа, дасць Бог, і косці мае тут спачнуць.

— Што да мяне, дык я шмат вандраваў; калі б захацеў расказаць пра сваё жыццё, дык успамінаў бы ўсю гісторыю слаўных войнаў Напалеона. Не мроі прымушалі мяне туляцца па ўсім свеце са зброяй у руках, не прага таннае славы, а надзея, што некалі буду цешыцца ўспамінамі мінулых маіх спраў і спакойна памру сярод сваіх землякоў. Але Бог наканаваў інакш. Мой сын туляецца недзе ў чужой зямлі, жыць засталося мне няшмат, ужо, пэўна, яго не пабачу…

Сказаў так стары Ротмістар і слёзы паліліся з ягоных вачэй. Гэта засмуціла мне сэрца і думкі.

— Бог вялікі і Ўсемагутны, — сказаў я, — і на яго трэба спадзявацца.

Да нашае размовы дамяшалася маўчанне. Ротмістар, выціраючы хусцінкай слёзы нарэшце абазваўся:

— Праўда, хто верыць, той сустрэне цуды.

І тут перад нашымі вачыма з’явіўся дзіўны прывід. Стаіць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелі, а яна вокамгненна знікла.

Глухое маўчанне. Глядзім адзін на аднаго, не адважваючыся вымавіць слова. Так мы сядзім нейкі час. Нечакана адчыняюцца дзверы і заходзіць у наш пакой гаспадыня.

— Што такое? — дзівіцца яна. — Цэлую ноч гамоніце, не чуеце, што ўжо другія пеўні праспявалі, мусіць, хутка пачне днець.

— Пан Ротмістар, — сказаў Зямельскі, — так захапіў нас сваімі апавяданнямі, што мы зусім забылі пра сон, а да таго ж, толькі што ўсе мы тут бачылі дзіўны прывід: нейкую кабету з кветкамі на галаве, і Дзядок такі ж, як наш, быў у яе ў руках.

— У сне і я бачыла цуды, пра якія ніколі не думала наяве. Снілася мне нейкая прыгожая раніца, было так ціха, што валасы і не варухнуліся на галаве, на небе ні хмурынкі, узыходзіла сонца, і было яно не сляпучае, але разлівала вакол святло, нібы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкі, нібы чакаючы кагосьці, паглядалі на ўсход. Тут з вышыні зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па сонцы, і зазвінела па ўсёй зямлі, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкі праніклі ў чалавечыя сэрцы. Укленчылі ўсе, і я старанна малілася. Да мяне падышоў стары, зусім падобны да нашага Драўлянага Дзядка, і кажа: «Маліся!»

Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полі, бачыла на небе рэдкія аблокі, і яны былі белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я падняла яго і бачу, што на ім штосьці напісана, але што — прачытаць не магу. Зноў падыходзіць да мяне той самы Дзядок і кажа:

— Я табе прачытаю, слухай і запамінай. Тут напісана: «Бог справядлівых уславіць перад светам».

Тут я прачнулася і больш заснуць не магла. Пачула, што вы яшчэ гамоніце, і прыйшла расказаць сон.

Сказаўшы гэта, яна выйшла.

Ротмістар уздыхнуў і сказаў:

— Вялікая міласэрнасць Божая! — і, ходзячы па пакоі, пачаў гаварыць пацеры.

Закончылася размова. Пасцелі падрыхтавалі нам у гэтым самым пакоі.

— Не спяшайцеся заўтра рана ўставаць, — сказаў гаспадар. — Свеціць дзянніца на ўсходзе, ноч была бяссонная, няхай нам гэты дзень аддзячыць.

Пажадаўшы добрае ночы, ён выйшаў з пакоя.

Развітанне

Я прачнуўся, глянуў у вакно: ясны сонечны прамень, прабраўшыся праз шчыліну ў аканіцы, асвятляў пакой. Ротмістар, ходзячы з кута ў кут, шаптаў пацеры, глянуў на мяне і сказаў:

— Хутка поўдзень. Спалі мы добра, бо і я таксама нядаўна прачнуўся, а час ужо дадому. — Ён выйшаў, паклікаў лёкая, загадаў адчыніць вокны, і я як хутчэй пачаў прыбірацца: за ўсё маё падарожжа яшчэ не выпадала мне ні разу так позна ўставаць.

У хаце было ціха. Лёкай паведаміў, што пан і пані з работнікамі ў полі і дзяцей забралі з сабою, каб тут незнарок не перапынілі наш сон.

Мы пайшлі з Ротмістрам у поле, а адтуль з гаспадаром і ўсёй яго сям’ёю вярнуліся дахаты.

Пасля снедання пан Ротмістар развітаўся з гаспадаром і гаспадыняю і, паціскаючы мне руку, прамовіў:

— Жыву я далёка ад тваіх родных мясцін. Дык хоць успамінай мяне, пра нашы начныя размовы, пра сны і прывіды. Можа, ужо і не сустрэнемся, бо мне недалёка да магілы.

Пан Зямельскі з жонкаю і дзецьмі і я правялі Ротмістра аж да мяжы з суседзямі.

Гаспадыня з дзецьмі вярнулася дадому, а мы ўдвух пайшлі аглядаць гаі і засеяныя палеткі. На праходцы пан Зямельскі шмат мне расказваў, дзе ў яго якая зямля, дзе якое трэба сеяць збожжа і як уводзіць у сялянскую гаспадарку новыя спосабы працы, якія не вельмі ўдаліся ягоным суседзям.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: