Вход/Регистрация
Мая Іліяда
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

"Прыпадзi да мяне, прыпадзi..."

Прыпадзі да мяне, прыпадзі, Як да глебы сухой вада, Быццам яшчарка да сцяны, Быццам ластаўка да гнязда, Быццам горны алень Яйлы Да яе вясенніх лугоў, Быццам цяжкае грона шаслы Да разнога ліста свайго. І цябе я так абаўю, Каб не ведала іншых зліў, Іншых гнёздаў, кветак і дрэў, Іншых лозаў і іншай зямлі. 

Кiпарысавыя жарцiкi

Бяроз няма. Адны кіпарысы: Быццам хвасты наставілі лісы, Лісы зялёныя, незвычайныя, Ў горад зайшлі, такія адчайныя. І ты са мною зусім як лісіца, Смех на беленькіх зубках іскрыцца. Смех такі, што кідае ў дрыжыкі. Лісіца. Толькі звычайная. Рыжая. Дурнога ваўка да ільду прымарозіла, Ды толькі й чакаеш, каб кінуцца ў лозы, Навесці зялёных братоў-кіпарысаў, Зялёных лісаў, зялёных лісаў, Наставіўшы хвост, смяяцца з нябогі, Якому сястра наставіла рогі. 

"Я чакаў цябе тысячы год..."

Я чакаў цябе тысячы год, І ўрэшце прыйшла ты, прыйшла... А ў вачах тваіх - холад і лёд, А сэрца тваё - скала. Неласкавая ты са мной, Як зімовага мора валы, Як пілы скал пада мной І як снег на схілах Яйлы. І калі я цалую цябе - Так сціскаеш ты гожы свой рот, Быццам я катую цябе, Быццам я - канец і сыход. Растаплю я твае снягі, А іначай - лёс, як свінец, Сконы радасці і тугі, І канец. Сапраўды... канец. 

"Мора гранiтныя хвалi..." 

Мора гранітныя хвалі, Ад ветру чырвоныя людзі, І ты, што мяне кахала І болей кахаць не будзеш. Даўнія вежы суровыя З сухім палыном і ўзлётам, Сатканыя з нашай любові, Са скалаў, тугі і журботы. Якая бязглуздая сіла Якім акрываўленым раннем Грані ў іх разбурыла Разам з нашым каханнем? А я застаюся, як з богам, Навекі, навекі закуты Ў твае пяшчотныя ногі, Ў гняздо маё, месу, пакуту. І я ўспамінаю, як кляты, Скалы колеру перца, Вуснаў тваіх гранаты, Сэрца біццё пад сэрцам, На скуры кропляў каралі, Ад сонца медныя грудзі... Кахала мяне ты, кахала... Не будзеш, не будзеш, не будзеш. 

"I бывай. Не трэба шкадаванняў..." 

І бывай. Не трэба шкадаванняў. Што мне ў іх, калі, на боль і зло, Свеціць з неба мне тваё каханне, Быццам месяц, не сваім святлом. Рукі твае - сонечныя соты, Але што заменіць дабрыню? Што мне ў сонцы - без яго пяшчоты? Што мне ў любых вуснах - без агню? 

"Са стэпавымi вятрамi..." 

Са стэпавымі вятрамі, З сухою спявучай травой - Пайшла. І сэрца начамі Нясцерпна плача крывёй. Па той, з душою як камень, Па той, забытай, другой. Няхай. Ўсё было: і вецер, І скалы, і караблі, І мы кахалі, як дзеці, І мы сапраўды жылі Пад сонцам гэтага свету, Ў шалёным бэзавым свеце, На самым краі зямлі. 

Кінааслы 

Пад стромай эфемерныя кварталы, Б'е ў дыхту сценак вецер-дрэвачос. Па вузкіх сцежках, зарасцях і скалах Я еду на асле, нібы Хрыстос. І на шырокіх ветраных палянах, Дзе адступаюць дубнякі і глог, Махаюць лаўры мне галлём "асанну"... Ну, хло-опцы, сорам!.. Ну за што, дальбог? За гэты горад?.. То не горад - гора... Ўся гэта фальш з павапленай сцяной І я, што дурам на асла успёрся, - Ўсё гэта называецца - кіно. І помніце, што маскі і катурны Не ўсё ў жыцці, - паверце мне, не ўсё, - А на аслах часцей бывалі дурні, І не адзнака для Хрыста - асёл, Нашто "асанну" ліць бяззменнай хваляй? Глядзіце лепш, як на мяжы імглы Над безданню вячэрняй, над правалам Па сцежцы едуць два кінааслы. 

Шайтан-Мярдвень 

Чортавы сходы, Шайтан-Мярдвень, Вымерлых таўраў спаруда. Ледзьве ляплюся... Ой, справы дрэнь!.. Людзі! Ратуйце, людзі! Ў сажань прыступкі. Зараз бы мул, Асёл або хто заўгодна, - Я б ухапіўся за хвост яму, Нібы за маму родную. Тытанаў шлях паўтарыць захацеў - Ляцець, як арол, над абвалам... Арол, ён ляціць, а вось ты каб зляцеў? Чорт занёс цябе ў гэтыя скалы!!! Строма - семдзесят градусаў. Ў прорве цень. І з-пад ног туды камні прамуюць. Кляты, чортаў Шайтан-Мярдвень! Каго хочаш на морд замардуе. Вецер і сцюжа ў кішках аж да дна. Сцяна, і канца ёй не будзе. Дамоў бы зараз, ды шклянку віна... Людзі! Ратуйце, людзі! 
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: