Шрифт:
– Кажу ж - проста рускі чалавек! Якому даражэй за ўсё свая Айчына...
– І вы так адкрыта мне, ворагу, аб гэтым расказваеце? І не баіцеся, што ўсё можна папросту пераказаць чырвоным?
– Нічога я не баюся, - амаль шчыра адказаў палонны, прафесійны шпіён і правакатар, супрацоўнік асобага аддзела контрразведкі 16-й арміі Кліменці Лебедзеў, распачынаючы свой чарговы спектакль, адзін з многіх, якім быў ужо згублены лік.
На заданні ён заўсёды напрошваўся сам, не патрабуючы за гэта ні ўзнагароды, ні падзякі - проста такі ўжо няўрымслівы, адчайны характар быў у чалавека, такая ўнутраная канстытуцыя: яго цягнула на рызыку, як канатаходца без страхоўкі цягне на дрот. Тапорная работа «чразвычайкі» і кабінетная контрразведкі адно нудзіла, раздражняла яго - толькі ў вострых адчуваннях была яго стыхія. Ён жыць, напэўна, не змог бы, каб час ад часу не выпрабоўваў, не ўзбадзёрваў сябе халадком смерці. Таму, калі паступіў ад «надзейнага» чалавека сігнал, што рыхтуецца перабег у нацыяналістычную банду, канечне ж, Лебедзеў загарэўся, канечне ж, кроў у ім узбунтавала... Далейшае было справай тэхнікі. Будучых перабежчыкаў проста адправілі разам у дазор усіх трох і Лебедзева, як «старшага», чацвёртым... Так, была рызыка. Так, усё на валаску вісела. Папросту маглі раскусіць і «шлёпнуць» і свае перабежчыкі, і нацыяналісты з банды. Але якая вайна без рызыкі? І як угадаеш на вайне?
– можна без адной драпіны вярнуцца з рукапашнай атакі і загнуцца ў лазарэце ад паносу; да таго ж Лебедзеў бываў і не ў такіх сітуацыях, і нічога, абыходзілася - міжволі паверыш у фартуну, у сваю зорку.
І на гэты раз зорка не падвяла, не патухла над ім. На што ў самым лепшым выпадку ён спадзяваўся - прыблізна, арыенціровачна? Ну, аддубасяць, морду разаб'юць, ну, пасядзіць трохі ў каталажцы... Паартачыцца крыху, паламаецца для выгляду, пагуляе ў непрыступнасць... Героя разыграе. Потым «спалохаецца» і вылажыць ім усё, што яны пытацьмуць. А далей па абставінах, як Бог на душу пакладзе. Надарыцца магчымасць - вернецца да сваіх, а яшчэ лепш, каб яму паверылі, і пабыць у бандзе як найдаўжэй (як было, напрыклад, год таму, у Юдзеніча, у армію якога падобным чынам «укараніўся» Лебедзеў і прайшоў - без баёў, праўда, - да самай Гатчыны, і толькі на Пулкаўскіх высотах, перад Петраградам, дзе пачаліся першыя сутычкі, перабег уночы да сваіх і сем з паловаю гадзін даваў пісьмовыя паказанні, з прозвішчамі, лічбамі, падрабязнымі планамі, схемамі - у накураным да адурэння пакойчыку славутай абсерваторыі, дзе атабарыліся часова бальшавікі)...
Такія былі сціплыя планы. І вось - так пашэнціла! Апынуцца на кватэры ў самога Чайкі! Аб гэтым, выпраўляючыся на заданне, удачлівы шпіён і марыць не мог.
Быў, праўда, момант - калі Мірановіч з Чайкам прыйшлі да яго ў камеру, ён спачатку перапалохаўся: а раптам пазнаў хто? З тых жа белагвардзейцаў Юдзенічавых? Зразумеўшы, што Чайка проста хоча забраць яго, ён нават крыху разгубіўся. Гэта амаль не выбіла яго з каляіны, бо зусім разбурала першапачатковую задумку. Таму ён і маўчаў - трэба быў час, каб абдумаць новую сітуацыю. Але паступова агледзеўся, асвойтаўся. Пакуль Даніла практыкаваўся з дзедам у жабрацкай мове, ён у думках зрабіў беглы аналіз таго нямногага, што ўбачыў і пачуў за сёння, супаставіў паводзіны Чайкі каля мастка з Мірончыкам, з Мірановічам у калідоры падвала, на плошчы, тут, у хаце... І прыйшоў да высновы, што паўстанцам Чайка чужы. Чужы ён і ім, чырвоным, - нічога добрага ад іх ён не бачыў. Усё, што ён мае - узнагароды і званні, ён атрымаў пры цару. Значыць, бліжэй за ўсё яму будзе тэма манархіі.
Такім простым, няхітрым аналізам і намацаўся план, як паводзіць сябе ў гэтых новых нечаканых варунках, якія гаварыць словы і якую выбраць інтанацыю...
– Нікому нічога вы не станеце пераказваць, ні чырвоным, ні гэтак званым сваім, - ціха, задушэўна, паводле правілаў сцэны працягваў шпіён.
– І што да ворагаў, дык вас - вас я ніякім ворагам не лічу. Мы аднолькавыя! Мы давалі адну й тую ж прысягу, аднаму й таму ж цару і адной і той жа зямлі...
– Так, ну і дзе той цар? Дзе тая зямля?
– ...Зямлі, - не даў сябе перабіць Лебедзеў.
– Дапусцім, Мікалая кокнулі, згодзен, туды яму і дарога... Але Русь нікуды не дзелася, Павел Пятровіч! Вось яна, у нас пад нагамі!
Лебедзеў увачавідкі ўзбуджаўся, іншыя - натхнёныя - ноткі зазвінелі ў роўным дасюль голасе, заблішчэла зацятым бляскам непадбітае вока.
– Цара новага знойдзем, калі будзе патрэба! Затое Расея ўратавана! Расея жыве і будзе жыць, а як яна ўжо там будзе называцца: савецкай, чырвонай, зялёнай ці любога іншага колеру - справа дзесятая («не суть важно»); будзе царом хтосьці з Раманавых, ці Ленін, ці Троцкі - без розніцы!
– Бедныя чырвоныя, - пасміхнуўся Чайка, - калі ў іх такія камандзіры...
– Ну, за чырвоных вы, дапусцім, не перажывайце. Рускі бунт заўсёды страшны і бязлітасны, а цяпер яшчэ й памножаны на зручную, даступную ідэалогію класавай нянавісці, ды замест дубін і рагацінаў - пушкі, браненосцы, кулямёты і вінтоўкі... Ды такі бунт змяце ўсё, любую сілу!
– У вас у самога, пры ўсёй казуістыцы, даволі зручная ідэалогія, - заўважыў Чайка.
– Будзь з тымі, хто мацнейшы, думай пра вялікую Расею, і ўсё ў парадку («дело в шляпе»)...
– Маеце на ўвазе, чаму я не з белымі? Сляпым трэба быць, каб не прадбачыць, чым яны скончаць, дужа шмат яны крыві выпілі, каб так проста сышло ім гэта з рук... І потым - заўважце, Павел Пятровіч, такую цікавую дэтальку! Што ў параўнанні з белымі мяняецца пры ўладзе бальшавікоў? Тыя самыя віселіцы, тыя ж рабункі і зверствы... але! «Чэка» наводзіць парадкі ўнутраныя, наводзіць так, што контрразведцы белых і не снілася! А знешняя палітыка? Бальшавікі так ці інакш скончылі дурную германскую вайну, спынілі немцаў Берасцейскай дамоваю - часовай, заўважце, дамоваю!
– перамаглі ў вайне Грамадзянскай, спынілі палякаў дамовай Рыжскай - зноў-такі дамовай якой?
– часовай... І няма сумнення, - перайшоў на пафасна-трагічны шэпат Лебедзеў, - граніца Расеі ў хуткім часе будзе за Варшаваю, калі не за Берлінам! Украіна ўжо нашая, нашыя Каўказ і Сярэдняя Азія, спаконвечныя («исконные»!) расейскія землі Прыбалтыкі і Фінляндыі таксама будуць нашымі, як і Польшча; хай гэта будзе называцца «сусветнай рэвалюцыяй», хай іншым словам - на справе гэта будзе Расеяю і нічым больш! Мы прасунемся на паў-Эўропы, ды што там - ад Ціхага акіяна да Ла-Манша, вось сэнс рэвалюцыі, і дзеля гэтага я гатовы прыняць увесь іхні бальшавіцкі маразм, мімікрыраваць, распяваць іхнія гімны, прыняць атэізм, змірыцца з масонскімі зоркамі над святым Крамлём!..
– Ну і ну, - вяла сказаў Чайка, які падчас гэтага маналога ні разу не зірнуў на Лебедзева, сядзеў, унураны ў сябе.
– Масква як трэці Рым? Ну што ж, калі б я быў расейцам, дык, магчыма, прызнаў бы нейкую вашую праўду... Магчыма, і рабіў бы тое, што й вы... Але я беларус. І ў майго народа свая тэорыя - у адрозненне ад вас нам не патрэбны ні Масква, ні Берлін, ні Вар...
– абарваў ён сябе, так самому зрабілася брыдка ад гэтых дубовых, чужых слоў, якія немавед чаго вымушаны былі прамаўляць яго вусны.