Вход/Регистрация
Нічые
вернуться

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Пры акне - жалезны ложак з чатырма бліскучымі шарыкамі на білах, гладка, па-казарменнаму засланы дзяружкай колеру чорна-чырвонай шахматнай дошкі. Побач столік, на століку лямпа, кніга і абразок. У кутку пры дзвярах падвешаны на вяроўцы чайнік для ўмывання, знізу - таз. У другім кутку этажэрка з кнігамі і паперамі.

Пасярод баковачкі яшчэ быў стол, без абруса, круглай формы, за якім сядзеў цяпер Чайка і мірна калупаўся ў зубах сярнічкаю. Тут, у пакоі, без шыняля і без фуражкі, з зачэсанай набок чупрынкаю кампалка яшчэ больш падобны быў на якогась выпускніка кадэцкага корпуса, чым на дарослага мужчыну, - праўда, жылісты быў, стромкі, нейкая прыхаваная сіла адчувалася нават у яго нерухомасці.

Пакуль Лебедзеў аглядаўся, Чайка ў сваю чаргу сачыў за ім.

– Сядайце, - прамовіў ён і нагою з грукатам высунуў з-пад стала другую табурэтку.

Пасля абеду Чайка яўна быў у настроі. Так, як і ардынарац, пад'еўшы, «разбаўляўся» са сляпым дзедам урокамі філалогіі, так і кампалка хацеў зараз чагосьці кшталту лёгкай пасляабедзеннай цыгарэткі, дэсерту - паслухаць чалавека свежага. Свае, брыгадныя, нават і Мірановіч, даўно яму надакучылі.

– І прашу прабачэння, што абед не прапаноўваю... Дужа слюнявенькая карцінка атрымалася б... Савецкі камандзір з атаманам банды налягаюць на яечню са шкваркамі - з аднае патэльні, ледзь галовамі не стукаючыся... Сядайце, кажу!

– Ды нічога страшнага, пастаю, - прымаючы гэты тон, азваўся Лебедзеў, - пастаю, Павел Пятровіч.

Чайка ўздрыгнуў. Рука з сярнічкаю застыла на міг. Памяць хуценька прабеглася па сённяшнім дні, па тых эпізодах, калі ён апынаўся разам з Лебедзевым. Можа, хтось называў яго па бацьку і чырвоны запомніў? Не, ніхто. Ні Даніла, ні Мірончык, ні Мірановіч. Дзед сказаў на яго Павал...

– Вы мяне ведаеце?

Лебедзеў развёў рукі: на табе!

– Хто ж вас не ведае? Чайку, героя, - прастадушна адказаў ён.
– Усе ж дакументы вашыя захаваліся, ваенкаматаўскія. Ляжаць сабе цэленькія, нават з фотаздымкам. Я вас яшчэ каля моста пазнаў - як толькі ўбачыў... Можна, я хадзіць буду, Павел Пятровіч? Ну, узад-уперад... (Ён дакрануўся да сіняка пад вокам.) Баліць, халера, а калі ходзіш, то лягчэй нібыта, - сказаў без аніякай крыўды ў голасе, пасміхаючыся; наіўны прыёмчык пад назваю «павага да ворага» плюс лёгкі падхалімаж - у талковага, як Чайка, камандзіра, разумей, і падначаленыя талковыя, калі навучыліся так скулы разварочваць.

– Хадзіце.

Лебедзеў заклаў рукі за спіну і маленькімі мяккімі крокамі, нібы па абмежаванай тэрыторыі камеры-адзіночкі, прабегся да акна, вярнуўся назад да дзвярэй; як маятнік, перастаўляліся яго тонкія ў параўнанні з тупаносымі вялікімі чаравікамі ножкі ў абмотках, гукі крокаў супадалі з цік-такам гадзінніка на сцяне. Міжволі ўзнікала ілюзія баковачкі з кабінетам, Чайкі са следчым, а Лебедзева са зняволеным, і неяк сама сабою размова пачалася ў допытна-пратакольным плане.

– Як вы думаеце, чаму я вас сюды прывёў?

– Ну, пэўна ж не абедам частаваць, - адказаў Лебедзеў, спыніўшыся, і надалей прытрымліваўся такога ж парадку: пытанне Чайкі - стоп-машына, свой адказ - ізноў цік-таканне крокаў, кожны крок - слова.

– Ды што вы можаце сказаць у сваё апраўданне?
– Чайка нават блюзнерыў.

– А вы пытайцеся, Павел Пятровіч!

– Ну, пра мяне, бачу, вам усё вядома, справу асабістую нават вывучылі... Пра мяне нецікава. Можа, пра міравую рэвалюцыю? Пра дыктатуру пралетарыяту? Даўно не чуў ужо, ажывіце ў памяці.

Лебедзеў спыніўся і паглядзеў на яго. Спытаў пасля паўзы:

– Скажыце... вы гэта сур'ёзна?

– Вядома! Цікава паслухаць, як вашая кухарка, калі ёй варыць не стане чаго, пачне «управлять государством»...

– Я пра іншае. Вы сур'ёзна будзеце змагацца з намі? Супраць рэгулярнай арміі? Усе вось гэтыя, - Лебедзеў павёў рукою, акрэсліўшы нябачны круг, - вашыя дзеншчыкі, дазоры, даклады, штабы, разведка, контрразведка, прызыўныя пункты, афіцэры расквартыраваныя... усё гэта сур'ёзна?

– Вы хадзіце, а то балець будзе, - параіў Чайка.
– У нас гэта сур'ёзна. І вось вам першы і самы надзейны доказ, - паляпаў ён па кабуры пад самай пахай.
– Вось тут, глядзіце, усё вашае жыццё. І каму-каму, а вам у вашым становішчы варта трохі менш здзіўляцца... Калі ў людзей ёсць зброя і яны могуць распараджацца чужымі жыццямі - вашай, у прыватнасці, - у такіх усё сур'ёзна. Так што, - працягваў ён, пазяхаючы, - давайце лепш пра Маркса.

– Пры чым тут Маркс?
– пачулася ў адказ. Лебедзеў адсек гэтыя словы з нейкім нават раздражненнем у голасе - відаць, пакрысе асвойтваўся, пераставаў баяцца, калі ўвогуле баяўся.
– Пры чым Маркс? Мы ўрэшце разумныя людзі і можам разважаць разумна... Усе гэтыя Марксы, Энгельсы, Леніны... Капіталы, дыктатура, камунізм, класавая барацьба, чырвоныя, белыя... Лухта! Чым больш цёмная, незразумелая, тым лягчэй задурыць ёй галовы люмпенам ці п'яніцам рабочым, але ж мы з вамі - мы як мінімум чыталі і ведаем вялікую расейскую літаратуру...
– казаў Лебедзеў, тупаючы ў такт гадзінніку, не гледзячы на Чайку. Словы яго падалі раўнамерна, абдумана, і разам з тым у самой іх інтанацыі прасклізвала штосьці скрытнае, двухсэнсоўнае, што ніяк не мог вызначыць Чайка.

– Цікава! Ды вы служыце чырвоным, не прызнаючы іхняе ідэалогіі? Вы белагвардзеец? Манархіст?

Лебедзеў выслухаў стоячы, пасля чаго заклаў рукі за спіну і зноў узяўся адмерваць свае маленькія крокі.

– Ні тое, ні другое. Я, Павел Пятровіч, найперш рускі чалавек. Як і вы.

– Ну, я, дапусцім, бела-рускі...

– Перастаньце, прашу вас! Вы ж не іхні! І бунт - гэта не вашае... Прабачце.

– Іхні я ці яшчэ чый, не ў тым рэч, - не адразу адказаў Чайка; як ні дзіўна, гэтыя смелыя пасажы палоннага, над якім у яго поўная ўлада, якога ён можа ў любую хвіліну вярнуць туды, адкуль забраў, падабаліся яму.
– А вось вы хто? Вось чаго я ніяк не разбяру!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: