Вход/Регистрация
Аліва і меч
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Так мне ўжо шанцуе, — сумна і спакойна сказаў Маеўскі, - заўсёды ў мяне на кватэры ворагі рэвалюцыі.

Воўкаў толькі тут разглядзеў яго твар і постаць. Быў гэта волат з грубаватым, мужыцкім абліччам, вельмі сінімі невялікімі вачыма пад чорнымі густымі бровамі. Але скроні ў волата былі сівыя, але ў вачах залягла сто-ма, не тая стома, якую прагоніш добрым сном, а зацяжная, непасільная, гадамі сабраная.

— Вы адзін? — спытаў Арсень, седзячы на кажусе.

— Жонка ў вёсцы. Тут — голад… Спіце.

I ён фукнуў на свечку.

Шлык бурчэў, загортваючыся ў шубу. Паклаўся. Раптам сказаў:

— Дажывем з вашай мяккацеласцю. Зробяць з нас каклету пад флоцкім совусам.

— Трэба казаць "падліўкаю", — суха сказаў Арсень.

– Мы гімназій не канчалі.

— Мяне ў гімназіі нашай мове таксама не вучылі. Спі.

…Раніцай Арсеня разбудзіў гаспадар. Шлыка ў пакоі не было, ён пырхаў у далоні недзе на ганку, за акном. Воўкаў адчуваў сябе свежым, нават нага не балела Ён весела зірнуў у вочы гаспадару і зноў пабачыў той самы выраз.

— Вы што такі? Дрэнна адпачылі?

— Я стаміўся трымаць на плячах цяжар, які павінен несці цэлы народ. Я адзін, і нікому ўсё гэта не цікава.

– Самі адмежаваліся, — сказаў Арсень, нацягваючы боты. — Нашто вам было ваша багацце?

Маеўскі ўздыхнуў:

— Нам з жонкаю мала трэба. Вось за ўсё гэта, што вакол, я і ахвяраваў здароўем. Лесам гандляваў, толькі каб купляць іх, каб вызваляць з прагных рук, з рук невукаў, хціўцаў, гандляроў сумленнем.

Арсень заўважыў за спіною Маеўскага Юстына з ручніком на плячы, ружовага ад халоднай вады. Твар у Шлыка быў іранічны.

— Я быў зусім малы, — казаў далей Маеўскі, - былі мы аднадворцамі. I быў у нашай вёсцы поп. Авакум, раўніцель. Дарогі будаваў, школу царкоўную адкрыў. Хлопцы з дзеўкамі на Вялікдзень прыходзілі на цвінтар, але ў царкву не ішлі. Ім было цікава пабалбатаць і пасля пахрыстосавацца. Дык ён упраўленне на хвіліну перадасць дзячку і выходзіць з рызніцы паляваць на іх. Як перацягне ружанцам па спіне. "Аггелы, — крычыць, — адроддзе пекла!" I вось адкапаў нехта на старым гарадзішчы каменнага ідала. Ляжыць жанчына неверагоднай прыгажосці і спакусы, а на прычынным месцы ў яе шалаш. Бацька мой хацеў яе купіць, натоўп вакол, а тут з'яўляецца поп і пачаў крычаць.

— Вочы нясытыя, з-за жонак лепаабразных, з-за ідалаў багамерзкіх імя Божае забываеце. Так бы і кінуліся на паганства сіе і пажэрлі.

Выхапіў з рук у нейкага мужыка лом і ахнуў — толькі пырскі каменныя паляцелі. А я заплакаў. Шкада мне стала такую прыгажосць.

— Прадукт першабытнай пячорнай цемры, — сказаў Юстын.

— Не цемра гэта была, а Венера Паўночная, — упершыню раззлаваўся гаспадар.

— Добра, — сказаў Шлык. — Ты тут сказаў раней, што жыццём сваім ахвяраваў. Папраўся. Не сваім жыццём, а жыццём рабочых.

Маеўскі паціснуў плячыма:

— Вы чалавек разумны, але шыя ў вас, як у ваўка. Каб паглядзець убок — вы павяртаецеся ўсім целам.

— А мне і не трэба глядзець убок. Я гляджу наперад.

— I дарэмна. Часам варта глядзець, каб бачыць, ці поруч вашы сябры.

Шлык тыцнуў пальцам у Арсеня:

— Ён? Я пачынаю думаць, што ён сам такі, як вы.

Воўкаў засмяяўся:

— Контра?

— Гэтага пакуль што не скажу. Біўся ты, таварыш Воўкаў, гераічна. А што б ты заспяваў, каб цябе ў ЧК паставілі былых сяброў па гімназіі расстрэльваць?

— Ну што ж, — уздыхнуў Воўкаў, - я аднаго з іх асабіста секануў шабляй над Бугам. А ў ЧК таксама расстрэльваў бы. Пад началам таварыша Дзяржынскага… Але не пад тваім, Юстын.

Гаспадар, бачачы, што пачынаецца спрэчка, адышоў у далёкі кут пакоя. Юстын, быццам апамятаўшыся, панізіў голас і з налітымі крывёю вачыма пасварыўся на Воўкава пальцам.

— Глядзі, льеш ваду на млын сусветнага капіталу. I апынешся ў балоце.

— Дурань ты, дурань, — весела засмяяўся Арсень.

— Ну так, я дурань, а ты разумны.

Арсень зручней працягнуў нагу, перамясціўся ў крэсле.

— Дзівак ты. Вось разаб'ем белых, тады трэба будзе зрабіць усіх людзей разумнымі, таленавітымі, гожымі. Дзеля гэтага ж мы б'емся, а не дзеля таго, каб вантробы ўсё жыццё выпушчаць людзям… I Маеўскі нам будзе карысны, бо рабіў гэтую справу сам-насам і ў дрэнных умовах. У гэтым ён наш друг, і глупствам было б не скарыстацца з гэтага, узлаваць чалавека, зрабіць з яго яшчэ аднаго ворага.

— Пайшоў ты ведаеш куды. У цябе замест хрыбта вязіга.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: