Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Сябры апусцілі вочы, праходзячы міма.
Як у тумане пабачыў Арсень невялікі кабінет, стол літарай "Т", шафы з кнігамі, скураныя крэслы для гасцей і простае — для гаспадара, чалавека, які ўзняўся з гэтага крэсла і сказаў:
— Сядайце, таварышы.
Арсень адчуў толькі, што рука чалавека гарачая і вельмі моцная, хоць ён і ніжэй яго на паўтары галавы, гэты каржакаваты стомлены чалавек. Зацыраваны закаўраш пінжака на правай руцэ, нямодны каўнер кашулі, а над ім лабастая, шышкаватая галава і вочы, дзіўныя вочы.
"Яны зусім непрыгожыя, — падумаў Арсень, — башкірскія нейкія, але што ў іх так цягне чалавека да сябе?.. Ага, ім зманіць нельга, адчуюць… I ласкавасць яшчэ… Ён загадзя чакае ад чалавека добрага".
I Воўкаў пачаў даклад, гледзячы не ў гэтыя вочы, а на бронзавую статуэтку на стале. Сядзела малпа і глядзела на чалавечы чэрап, які трымала ў руцэ. I твар яе быў звераваты і іранічны, з першым пробліскам думкі ў вачах. Ён пачынаў філасофстваваць, гэты малпін Гамлет, і першым аб'ектам яго думкі быў чэрап загінуўшага чалавека, ёмішча ўсяго сусвету.
"Хто ты? Друг ты ці вораг? Чаго ад цябе чакаць? Я яшчэ не ведаю, але нешта цьмянае, вельмі прыемнае заварушыцца і пад маім чэрапам таксама.".
Арсень збіўся з думкі і адчуў, што рука гаспадара лягла на яго рукаў.
— Вы не хвалюйцеся, таварыш.
І Ленін усміхнуўся дзіцячаю ўсмешкай, якой усміхаюцца толькі вельмі чыстыя і добрыя людзі.
— Гэта падарунак ад таварыша Гамера… Філасофская рэч, як бачыце, — сказаў ён.
Арсеню стала лягчэй, і ён пачаў казаць прадуманае: пра становішча на фронце, магчымае контрнаступленне палякаў, становішча са зброяю і хлебам.
Гаспадар прыкрыў вочы далонню — Арсеню стала значна лягчэй. I толькі рука Леніна крэсліла нешта на аркушы паперы.
Воўкаў не заўважыў толькі аднаго: праз няшчыльныя пальцы рукі глядзела на яго хітраватае і смяшлівае вока, ацэньвала:
"Відаць, чалавек шчыры і цвёрды… Мускулы каля рота якія прыемныя. I дзелавіты, са схільнасцю да аналізу… Добры хлопец".
Арсень скончыў і тут на яго абрушыўся такі град пытанняў, што ён ледзь не змок, адказваючы на іх. Выцягнута было ўсё, адразу ж класіфікавана, згрупавана, раскладзена на зручныя паліцы. Арсень адчуў, што яму стала лёгка гаварыць і ўсё стала значна ясней. Чаму?
"Ага, ягоная манера размаўляць — у тым, што ён дапамагае чалавеку думаць".
Пытанні пра становішча з бандамі, пра харчразвёрстку, пра адносіны католікаў да савецкай улады, пра мову і асаблівасці жыцця народа, пра паэтаў і агітацыю.
Усеабдымны, амаль нечалавечы па ёмістасці розум блукаў па ведах Арсеня і выціскаў іх. Гаварыў гаспадар і са Шлыкам пра харчовы стан на Беларусі.
I раптам:
– А з мастацтвам як? Адно скажу: не трэба разбазарваць народныя каштоўнасці.
– Я б расказаў вам, таварыш Ленін, пра аднаго… але гэта, можа, потым.
– Няма чаго пра яго казаць, Уладзімір Ільіч, — буркнуў Шлык. — Контра ён. Лепей дасылайце хутчэй вагоны. Можам адразу дзесяць эшалонаў адгрузіць, як лёду. Гэта той хлеб, што наша група вывезла.
Ленін ледзь бачна ўсміхнуўся:
— Што ж, таварыш Шлык, важліва і тое і тое. Але хіба сапраўды пагаворым пра гэтага "аднаго" пасля, у мяне.
I паскардзіўся:
— Прымушаюць часам адпачываць. Сёння якраз няпоўны дзень, таму, калі ласка, да мяне. Паабедаеце. Бачыце, чатыры гадзіны.
— Уладзімір Ільіч, — абурыўся Шлык, — вы што, адпачынкам гэта называеце?
Ленін паклаў руку на яго плячо.
— А што ж, вам нельга чакаць. I харчовае пытанне ў краіне не чакае. Адпачнем потым.
Падняўся з-за стала, хуткай, "несаліднай", як адзначыў Шлык, хадою падышоў да карты Каўказа, што вісела на сцяне, пакрэсленая рознакаляровымі алоўкамі.
— Бачыце, якая нацыянальная блытаніна. А трэба ж будзе рабіць аўтаномію. Вось і поўзаем тут са знаўцамі па карце… Я вас што папрашу, таварыш Воўкаў, дашліце мне пасля карту Беларусі, і каб абавязкова на ёй былі адзначаны нацменшасці. Ну, там, скажам, палякі, караімы, рускія з Веткі.
— Якія гэта? — здзівіўся Арсень.
— А нашчадкі тых, што пры Кацярыне да вас уцяклі з-за рэлігіі, стараверы.
I раптам пасуравеў, вочы сталі вузкімі і жорсткімі.
— Такія ёсць мастакі па нацыянальнаму пытанню. Пішуць з радзімы: палова вёскі руская, палова — татарская. Прыязджае малады разумнік у скуры, і на ім чатыры маўзеры. Склікае татар спачатку: трэба зачыніць царкву, як дурман. Тыя з радасцю выносяць рэзалюцыю: зачыніць, хай гяуры лазоваму кусту моляцца. Праз тыдзень з'яўляецца ён на рускую палову. На зборах выносіцца прапанова: прыкрыць мячэць, зрабіць у ёй свінушнік. Дзядзькі б'юць у ладкі: ага, вы нам, дык і мы вам… А пасля — у дручкі. I дружба народаў у наяўнасці.