Вход/Регистрация
Аліва і меч
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Дык што ж, дазваляць ім народ дурманіць? — спытаў Шлык.

Ленін нахіліў набок галаву.

— Рэлігія, таварыш Шлык, жахлівая штука. Але яна пераконвала людзей з часоў Уладзіміра. I дубцом людзей у адваротным не пераканаеш, тым больш такім шкодніцтвам і галавацяпствам. Гідру мы рубаць навучыліся, а пераконваць — не. Лягчэй за ўсё зрабіць чалавека ворагам, а нам трэба зрабіць яго другам.

Арсень падміргнуў Шлыку. А Ленін раптам узяў іх пад рукі, сказаў:

— I мы ж не чысценькія. Нас у трох лугавых вадах варыць трэба, каб рэлігійнасць вывесці, ханжаства, хамства, бюракратызм.

I, моцна сціснуўшы локці сяброў, дадаў вельмі сур'ёзна:

— I трэба ўмець рабіць гэта, калі хочам жыць.

Вузкім калідорам яны рушылі налева і хутка трапілі ў кухню. Праз акно бачны быў гладкі булыжнік і худыя галубы на ім. Аднекуль здалёк, усе ў ружовым сонцы, даляталі на ўнутраны дворык гукі званоў.

Масква была старой, пыльнай, да суму звычайнай.

I чалавек, які збіраўся перавярнуць усё гэта, пасадзіў гасцей і сказаў ім:

— Мы звычайна тут абедаем… Пасядзім тут, цяплей.

I зябка сцепануўся: сапраўды, было даволі халодна, нягледзячы на лета. Потым ён узняўся і выйшаў з кухні.

Арсень агледзеўся, пабачыў пліту са звычайным начыннем, некалькі дравін каля яе, а праз дзверцы шафкі — разнамасныя кубкі.

Шлык зірнуў у пліту. Там быў жар, але на фаерцы стаяла толькі каструля з вадою.

I ў той самы момант гаспадар выйшаў з пакояў на кухню, разводзячы рукамі. За ім ішла жанчына з тварам вясковай настаўніцы.

"Жонка", — здагадаўся Арсень, калі яна назвала прозвішча.

А тая з усмешкаю на мілым, простым абліччы ўжо гаварыла:

— Вы прабачце, таварышы. Мне трэба было ўходзіць, але я зайшла папрасіць прабачэння за гэтага чалавека. Ён зрабіў вельмі недалікатную і няёмкую штуку.

— Ну, Надзя, ну, хіба ж я вінен? — разводзіў рукамі гаспадар.

— Гэта вельмі на цябе не падобна, а мне хоць праз зямлю праваліся… I ён заўсёды быў такі. Справа ў тым…

Але тут гаспадар з мужнасцю адчаю выпаліў:

— Справа ў тым, што ва ўсім багатым доме толькі і ёсць, што вобла.

Усе зарагаталі, і галасней за ўсіх, нават трошкі захлёбваючыся, сам гаспадар. Жанчына яшчэ раз папрасіла прабачэння, махнула з уздыхам рукою і пайшла. Абзадачаны гаспадар палез пальцамі ў рудаватыя валасы над вухам.

— Што ж цяпер рабіць, га?

I тады Шлык, на вялікі жах Арсеня, палез у клунак і выцягнуў адтуль квадратны кавалак сала, крыж-накрыж надрэзаны да скуры, потым палову бохана счарсцвелага хлеба. Падумаў хвіліну і рашуча выцягнуў знізу фатальную торбачку і высыпаў з яе перад пліткай дзесяткі тры бульбін.

Здранцвелы ад жаху Воўкаў торгаў яго за бушлат, але Шлык не зважаў. Разгроб у плітцы попел, накідаў туды бульбы, прыгарнуў яе прысакам і насыпаў зверху жар.

Ленін хітравата, самым куточкам вока, назіраў за гэтым свяшчэннадзействам і за збянтэжаным тварам Арсеня. Спытаў:

— Што ж рабіць? Можа, рыбы?

I тады Шлык сказаў з чароўным аршанскім акцэнтам:

— Ну, калі ё, дык парэжце рыбіну.

У Арсеня высыпаў на лобе цыганскі пот. Але па таму, як Ленін жвава выцягнуў з шафкі тры рыбіны, пастукаў імі аб край стала і пачаў здзіраць скуру, — зразумеў, што гэта было добра сказана: Шлык вывеў гаспадара з няёмкага становішча.

Атрымліваўся як быццам абед у складчыну.

I Арсень са скрухай падумаў, што зноў Шлык са сваёй прымітыўнай ветлівасцю выявіўся вышэйшым за яго, Арсеня, патомнага інтэлігента і былога выхаванца класічнай гімназіі.

Ленін сеў поруч з Арсенем на табурэт, звесіў рукі паміж каленяў. I раптам сказаў нейкім зусім новым, мяккім голасам:

— I ў нас бульбу пякуць… Над Волгай… Я малым вельмі любіў. Выкупаемся мы, амаль ноччу, і потым сядзім голыя каля агню, чырвоныя, як індзейцы.

Шлык буркнуў:

— Добра. А яшчэ лепей, калі рыбіну свежую вытрыбушыш, у пуза ёй — сала скрылёк і смажыш на лазіне… I недзе дзеўкі на пракосах песні спяваюць… Далёка.

— Зямля ў нас цудоўная, — сказаў горача Арсень, — даволі дажджу, у меру сонца, у меру холад і цеплыня. I зямля… не такая багатая, каб чалавек на ёй стаяў лянівым трутнем, і не такая ўжо бедная, каб жывот надрываць. Голаду практычна быць не павінна: вымакне адно — уродзіць іншае; ды яшчэ ёсць паляванне, рыба. I ўсё ж голад… Легенда кажа: калі мы выпрасілі сабе ў Бога ўсю гэтую раскошу, — мы папрасілі, каб ён даў нам яшчэ і добрых начальнікаў…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: