Вход/Регистрация
Аліва і меч
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Ну і што ён? — зацікаўлена спытаў гаспадар.

Арсень усміхнуўся кутком рота:

— Ён адказаў, што тады ўсе праведнікі з беларусаў уцякуць з раю на сваю зямлю, ды яшчэ пры сваёй языкатасці сагітуюць іншых, небеларусаў… Занадта будзе на рай падобна.

Ленін зарагатаў так, што, гледзячы на яго, пачаў рагатаць Шлык, а потым не вытрымаў і Воўкаў.

Ад заразлівага смеху ў вачах гаспадара стаялі слёзы, ён махаў рукамі і амаль задыхаўся. Адсмяяўшыся, Уладзімір Ільіч паклаў пальцы на рукаў Арсеня:

— Вам не ваяваць, вам агітатарам трэба быць, таварыш Воўкаў… пры вашай языкатасці.

Шлык зноў буркнуў:

— Не бачылі вы яшчэ, Уладзімір Ільіч, якія яны бываюць, языкатыя людзі. Вашага агітатара чатыры дні таму адзін капіталіст так сагітаваў, што Арсень згадзіўся з неабходнасцю драць з рабочых скуру.

– То бок, — бровы Леніна папаўзлі ўгару, і ён нават падаўся наперад.

– Не слухайце вы яго, Уладзімір Ільіч, — сказаў Арсень, — гэты капіталіст, былы лесапрамысловец, — вялікая душа, конча закаханая ў мастацтва. Не рабаўнік, не Марозаў, хутчэй беларускі Траццякоў. Зараз ён сядзіць на сваіх калекцыях, памірае з голаду і не прадае. Рэквізуе іх нейкі разумнік, пусціць з аўкцыёну, і народ застанецца абкрадзеным.

— Раскажыце, — зацікавіўся гаспадар.

I Арсень расказаў пра ўсё, пачынаючы з сустрэчы і канчаючы начной размоваю з Маеўскім, калі яны капаліся ў калекцыях.

— Цікавы тып, — сказаў Ленін, — дык, кажаце, незвычайная мастацкая каштоўнасць.

— Так, — упэўнена кіўнуў Воўкаў, - каштоўнасць не толькі сусветная, каштоўнасць наша. Ён выратаваў наша мастацтва, інкабулы, гравюры, карціны, бытавыя рэчы… Гэтым ніхто не цікавіўся, толькі ён. Загадайце, таварыш Ленін, каб гэтага чалавека не чапалі.

Гаспадар маўчаў, закрыўшы вочы. Шлык з варожасцю глянуў на Арсеня і сказаў:

— Бульба дайшла.

Абцёр бульбіны, паклаў на газетны ліст на стале. Ленін з адсутным позіркам разламіў дымячуюся бульбіну, пасаліў паловы, і раптам вочы яго павільготнелі, з апетытам пачаў есці.

"Недаядае, — падумаў Арсень, і нейкі клубок пачаў драпаць яму глотку, — ён недаядае… Да чаго давялі Расію, сволачы".

У кухні крамлёўскай кватэры сядзелі два госці і гадавалі правадыра пралетарскай рэвалюцыі ружовым, таючым на языку салам і спечанай у пліце бульбай.

Воўкаў заўважыў, што і еў гаспадар з чыста сялянскай акуратнасцю і павагай да ежы. Еў смачна і прыгожа, так, што гледачу таксама хацелася. I Арсень з сумам падумаў, што большасць людзей, калі ядуць, глядзяць на ўсё тупым позіркам і вельмі нагадваюць або малпу з бананам, або тыгра над косткаю.

Усе елі так, што за вушамі трашчала.

Ленін скончыў першым, запіў абед шклянкай гарачай вады, наліўшы па шклянцы субяседнікам.

— Даўно так смачна не еў. Цудоўная штука — печаная бульба.

Замоўк і пасля паўзы дадаў:

— Цюрупа мяне ежма есць, што я быццам не берагу сябе, а сам сёння бачылі як? Празрысты ўвесь.

I тут Юстына прарвала:

— Абураюча вы паводзіцеся, таварыш Ленін. Хіба можна так? Зваліцеся вы — што будзе?

Ленін сур'ёзна глянуў на квадратны твар Шлыка:

— Я — гэта яшчэ не рэвалюцыя.

— Але ўсё ж… Няўжо нельга адшукаць для вашага арганізма і мозга патрэбнай ежы?

— Чаму не, можна, — сказаў гаспадар.

I раптам вельмі ціха і задумліва дадаў:

– Я не хачу зваліцца. Мяне часам мучыць сон: я памёр, не паставіўшы цягнік на рэйкі, не зрабіўшы ўсяго, што магу. I жахлівей мне нічога не снілася… Але ёсць адзін прынцып: быць, як усе. Сорамна быць сытым, калі народ галадае. Лепей заўчасна памерці, чым страціць гэты сорам. I Цюрупа, і я, ды і вы, таварышы, — мы ідзем на гэта не таму, што мы такія ўжо добрыя людзі, а таму, што мы вучні Маркса. I гора нам, калі мы перастанем быць такімі.

Памаўчаў.

— Я ведаў некаторых дзеячаў Другога Інтэрнацыянала… Самы страшны, самы небяспечны вораг рэвалюцыі — карупцыя, перараджэнства. Такі — горшы за хама-купца, таму што яму вераць… I гэта жахлівей, чым сотня Дзянікіных. Калі пабачыце зачаткі перараджэнства, таварышы, — круціце галаву без літасці.

V

У кабінеце, куды яны хутка перайшлі, Уладзімір Ільіч адразу пачаў пісаць: хутка, амаль не закрэсліваючы. Потым сеў бліжэй да субяседнікаў:

— Зброю дамо, таварышы. Вось запіска. Але зброі будзе ўсё ж не вельмі і многа.

— Добра, — сказаў Юстын, — выкруцімся. Калі палякі пачнуць наступ — сялян з дубальтоўкамі ўзброім. Яны зараз ведаюць, што такое панства.

— Верна прыдумана… Гэты ліст перадасцё Кандратовічу, тут справы наконт камандавання. Камандзіра таго корпуса змясціць, каб духу не было… А на яго месца пастаўце чалавека, які боты зняў перад атакай ворага, каб паказаць, што бегчы нельга. Ваенныя веды ў яго добрыя, а галоўнае, людзей ведае… I вось яшчэ ліст наконт бандытызму і становішча з хлебам. Інструкцыі падрабязныя.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: