Вход/Регистрация
Аліва і меч
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

У Арсеня ў чорных вачах гулялі іскрачкі смеху.

— Гаспадар, хадзіце сюды. Справа ідзе пра вас, чаго вы ўцякаеце?

Маеўскі грузна падышоў да іх, сеў на зрынуты даспех. Вочы яго, глыбокія, са строгай вільгаццю, абвялі позіркам субяседнікаў. Палец, дзіўна тонкі пры яго шырокай косці, торкнуў кудысьці над галавою Шлыка.

— Нігілісты вы.

Шлык пакрыўдзіўся:

— Гэта слова мы ведаем. Хам, значыцца.

Воўкаў пабачыў, што гаспадар хоча нешта сказаць, і таму таргануў Шлыка за плячо. А Маеўскі павольна, быццам у яго горле балела, сказаў:

— Я пачаў скупляць усё гэта даўно. Але ў мяне не было грошай. I шмат што гінула на маіх вачах. Я пачаў выкручвацца, я амаль галадаў два гады, але завёў амерыканскія машыны. Я скупіў на корані палову лясоў князя Любамірскага, бо той прагарэў. Гэта было танна. Я працаваў як вол, я пачаў з невялічкай пільні і стаў гаспадаром двухсот. Я скупіў мноства лясоў на гэтай зямлі.

— I збяднілі яе, — сказаў Воўкаў.

— I я ніколі не быў драпежнікам. Я зберагаў лясы, рабіў высечку толькі спелых і пераспелых. У Палессі яны ўсё адно гінулі марна. Каб не гэта, я меў бы не тры мільёны, а тройчы тры. I я еў горш за некаторых маіх рабочых, бо ў мяне было маё захапленне, падобнае на страсць. Усё ў жыцці было толькі дзеля гэтага… дзеля гэтых карцін… дзеля гэтага разьблёнага дрэва… дзеля жалеза… дзеля ўсяго, што нікому… ніколі не было патрэбна: ні раней — ім, ні зараз — вам. Што ж, жыццё не задалося… У мяне не было дзяцей, бо гэтае, што вы бачыце, былі мае дзеці: Андрэй Аршанскі, Іпаці Куцеянскі, ювелірныя рэчы Лазара Богшы, сапраўдныя гравюры Скарыны і Вашчанкі, Рыгор Мядзвецкі. Я не кажу пра Рублёва, Ушакова, Дзіянісія — іх купяць… Але вы, вы Іваны бязродныя… А тут яшчэ калекцыя старых фламандцаў, італьянскія карціны… наша скульптура… выключная, надзвычай рэдкая калекцыя зброі, старых кніг і тканін. Таго Скарыну я выпадкова спаймаў на віленскім развале, а за тую батлейку два гады гадаваў апошняга батлейшчыка на Беларусі.

Голас Маеўскага перасекся. Задыхаючыся, ён схапіўся рукою за грудзі. Мінула хвіліна цяжкага маўчання, і раптам гаспадар зноў кінуўся ў бой. Напэўна, яму стала сорамна хвіліны слабасці, бо ён напаў на Шлыка. Перад пастаяльцамі сядзеў чалавек і спакойным голасам, але адчайдушна біўся за нешта, імкнучыся ўцвярдзіць свой гонар.

— Учора Шлык сказаў, што я эксплуататар. Магчыма. Я вывучаў Маркса.

Ён непрыхільна глянуў на Юстына і адчаканіў:

— Гэта вельмі непрыемны пан, але ў яго ёсць логіка. Я ведаў, што мы загінем. Бяздарнае начальства даводзіла гэта кожным сваім учынкам. Дык вось, я ведаю, што такое прыбавачная вартасць і прыбавачная праца. Я свядома ішоў на прысваенне, бо без яго дзеці мае засталіся б сіратамі ў свінячым свеце, без яго іх знішчалі б невукі.

— А людзі, якіх вы рабавалі! — выбухнуў Шлык.

— А вы спытайце ў людзей на маіх пільнях, — выбухнуў у сваю чаргу Маеўскі. — А вы спытайце, як у восьмым годзе мае калегі цягнулі мяне на суд, як хацелі ўчыніць байкот, бо я плаціў удвая больш за іх, бо не заводзіў драпежніцкіх крам, не спойваў людзей гарэлкай. I гэта нягледзячы на тое, што на пільнях працавалі затурканыя палешукі. Вo што я мог зрабіць з імі…

I рука яго сціснулася ў кулак, такі жылавата-магутны, што адразу стала зразумела, што мог ён зрабіць з людзьмі.

— Я гэтага не зрабіў. Перад Богам буду адказваць я. I мне шмат даруюць, бо я еў мяса не часцей за сялян… А, ды што вам казаць, Шлык.

Памаўчаў і дадаў:

— Я дам вам адну карысную параду, хоць мне і не хочацца рабіць гэтага: вы мне непрыемны…

— Якую яшчэ? — відавочна збянтэжана спытаў Юстын.

– Навучыцеся глядзець на людзей як на людзей. Не трэба быць просталінейным, бо вы шкодзіце рэвалюцыі больш, чым я. Пакуль мала чалавечых існаванняў у вашых руках — вы карысны. Вы незаменны дыпкур'ер, вы цудоўны разведчык. Вы верны і мужны. Але дай вам у рукі гэтыя існаванні — вы будзеце тыран і таму вораг рэвалюцыі. I сумны будзе ваш канец.

Шлык хацеў нешта сказаць, але памкнуўся раз-другі і махнуў рукою:

— Я лепей да рэўкома пайду, хай спяшаюцца, а тое тут з героя падлу робяць. Трэба яму нявіннасць абараніць, бо не вельмі нешта ён паручаецца.

Арсень зарагатаў. За Шлыком грукнулі цяжкія дзверы.

I тады Воўкаў раптам пасуравеў і спытаў гаспадара:

— Ну нашто вы так зрабілі?

Маеўскі цвёрда сціснуў сківіцы:

— Таму, што зусім не думаю такога пра Маркса і рэвалюцыю.

— Нашто тады дражнілі яго? А ён зусім было паверыў вам, калі вы так… расхваляваліся.

Маеўскі змрочна пахітаў галавою,

— Ён мяне раздражняе. Проста ў піку яму заспяваў бы хвалу Сашу Керанскаму… Я нікога не баюся, запамятайце гэта. I не з-за гэтага я сказаў вам, што рэвалюцыі веру.

— Чаму?

— Яна ўсё адно прыйшла б. I лепей хутчэй. Можа, і створаць нешта вартае. Усе, ад беларуса да апошняга камчадала, чакалі яе. А гаспадары жыцця забылі Бога, рабавалі, крыўдзілі. Бяздарнасць, нават калі робіць добрую справу — наробіць смуроду. У нас быў прыстанак для бяздарнасцей. У нас заўсёды горшыя кіравалі народам. I яны толькі жэрлі і спароўваліся. Прайгралі безліч войнаў, разлютавалі народ хціўствам сваім. I тады іх — віламі… Што ж, трэба будзе, — загіну і я. Толькі іх вось шкада да слёз.

Прыўзняўся і пацягнуў за сабою Арсеня.

— Я вам не буду паказваць заходняй калекцыі, хоць яна і каштуе зараз мільёнаў дзесяць. Яе заўсёды ацэняць… А сваё пакажу. Вось глядзіце, гэта Вашчанка гравіраваў. Ілюстраваў апокрыфы, за гэта яго і абвінавацілі ў ерасі. У каго яшчэ ёсць гэта?

Пальцы яго дрыжэлі над пажоўклымі з краёў аркушамі.

— Бачыце, смяюцца над Марыяй. Гэты, тлусты, як на Язэпа паказвае. Усе ведаюць, што не яго дзіця. А яна яго пад руку вядзе, ён сівы, згорблены. I гордая яна, і сціплая. I ўсміхаецца плоду свайму… Святая мая, чыстая… Вы думаеце, ён у Бога верыў? Не больш, чым я або вы. Людзі, брат, людзі ўсе.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: