Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
Прафесар Карлава універсітэта Вацлаў Жыдліцкі. Са "Слоўніка пісьменнікаў Савецкага Саюза" (Прага, 1977): "Уладзімір Караткевіч. Аўтар пераважна гістарычных, дакладней, "гістарыяграфічных" празаічных твораў. Больш, чым уласна гісторыяй, займаецца яе сэнсам. Таму ён пазбягае простай белетрызацыі гісторыі, не апісвае вяршынныя падзеі, не партрэтызуе праслаўленых асоб. Наадварот, ён чэрпае матэрыял, яўна пабочны, з легенд, старых хронік і народных паданняў. Невядомыя, як правіла, выдуманыя героі і падзеі з глухіх, перыферыйных закуткаў служаць яму сыравінай, з якой ён стварае тыпы і выклікае ўяўленне духу беларускай народнай гісторыі". І далей: "Як гістарычныя, так і сучасныя сюжэты ён настройвае рамантычна, даючы перавагу ў першым выпадку класічнаму вальтэрскотаўскаму рамантызму, у другім — "неарамантызму" з яго значнай дозай лірызму і казкавай паэтычнасцю. Караткевіч разам з тым піша годную ўвагі сучасную асацыятыўна-метафарычную лірыку, а таксама паспяхова выступае як драматург і кінасцэнарыст".
Рускі празаік Віктар Астаф'еў. З інтэрв'ю беларускаму літаратару Аляксею Гардзіцкаму (70-я гады): "Як там Валодзя Караткевіч? Я яго помню па літаратурных курсах. Мы яго любілі слухаць, ён цудоўны расказчык".
Загадчыца кніжнага магазіна Зоя Сямёнава. З артыкула ў астравецкай раённай газеце (1979): "Бадай ніхто з беларускіх пісьменнікаў не ведае так добра свой край, яго гістарычнае мінулае, побыт беларусаў, іх звычкі, як Уладзімір Караткевіч".
Беларускі паэт Рыгор Барадулін. Верш "Да партрэта Уладзіміра Караткевіча":
Дзіця з вачыма празаўрліўца, З душой, пакрыўджанай на свет, Зірне — і будзе фраза ліцца, Нібыта клёкат праз арліцу, Як несупыннасць праз Тыбет. Адчай з прарочымі вачыма, Дзе ўзорацца шляхоў шляхі, Дзе з небам раіцца Радзіма, Дзе немагчымае магчыма, Дзе дзівакуюць дзівакі. Ахвярца верны неспакою Над плынню крэўнае ракі. І мова мытчынай рукою Яго сумленне трапяткое Благаславіла на вякі.Сяргей Сідарэвіч, наладчык вытворчага аб'яднання "Інтэграл". З ліста ў рэдакцыю "Літаратуры і мастацтва" (1982) у сувязі з вылучэннем кандыдатуры Уладзіміра Караткевіча на Дзяржаўную прэмію БССР: "Сёлета кандыдатура Уладзіміра Караткевіча за "Чорны замак Альшанскі" і за распрацоўку гістарычнай тэмы ў іншых творах вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР. Калі мы адкажам сабе на пытанне, хто больш і хто лепш напісаў у нашай літаратуры пра мінуўшчыну Беларусі, то пераканаемся, што пісьменнік заслугоўвае гэтай высокай дзяржаўнай узнагароды".
Балгарскі крытык Сямён Уладзіміраў. З прадмовы да зборніка Уладзіміра Караткевіча "Паром на бурнай рацэ" (Сафія, 1982): "Я перакананы, што Уладзімір Караткевіч у хуткім часе стане адным з самых любімых балгарскімі чытачамі пісьменнікаў. Яго вылучае натуральны талент апавядальніка, уменне неназойліва і з захапленнем пранікнуць у псіхалогію сваіх горояў, як правіла, цікавых і неадназначных асоб, якімі кіруюць значныя ідэі і моцныя парыванні. Той, хто прачытаў выдадзеную нядаўна ў нас у перакладзе на балгарскую мову аповесць У. Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха" і пазнаёміцца з апавяданнямі, якія ўключаны ў гэтую кнігу, абавязкова згодзіцца са мной. Яшчэ недастаткова вядомыя ў Балгарыі, у беларускай літаратуры творы У. Караткевіча — даўно ўжо не толькі абяцанне цікавага развіцця, а жывая рэальнасць, якая ўзбагаціла гэтую літаратуру значнымі мастацкімі каштоўнасцямі".
Беларускі спявак Міхал Забэйда-Суміцкі. З ліста да віцебскага краязнаўцы Міколы Плавінскага (1972): "Трэба сказаць, што наша літаратура зрабіла вялікі крок наперад. Мне прысылаюць свае кнігі М. Танк, С. Грахоўскі, У. Караткевіч і інш. Чытаю і павучаюся. Караткевічава "Дзікае паляванне караля Стаха" пераклалі, і вельмі ўдала, на чэшскую мову. Перачытаў з захапленнем два разы…"
Беларускі пісьменнік Ніл Гілевіч. З юбілейнага артыкула ў газеце "Советская Белоруссия" (1980): "Колькасць чытачоў яго кніг і прыхільнікаў яго таленту будзе расці, таму што расце ўзровень адукаванасці і агульнай культуры народа, а значыць, узровень яго гістарычнай самасвядомасці. Мы — сведкі гэтага росту, гэтай плённай тэндэнцыі ў духоўным развіцці грамадства, гэтай узмоцненай увагі мастакоў і мысліцеляў да каранёў і вытокаў".
Польскі літаратуразнавец Фларыян Няўважны. З рэцэнзіі ў часопісе "Пшыязнь" на зборнік Уладзіміра Караткевіча "Блакіт і золата дня" (Лодзь, 1976): "Добра сталася, што Караткевіч паступова пачынае прамаўляць да польскага чытача. Добра, што мы можам прачытаць навелы аўтара "Блакіту і золата дня" ў старанным і прыгожым перакладзе Яна Гушчы. Але, атрымаўшы каштоўную кніжку, мы хацелі б атрымаць новыя творы Караткевіча. Дадатковым жа аргументам з'яўляецца яго сімпатыя да Польшчы, да яе культуры, гісторыі. Даказаў гэта не толькі сваімі арыгінальнымі творамі, але таксама перакладамі нашай паэзіі. Таму закончу заклікам да Лодзінскага выдавецтва: чакаем новых кніг Уладзіміра Караткевіча!"
В. Матусевіч, інжынер. З ліста ў рэдакцыю "Літаратуры і мастацтва" (1988): "Не магу зразумець і тое, чаму ў школах зусім не карыстаюцца цудоўнай кнігай "Зямля пад белымі крыламі"? Праблема ж са складаннем новых падручнікаў па гісторыі надта вялікая. Ды і падручнікі, якія выйдуць праз некалькі гадоў, будуць ужо не для сённяшніх вучняў. А між тым у кнізе Караткевіча ёсць усе неабходныя гістарычныя звесткі, і, што вельмі важна, напісана яна цікава і займальна. Гэта, фактычна, гатовы падручнік па гісторыі і культуры Беларусі для дзяцей дзесяці — дванаццацігадовага ўзросту".