Шрифт:
Васемнаццатае стагоддзе ў гісторыі Мсціслава ўжо амаль не мае гераічных, гучных старонак. Горад ужо не вяршыць лёсаў гісторыі, горад нібы на мяжы летаргічнага сну, ён жыве, як многія і многія гарады правінцыяльнай Рэчы Паспалітай. Памалу будуе, памалу гандлюе. Людзі нібыта прывыклі да ўсяго на шляхах страшнай, крывавай і нясправядлівай сваёй гісторыі і, перш за ўсё, звыкнуліся амаль абыякава пераносіць свае пакуты і прымушаць іншых.
Мсціслаў не быў выключэннем з правіл. Тое самае рабілася і ў іншых мясцінах.
У 1772 годзе, па першым падзеле Рэчы Паспалітай, Мсціслаў адыходзіць да Расійскай імперыі.
У 1777 годзе горад прызначаецца цэнтрам Мсціслаўскага павету Магілёўскай, потым Бранскай, потым зноў Магілёўскай губерні, а ў 1781 годзе атрымоўвае новы герб (уласна кажучы, герб-здзек): шчыт, а ў ніжняй частцы бяжыць па зялёнай траўцы лісіца.
Калi гэтым намякалi на жывёльны свет Мсцiслаўшчыны, то лiсаў там па-мойму, столькi ж, колькi i паўсюль на Беларусi, а калi гэтым намякалi на пэўную хiтрасць, спрыт i абаротнасць мсцiслаўцаў (кажуць-жа, што "мсцiслаўцы не памiраюць на сваёй лаўцы"), то не адны яны такiя былi i нашто было знеслаўляць iх такiм гербам на ўсю Расiйскую iмперыю, калi быў у iхнiм гербе меч i шчыт, калi славiлiся яны не толькi гандлёвым спрытам i ўменнем сяк-так выкруцiцца з цяжкiх абставiн, але i мужнасцю, стойкасцю ў войнах.
І так зажыў Мсціслаў горадам павятовым. Жыццё ягонае ў XIX стагоддзі можна было б назваць нават дрымотным, каб не дзве акалічнасці. Першая: як і раней, не абыходзілі яго бокам розныя навалы і войны. Другая: рэдка які павятовы горад даў Беларусі і ўсёй Расіі так зайздросна многа славутых і высокародных людзей: вучоных (гісторыкаў, археолагаў, этнографаў, лінгвістаў), мастакоў, пісьменнікаў. Аб іх я скажу ў сваім месцы. Цяпер жа — аб грамадскіх патрасеннях.
Не абмінула горад і вайна з Напалеонам 1812 года.
Баграціён ішоў праз Мсціслаў пад Смаленск. Яму ўдалося дзе прарвацца, а дзе і праслізнуць праз французскае войска і злучыцца са сваімі асноўнымі сіламі. Горад занялі французы. Але ён ляжаў на ўзбочыне ад мясцін галоўных бітваў. Калі французская армія адступала, гараджане напалі на французаў у Зарэччы, пабілі частку, а частку прымусілі бегчы.
Увогуле горад на працягу XIX стагоддзя не тое каб перажываў заняпад, а проста жыў так сабе, сяк-так. Паменела каменных будынкаў, стала менш жыхароў (першы прызнак гэтага на тыя часы — змяншэнне колькасці цэркваў: зніклі сярэдневяковыя цэрквы Іллінская, Багаслоўская, Апанасаўская, Прэабражэнская, Мікольская, зніклі кармеліцкі і бернардынскі кляштары), і вельмі паменела сярод гараджан, як і паўсюль на Беларусі, пісьменных людзей.
Ведаю, што мае дадзеныя крыху не супадуць з дадзенымі сучаснай кароткай энцыклапедыі, але я бяру энцыклапедыі тых часоў. А згодна іх у Мсціславе па перапісу 1896 года лічылася 8467 чалавек, (з іх 38 працэнтаў пісьменных, 62 працэнты непісьменных). Шлюбаў сорак, нованароджаных 272 (146 хлопцаў і 126 дзяўчынак), памерла 126, прырост 146. Так званых "фабрык і заводаў" 13 з 35 рабочымі і вытворчасцю на сумму 20687 рублёў. Бальніц 3, багадзельняў 4, гарадское трохкласнае вучылішча, парафіяльнае і духоўнае вучылішчы, 3 бібліятэкі, 2 кніжныя крамы.
Заводы былі вапенныя, гарбарныя, свечныя, піваварныя і мылаварныя, 4 цагельні, 2 млыны, 6 крупадзёрак, 2 маслабойні.
У 1889–1902 гадах выходзіла першая мсціслаўская штотыднёвая газета "Белорусский комиссионер".
Першая сацыял-дэмакратычная група рабочых-іскраўцаў узнікла ў 1903 годзе і ў 1905 годзе, у маі, аформілася ў Мсціслаўскую арганізацыю РСДРП. Уваходзіла ў Палескі камітэт РСДРП (б). Налічвала ў канцы 1905 года 61 чалавек.
Распаўсюджвала нелегальныя лістоўкі і брашуры, вяла агітацыю (была звязана з Магілёўскай арганізацыяй, Смаленскім камітэтам РСДРП, з Замежным бальшавіцкім цэнтрам), у 1905 годзе арганізавала двухтыднёвую забастоўку рамеснікаў і рабочых майстэрняў Мсціслава. 1 мая 1906 года правяла дэманстрацыю працоўных і мітынг каля муроў Тупічэўскага манастыра. Вынікам яе агітацыі былі дзесяць сялянскіх выступленняў на працягу 1905–1906 гадоў. На падаўленне іх даслана была пяхота, казакі і паліцыя. З падаўленнем першай рэвалюцыі аслабнула і дзейнасць арганізацыі, якая крыху ажывілася толькі недзе каля 1910 года, пасля чаго звестак пра яе аж да лютага 1917 года не было.
Падзеі пачатку XX стагоддзя, хочаш не хочаш, трэба падаваць пункцірам. Звестак (у тым ліку статыстычных) мала, яны няпоўныя, а часам і няпэўныя. Таму можна гаварыць толькі пра рэчы несуменныя, а іх не так многа.
На пачатку XX стагоддзя ў Мсціславе ўжо былі мужчынская і жаночая гімназіі, чатырохкласнае духоўнае вучылішча, мужчынскае і жаночае ніжэйшыя вучылішчы, дзве царкоўна-парафіяльныя школы, пачатковае вучылішча пры Тупічэўскім манастыры і народнае вучылішча. У 1914 годзе сюды эвакуіравалі з Панявежа настаўніцкую семінарыю (на яе базе ў лістападзе 1925 года адкрыўся Мсціслаўскі педтэхнікум).
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў горадзе пачала выходзіць газета "Мстиславский голос", у сакавіку гараджане разагналі царскую адміністрацыю, 15 мая быў арганізаваны першы прафсаюз рабочых і служачых, у лістападзе ўстаноўлена Савецкая ўлада, 10 снежня арганізавана РКП(б), 10 студзеня 1918 года ў гарадскім клубе-тэатры "Ратонда" на мітынгу рабочых, салдат і матросаў абвешчана стварэнне Часовага рэвалюцыйнага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а 24 студзеня 1918 года адбыўся першы павятовы з'езд Саветаў. У сакавіку 1918 года адбыўся другі павятовы з'езд Саветаў, на якім старшынёй выканкома абралі бальшавіка Ф. М. Малахоўскага, а павятовым камісарам А. Л. Юрчанка (у ліпені 1919 года ён стаў старшынёй выканкома).