Шрифт:
Я не ведаю, на жаль, прозвішча сапраўднага героя гэтай ночы. Хтось, хто ведаў дарогу (а як яе было знайсці ў гэтым пекле — не ведаю) усё ж пайшоў у Ходасы, і не збіўся, дайшоў і прывёў не дапамогу людзей.
Раптам я ўбачыў чалавека ў расхрыстаным кажусе. Твар чырвоны, мокры. З'явіўся і прывёў бульдозеры начальнік міліцыі. Гледзячы на яго, на бульдозер і бульдазерыста ў нязмерным кажусе, я ўпершыню падумаў, што, мабыць, не прападзём, а можа і не будзем кукаваць да раніцы, прыгода таксама не з прыемных.
А пасля яшчэ адно ўсмешлівае аблічча за шклом машыны, у якую я залез сагрэццца: першы сакратар райкома Пятро Міхайлавіч Катушкін, добры, просты мужык. І з калегамі, што вярталіся з Магілёва і таксама ўгрузлі. Сядзім, значыцца, разам. Значыцца, вышэй галаву.
— Давайце ў маю машыну. Замерзнеце.
У ягонай машыне замерзнуць было цяжка: набілася ў яе аж сем чалавек. А наперадзе раўлі ў чырвона-белай імгле вялізныя, як вежы, бульдозеры, рассоўваючы снег (дарэчы, калі ехалі пасля дадому, заносы паабапал дарогі на тым месцы былі ў два-тры чалавечыя росты: словам, "наш" занос быў найлепшы, найпрыгажэйшы, самы выдатны, — ледзь не сказаў "самы прагрэсіўны", — нам пашанцавала трапіць менавіта ў такі, самы здаровы і велізарны занос).
Бурыліся снежныя вежы, узнікалі і зноў бурыліся. Першую "Волгу" "УАЗ" узяў на буксір, а за ёй паступова, у снегавым тунелі пасунуліся мы.
І яшчэ васемнаццаць кіламетраў роў падвеў і шалела неба, але гэта ўжо не было так дзіка і безнадзейна, як у мёртвай лагчыне.
А пасля ўзнік, у дзве гадзіны ночы, Мсціслаў. У глыбокім, мёртвым, буранным сне. Чорныя дрэвы прысадаў і садоў гнуліся і мялі, неба і дамы спалі ў іхняй засені пад спевы ўраганаў. Як тысячу год назад.
Чаму такі ўступ. Без яго ніхто не паверыў бы таму, што і сам я ўпершыню ў жыцці ўбачыў на свеце і больш, мабыць, ніколі не пабачу. Таму, што здарылася ў Мсціславе на наступны дзень.
А сведкі таму тыя, з кім я ў гэты дзень хадзіў па горадзе і ўсе жыхары Мсціслава.
Усе як адзін. Ад дзіцяці да пенсіянера. Ад настаўніка да дырэктара прафтэхвучылішча. Ад шафёра да сакратара, хаця яму ў той дзень зусім не было часу глядзець навокал і, тым больш, на неба.
Вар'яцкі буран мінулай ночы паваліў слупы, абарваў і некуды занёс драты, адключыў ад электрычнасці па вобласці дзевяноста фермаў і вёсак (у раёне, здаецца, дзевяць), перакрыў снегавымі хрыбтамі дарогі, нарабіў мноства іншых бед.
І мне падумалася ў той дзень, што цяжка, вядома, адказваць за сваю душу і сваё сумленне, як гэта ўсё жыццё даводзілася рабіць мне, але адказваць за мноства рэчаў, над якімі ты часам не ўласны, таксама складана, калі ты сумленны перад сабой і людзьмі.
І яшчэ я падумаў, што паняцце міру — рэч досыць умоўная, таму што лёс часам ставіць як асобу, так і грамаду ў самы, здаецца, мірны час ледзь не ва ўмовы перадавой. Як у гэтую ноч, калі шафёр кінуў машыну з камбікормам (і правільна зрабіў, бо загінуў бы), калі абясточана ферма, а на ёй у разгары ацёл, калі сувязі з многімі пунктамі няма. А тут яшчэ з'явіўся пісьменнік: знайшоў час зірнуць на раён, пра які збіраецца сказаць некалькі слоў. І каб хаця напісаў шырокую карціну таго, што робіцца, каб хаця нешта станоўчае прапанаваў, каб хаця… пашкадаваў ці што, бо гэтаму хлебу не пазайздросціш.
Дык не, не зробіць ён гэтага. Правільна, не зраблю. Мэта не тая. А мэта мая у тым, каб расказаць усім аб малым, непрыкметным, ледзь не самым далёкім ад сталіцы раёне і паспрабаваць пасяліць у вашых душах (і ў душах усіх, хто прачытае гэта) гонар за яго, за продкаў сваіх і за сябе, якія не горшыя.
Вы робіце ўсё, каб зямля працвітала, каб край ваш быў уладкаваны, сыты, прыбраны і багаты. Я не магу непасрэдна памагчы вам у гэтым. Але я магу прымусіць вас азірнуцца.
Я магу зрабіць так, каб вы ясней убачылі прыгажосць вашай прыроды і вашых будынкаў. Я магу расказаць вам пра забытыя і напалову забытыя подзвігі і ўчынкі вашых продкаў. Пра тую прыгажосць, што яны стварылі і кнігі, што яны пісалі.
Я магу напомніць вам, Мсціслаўцы, і іншым людзям, што на многіх шляхах чалавечай дзейнасці вы былі першыя, што ваш малы горад зрабіў для прагрэсу краіны больш, чым некаторыя вялікія і славутыя гарады.
Я магу нагадаць вам, што вы людзі з мінулым, славе і мужнасці, розуму і таленту якога могуць пазайздросціць многія, і што толькі ад вас залежыць, каб гэтая слава тых, хто заўсёды ідзе наперадзе, не прапала ў будучых вяках, каб вы заўсёды былі поўныя незалежнай высокай годнасці ў кожным слове і ў кожным учынку, годнасці тых, хто ніколі не плёўся ў хвасце, хто быў і будзе ў ліку лепшых.
І, магчыма, гэтым я зраблю так, што вам будзе лягчэй жыць, што вы знойдзеце ў сабе сілу выстаяць у хвіліну, якая будзе патрабаваць ад вас мужнасці.
Бо ваш горад з найлепшых гарадоў Беларусі, бо ён малы, але вялікі. Бо вы беларускага старадаўняга кораню, людзі з адвечным глыбінным усведамленнем таго, што ўсю гісторыю вы рабілі справу жыцця (аралі і пісалі кнігі) як мага найлепш, і павінны гэта і надалей. Павінны не нейкаму дзядзю, павінны толькі сабе.
…Узыходзіла ў той дзень усё вышэй чырвонае ад трыццаціградуснага марозу сонца. І па меры таго, як яно ўзыходзіла — вочы вашы ўсё шырэй раскрываліся ад здзіўлення. І вось тут мне і патрэбныя сведкі. Бо дзіву, што ў той дзень убачыў, могуць і не паверыць. Скажуць, што выдумаў небывалае пра звычайны горад.